АПЫТА́ННЕ,

метад збору пачатковай інфармацыі для сацыялагічных, эканам., псіхал. і інш. даследаванняў ад пэўнай сукупнасці людзей (рэспандэнтаў). Мэта апытання — атрыманне інфармацыі пра аб’ектыўныя (падзеі, працэсы) або суб’ектыўныя (меркаванні, погляды, настроі) з’явы. Як метад сацыяльнага даследавання ўзнікла ў 19 ст. Упершыню праведзена ў 1824 у ЗША. Адрозніваюць апытанні пісьмовыя (анкетаванне) і вусныя (інтэрв’ю), экспертныя і масавыя, вочныя і завочныя (паштовыя, тэлефонныя), аднаразовыя і шматразовыя, выбарачныя і суцэльныя (рэферэндумы) і інш. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь прадугледжвае выкарыстанне апытання ў форме рэферэндумаў для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця. Масавыя апытанні разам з пазнавальнай выконваюць функцыю дэмакратызацыі грамадства. Тэрмін «апытанне» абазначае таксама элементы збору любой інфармацыі, носьбітам якой з’яўляецца чалавек (апытанне пацыентаў у мед. установе, студэнтаў на экзамене і інш.).

С.​А.​Яцкевіч.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРАНО́ВІЧ (Антон Васілевіч) (н. 30.10. 1959, г. Беласток, Польшча),

бел. гісторык у Польшчы, грамадска-культ. дзеяч. Д-р гуманіт. н. габілітаваны (1997), праф. (1998). Скончыў філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1982). З 1986 выкладаў у Ін-це гісторыі Варшаўскага ун-та, потым у Ін-це гісторыі ў Беластоку (філіял Варшаўскага ун-та). Старшыня Бел. асветніцкага т-ва ў Польшчы (1999), першы старшыня Бел. гіст. т-ва ў Польшчы (1993—96), нам. старшыні Бел. дэмакр. аб’яднання ў Рэспубліцы Польшча. Даследуе гісторыю правасл. царквы ў Польшчы і краінах Усх. Еўропы, бел.-польскія культ. сувязі ў эпоху феадалізму, праблемы бел. нац. меншасці ў Польшчы. Аўтар кніг «Супрасль як культурна-рэлігійны цэнтр у XVI ст.» (1984), «Падляшскія праваслаўныя цэнтры і арганізацыі ў XVI і XVII ст.» (1991), «Праваслаўе і унія ў часы панавання Яна Казіміра» (2-е выд. 1997) і інш.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫШЧЫ́НСКІ (Казімір) (4.3.1634, маёнтак Лышчыцы Брэсцкага р-на — 30.3.1689),

бел. мысліцель, грамадскі дзеяч і педагог. Скончыў Брэсцкі езуіцкі калегіум (1648), працягваў адукацыю ў Кракаве, Калішы. Працаваў выкладчыкам у Львове, памочнікам рэктара Брэсцкага езуіцкага калегіума, настаўнічаў у школе, якую заснаваў у родным маёнтку Лышчыцы. У 1682 прызначаны падсудкам брэсцкага земскага суда. Выбіраўся паслом на сейм (1669—74). 30.8.1686 Л. быў адлучаны ад царквы, а ў 1688 частка яго рукапіснага трактата «Аб неіснаванні Бога» была выкрадзена і перададзена ў суд, што паслужыла падставай для прызнання Л. атэістам і яго зняволення. Паводле прыгавору сеймавага суда ён быў абезгалоўлены і спалены на кастры на пл. Старога Рынку ў Варшаве. Светапогляд Л. сфарміраваўся пад уплывам гуманіст. традыцый мысліцеляў антычнасці, Адраджэння і рацыяналізму радыкальнай плыні ідэолагаў Рэфармацыі. Атэістычныя погляды Л. ўтвараюць цэласную сістэму, якая пабудавана на строгіх лагічных доказах. Адмаўляючы Бога як стваральніка свету, лічыў, што прырода развіваецца па ўласных законах. Усе вучэнні пра Бога разглядаў як ілжывыя, а Стары і Новы запаветы як выдумкі Майсея і Хрыста. Лічыў Бога стварэннем чалавечага розуму, адмаўляў тройцу, бессмяротнасць душы, замагільны свет, уваскрэсенне з мёртвых. Упершыню ў айч. філас. думцы ўказаў на гнасеалагічныя, псіхал. і сац. прычыны ўзнікнення рэліг. вераванняў. Падзяляў некаторыя ідэі утапічнага сацыялізму, у т. л. аб сац. роўнасці, жадаў бачыць «свет без улады, гарады без начальнікаў, народы без гаспадароў», адстойваў вяршэнства грамадзянскага шлюбу перад царкоўным.

