БАМАРШЭ́

(Beaumarchais) П’ер Агюстэн Карон дэ (24.1.1732, Парыж — 18.5.1799),

французскі драматург. Першыя п’есы «Яўгенія» (1767) і «Два сябры» (1770) напісаны ў традыцыях «мяшчанскай драмы». Бліскучы ўзор асветніцкай публіцыстыкі — «Мемуары» (1773—74), скіраваныя супраць каралеўскай юстыцыі. Вяршыня творчасці Бамаршэ — п’есы з трылогіі пра Фігаро «Севільскі цырульнік» (1775) і «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» (1785; пер. на бел. мову А.Дудар, 1936), у якіх адлюстраваны канфлікт паміж трэцім саслоўем і дваранствам напярэдадні Франц. рэвалюцыі 1789—94, адноўлены традыцыі сатыр. камедый Мальера і А.Р.Лесажа, найбольш яскрава выяўлены тэндэнцыі асветніцкага рэалізму. У заключнай частцы трылогіі «Злачынная маці» (1794) на першы план выходзяць маральныя праблемы і традыцыі драмы сентыменталізму. Аўтар лібрэта оперы «Тартар» (1787). Выдаў поўны збор твораў Вальтэра (1784—89). На сюжэты камедый Бамаршэ напісаны оперы «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта (1786) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1816).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произведения Т. 1—2. М., 1966;

Драматические произведения;

Мемуары М., 1971.

Літ.:

Грандель Ф. Бомарше: Пер. с фр. 2 изд. М., 1985;

Пьер Огюстен Карон де Бомарше: Биобиблиогр. указ. М., 1980.

Г.В.Сініла.

т. 2, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)