Літ.:

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978;

Прокошина Е.С., Шалькевич В.Ф. Казимир Лыщинский. Мн., 1986;

Nowicki A. Kazimierz Luszczyński, 1634—1689. Lódź, 1989.

С.​А.​Яцкевіч.

К.Лышчынскі. Мастак С.​Свістуновіч.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ТАД (ад грэч. methodos шлях даследавання або пазнання, тэорыя, вучэнне),

спосаб пазнання, сукупнасць прыёмаў і аперацый практычнага і тэарэт. асваення рэчаіснасці. М. могуць быць прыёмы навук. даследавання і маст. творчасці, сістэмы аперацый у тэхніцы, прам-сці, сельскай гаспадарцы і інш. У філасофіі пад М. разумеюць пэўны спосаб пабудовы і абгрунтавання сістэмы філас. і навук. ведаў. Зыходныя ўяўленні аб М. сфарміраваны ў антычнасці, але сістэмнае вывучэнне і распрацоўка М. адносіцца да Новага часу і звязана з узнікненнем і развіццём эксперым. навукі. Пачынальнік метадалогіі доследнай навукі Ф.​Бэкан параўноўваў М. з паходняй, якая асвятляе шлях у цемры. Выключная рознатыповасць аб’ектаў навукі і чалавечай практыкі абумоўліваюць разнастайнасць М., таму спробы выпрацаваць універсальны, прыдатны да пазнання ўсіх з’яў і аб’ектаў М. не прывялі да поспеху. Адрозніваюць агульныя М., якія выкарыстоўваюцца ў працэсе як навук., так і звычайнага пазнання, а таксама ў практычнай дзейнасці, і навук. М., уласцівыя толькі навук. пазнанню. Навук. М., у сваю чаргу, падзяляюцца на агульнанавуковыя, якія выкарыстоўваюцца ў розных галінах навукі, і канкрэтна-навук., або спецыяльныя, якія ўжываюцца ў рамках асобных навук. дысцыплін. Тэндэнцыя інтэграцыі навук. ведаў вядзе да пашыранага выкарыстання М. адных навук у інш. навуках, што актуалізуе пытанне пра М. міждысцыпліннага даследавання. У залежнасці ад суаднясення з вопытам вылучаюць М. эмпірычныя і тэарэтычныя; адрозніваюць таксама лагічныя М., звязаныя з абстрактным, разумовым узроўнем пазнання (аналіз, сінтэз, індукцыя, дэдукцыя, аналогія і інш.), і практычныя М., непасрэдна звязаныя з матэрыяльнай, практычна-прадметнай дзейнасцю (назіранне, рэальны эксперымент і інш.). Павялічваецца роля М. навук.-тэхн. творчасці, дзе навук. пошук спалучаецца з вынаходствам і дзе творца спалучае ў сабе якасці даследчыка і інжынера. У залежнасці ад мэты М. падзяляюць на эўрыстычныя (скіраваныя на адкрыццё новага) і алгарытмічныя. Паводле характару дэтэрмінацыі адрозніваюць адназначна дэтэрмінаваныя і імавернасныя М. Ужываецца таксама класіфікацыя М. на колькасныя і якасныя. У залежнасці ад сферы выкарыстання бываюць М. хім., фіз., біял., лінгвістычныя, сацыялагічныя і інш. Развіццё М., іх ускладненне і дыферэнцыяцыя абумовілі стварэнне вучэння аб М. — метадалогіі.

Літ.:

Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;

Степин В.С., Елсуков А.Н. Методы научного познания. Мн., 1974;

Кочергин А.Н. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ (НТР),

карэннае, якаснае пераўтварэнне навукі, тэхнікі, сістэмы прадукц. сіл на аснове ператварэння навукі ў вядучы фактар развіцця вытв-сці. НТР пачалася з сярэдзіны 1940-х г., яе перадумовы створаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з шэрагам адкрыццяў у прыродазнаўчых навуках. Уплывае на ўсе бакі жыцця грамадства, у т. л. на яго сац. і галіновую структуру, культуру, побыт і псіхалогію людзей, змяняе ўмовы, характар і змест іх працы, уздзейнічае на экалагічную сітуацыю, дэмаграфічныя працэсы і інш. Ператварэнне навукі ў непасрэдную прадукц. сілу суправаджаецца ўскладненнем яе структуры, узрастаннем ролі міждысцыплінарных і прыкладных даследаванняў, доследна-канструктарскіх распрацовак як звёнаў, што звязваюць навуку з вытв-сцю. На падставе ўкаранення вынікаў фундаментальных навук. даследаванняў на стыку шэрагу навук узніклі прынцыпова новыя галіны вытв-сці (атамная энергетыка, кібернетыка, радыёэлектроніка, валаконная оптыка, матэрыялазнаўства і інш.), ствараюцца новыя сістэмы тэхналогій — біятэхналогіі, лазернай тэхналогіі і інш. Пры НТР адбываюцца кардынальныя змены ў дачыненні да суб’ектаў вытв-сці — працаўнікоў, растуць патрабаванні да іх ведаў і прафес. падрыхтоўкі, інтэлектуальнага, кваліфікацыйнага і агульнакульт. ўзроўняў, арганізац. здольнасцей (гл. Навукова-тэхнічны патэнцыял). Інтэнсіфікацыя вытв-сці ў эпоху НТР суправаджаецца ўцягненнем у гасп. абарот асн. прыродных рэсурсаў планеты (карысных выкапняў здабываецца штогод да 150 млрд. т), што разам з індустр. забруджваннем, разбурэннем азонавага слоя, парушэннем натуральнага энергет. балансу Зямлі стварае пагрозу экалагічнай катастрофы. Не пазбаўлена супярэчнасцей і асваенне касм. прасторы (дасягненні ў гэтай сферы выкарыстоўваюцца пераважна ў ваен. мэтах). Практычнае выкарыстанне ядзернай энергіі вырашае энергет. праблемы ў шэрагу краін свету (атамныя электрастанцыі, атамныя ледаколы і інш.), разам з тым назапашванне ядз. зброі ставіць пад пагрозу жыццё на Зямлі; выкарыстанне атамнай энергіі ў мірных мэтах таксама ўяўляе сабой небяспеку для жыцця чалавека (аварыя на Чарнобыльскай АЭС). Развіццё і выкарыстанне электронна-выліч. тэхнікі зрабіла рэвалюцыянізуючы ўплыў на ўсе кірункі навукова-тэхнічнага прагрэсу, садзейнічала камп’ютэрызацыі вытв-сці і кіраўніцкай працы, укараненню новых інфарм. тэхналогій (сучасны этап НТР наз. інфармацыйнай рэвалюцыяй, а грамадства — інфармацыйным грамадствам. Наяўнасць практычна па кожным з кірункаў НТР магчымасці атрымання станоўчых і адмоўных вынікаў патрабуе ў кожным канкрэтным выпадку ўлічваць навук.-тэхн. і вытв.-тэхнал. фактары і сац. складальныя НТР.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 11, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,

добраахвотныя аб’яднанні спецыялістаў і інш. асоб, якія маюць на мэце правядзенне навук. даследаванняў, садзейнічаць развіццю пэўнай галіны навукі. Асн. задачы Н.т.: распаўсюджванне навук. ведаў, далучэнне спецыялістаў да ўдзелу ў вырашэнні задач адпаведнай галіны навукі, садзейнічанне навук.-арганізац. кансалідацыі вучоных з мэтай павышэння эфектыўнасці даследаванняў і ўкаранення іх вынікаў у практыку і інш. Адыгрываюць важную ролю ў развіцці міжнар. навук. супрацоўніцтва. Асн. метады; арг-цыя лекцый і дакладаў, правядзенне навук. канферэнцый, семінараў, кангрэсаў, публікацыя вынікаў навук. даследаванняў і абмен навук. інфармацыяй, правядзенне незалежных пазаведамасных экспертыз навук. і навук.-тэхн. праектаў, падрыхтоўка аналіт. даведак, прагнозаў, прапаноў па пэўных кірунках навук. дзейнасці, ажыццяўленне навук. даследаванняў у розных формах, пошукавых, краязнаўчых работ і інш. Паводле статуса бываюць міжнар., нац., рэсп., рэгіянальныя і інш.; адрозніваюць таксама па ступені ахопу галін навукі, характары дзейнасці, па формах узаемадзеяння з дзярж. навук. ўстановамі і характары сувязей з навук. грамадскасцю і інш. Крыніцы фінансавання: членскія ўзносы, даходы ад выдавецкай дзейнасці і мерапрыемстваў, дзярж. субсідыі, ахвяраванні прыватных асоб, спонсарская падтрымка і інш.

Узніклі яшчэ ў глыбокай старажытнасці (4—3 ст. да н.э.), часам пад назвай акадэмій (Платонаўская акадэмія, Александрыйскі мусеян, «Дом мудрасці» ў Багдадзе, Акадэмія Мамуна ў Харэзме і інш). З 15—16 ст. як прафес. аб’яднанні вучоных. У 17 ст. з’явіліся спецыялізаваныя Н.т. (геагр., мед. і інш.). Універсальныя Н.т. часам станавіліся нац. навук. цэнтрамі, напр., Лонданскае каралеўскае т-ва. На Беларусі нефармальныя аб’яднанні навукоўцаў узніклі разам з заснаваннем навуч. устаноў і аб’ядноўвалі выкладчыкаў і студэнтаў па навук. інтарэсах. Важную ролю ў арг-цыі работы па вывучэнні роднага краю адыграла дзейнасць філаматаў і філарэтаў, Віленскай археалагічнай камісіі і інш. Н.т.

У Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць (1999): Н.т. кардыёлагаў, гігіеністаў, глебазнаўцаў, архівістаў; хім., геагр., бат. і інш. Асн. мэтам Н.т. адпавядае дзейнасць грамадскіх акадэмій (Міжнар. акадэмія вывучэння нац. меншасцей, Міжнар. акадэмія арганізац. і кіраўніцкіх навук, Бел. акадэмія сац. навук і інш.), асацыяцый (Міжнар. асацыяцыя беларусістаў, Бел. асацыяцыя геадэзістаў і картографаў і інш.), цэнтраў (Бел. цэнтр канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых даследаванняў і інш.). Рэсп. Н.т. маюць аддзяленні ў рэгіёнах, міжнар. Н.т. — і за мяжой. Шэраг Н.т. створаны непасрэдна ў рэгіёнах, дзейнічаюць пры асобных НДІ і ВНУ.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 11, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУЧА́ННЕ,

мэтанакіраваны працэс перадачы і засваення ведаў і практычных навыкаў, фарміраванне ўменняў іх выкарыстання; сродак усебаковага развіцця і падрыхтоўкі асобы да жыццядзейнасці. Пры Н. рэалізуюцца мэты адукацыі і выхавання. У аснову Н. пакладзены гал. прынцыпы дыдактыкі. Ажыццяўляецца ў навуч. установах рознага тыпу (школа, каледж, ун-т і інш.), у сям’і, на вытв-сці і інш. сферах жыццядзейнасці чалавека. Мэты і задачы Н. змяняюцца гістарычна, абумоўлены ўзроўнем матэрыяльнага і духоўнага развіцця грамадства і залежаць ад функцый навуч. устаноў. У розных грамадствах існуюць адметныя сістэмы каштоўнасцей, што ўплывае на дыферэнцыяцыю метадаў і праграм Н. У залежнасці ад крыніцы ведаў метады Н. падзяляюць на славесныя (тлумачэнне, урок-дыскусія, гутарка, лекцыя і інш.), наглядныя (экскурсія, дэманстрацыя ілюстрацый, дыяпазітываў, кінафільмаў і інш.) і практычныя (лабараторныя заняткі, праца ў майстэрнях, вытв. практыка і інш.). Метады Н. могуць быць актыўныя, пасіўныя, маналагічныя, дыялагічныя, эўрыстычныя, дагматычныя і інш. Існуюць розныя сістэмы арганізацыі Н. Гістарычна найб. пашыранымі сістэмамі былі індывідуальная (гл. Індывідуальнае навучэнне) і індывід.-групавая. Адной з першых форм масавага Н. з’явілася арганізацыя калектыўнага Н., напр., у брацкіх школах, у дзейнасці якіх выявіліся асн. элементы класна-ўрочнай сістэмы. Імкненне забяспечыць найб. эфектыўнае вырашэнне задач Н. абумовіла пошук новых, нетрадыц. форм і методык (Бел-Ланкастэрская сістэма, батаўская сістэма дыферэнцыраванага Н. ў ЗША, Мангеймская школьная сістэма). У 1920-я г. распрацавана сістэма праектнага Н. (У.​Кіркпатрык, ЗША), у працэсе якога вучні разам з настаўнікам праектуюць рашэнні практычных задач. Вальдорфская сістэма Н. (Р.​Штайнер, Германія), сістэмы М.Мантэсоры (Італія), С.​Фрэнэ (Францыя) і інш. ставяць гал. мэтай раскрыццё індывідуальнасці навучэнца. У сучаснай практыцы Н. выкарыстоўваюцца таксама лекцыйна-семінарская, курсавая, прадметна-курсавая, індывідуальна-брыгадная і інш. навуч. сістэмы. Увайшлі ў практыку праграмаванае Н., элементы праблемнага Н., заснаванага на стварэнні праблемных сітуацый з мэтай актывізацыі пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў, назіраецца тэндэнцыя далейшай гуманізацыі і гуманітарызацыі навучальна-выхаваўчага працэсу (гл. Гуманітарная адукацыя). Набыць веды можна і самаадукацыяй, з выкарыстаннем камп’ютэрных методык.

Літ.:

Баранов С.П. Сущность процесса обучения. М., 1981;

Клингберг Л. Проблемы теории обучения: Пер. с нем. М., 1984;

Оконь В. Введение в общую дидактику: Пер. с пол. М., 1990;

Szkoły dialogu. Warszawa, 1993.

С.​Л.​Яцкевіч.

т. 11, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 16—19 ст. Размяшчаўся на мысе правага берага р. Дняпро. Яго дзядзінец меў форму, блізкую да чатырохвугольніка (пл. больш за 1 га). З захаду пляцоўка дзядзінца ўзвышалася над далінай р. Дубровенка на 20 м, з Пд — над далінай Дняпра на 25 м, з У — на 14 м; з Пн была ўмацавана ровам. Замак пабудаваны ў 1526 на месцы могільніка 12—13 ст. Па перыметры пляцоўку замка ўмацоўваў вал з гліны і пяску, абпаленых для трываласці да цэглападобнага стану. Археал. даследаванні пацвердзілі звесткі Баркулабаўскага летапісу пра замак: «Лета 1526 большой замок зароблен и принято много горы Могилы, на которой теперь замок Могилев стоит». Ад назвы гэтай гары і атрымаў сваю назву замак. У 16 ст. М.з. меў драўляныя ўмацаванні зрубнай канструкцыі, цэйхгаўз для зброі і ваен. рыштунку. Уначы ахоўвала варта. У ваен. час яго абаранялі жыхары Магілёва і воласці, у гароднях замкавых умацаванняў размяшчаліся іх сем’і са сваім скарбам. У час паўстання пад кіраўніцгвам С.​Налівайкі М.з. спалены 13.12.1595, аднак хутка адноўлены, пра што сведчыць інвентар Магілёва за 1604. Замкавыя ўмацаванні складаліся з 7 вежаў і 2—3-ярусных гародняў, пастаўленых на высокім земляным вале. Цераз абарончы роў, які аддзяляў замак ад горада, быў перакінуты драўляны мост на палях. Яго апошні пад’ёмны пралёт — «узвод на ланцугах» — падводзіў да 5-яруснай «Горнай брамы». Астатнія 6 вежаў былі 3—5-ярусныя, а «Дольная» брама мела 4 ярусы. З боку замка да Дняпра і Дубровенкі вялі 2 патаемныя хады. Сцены гародняў і вежаў мелі таўшчыню ў 1—2—3 бервяны, з боку поля іх рабілі больш магутнымі і звычайна абмазвалі глінай. У 1633 замак згарэў, але праз 2 гады адноўлены 2 брамы і сцены ў выглядзе 1—2-раднага частаколу. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 з 6.2 да 1.5.1655 М.з. вытрымаў аблогу казацкіх войск, ад падкопаў замкавы вал моцна пацярпеў. У 1655—60 замак аднавілі і рэканструявалі: з трох бакоў пабудавалі бастыёны, на дзядзінцы — разнастайныя гасп. пабудовы (пазней двойчы гарэлі). Бастыённыя ўмацаванні замка ў пач. 19 ст. знівеліраваны. Археал. даследаванні замка праводзілі М.​А.​Ткачоў (1982), З.​Л.​Яцкевіч (1990), І.​М.​Марзалюк (1992—96). У выніку даследаванняў Марзалюка даказана, што на гары Магіла ў 12—13 ст. існавала ўмацаванае слав. паселішча.

І.​А.​Марзалюк, М.​А.​Ткачоў.

т. 9, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАДАЛО́ГІЯ,

1) сукупнасць прыёмаў даследавання, якія ўжываюцца ў якой-н. навуцы.

2) Вучэнне пра метады навук. пазнання і пераўтварэнне свету, ужыванне навук. светапоглядных прынцыпаў да працэсу тэарэт. пазнання і практыкі. Пытанні М. пазнання былі аб’ектам увагі яшчэ ў антычнасці, калі Арыстоцель распрацаваў вучэнне аб катэгорыях як арганізуючых формах пазнання (сваю лагічную сістэму ён называў «арганонам» — універсальным сродкам ісціннага пазнання). У сярэдневякоўі праблемы М. не выходзілі за рамкі лагічных пабудоў. У новыя часы М. набыла самастойны статус у сістэме навук. ведаў. Англ. філосаф Ф.​Бэкан упершыню ўзброіў навуку распрацоўкай індукцыйнага метаду, шляхам абгрунтавання ролі эмпірычных метадаў у пазнанні. Франц. вучоны Р.​Дэкарт паставіў на першы план распрацоўку рацыяналістычных асноў М. пазнання, выкарыстанне дэдуктыўнага метаду. Спроба пераадолець абмежаванасць рацыяналістычнай і эмпірычнай плыней у М. была зроблена прадстаўнікамі ням. класічнай філасофіі І.​Кантам, І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінгам, Г.​Гегелем, якія ажыццявілі пераход да распрацоўкі дыялектычнай М. ў яе ідэаліст. форме. Пры гэтым дыялектыка разглядалася як усеагульны метад пазнання і духоўнай дзейнасці. Пераапрацаваныя на матэрыяліст. аснове дыялект. прынцыпы былі пакладзены ў аснову марксісцкай М. Дыялектычна-матэрыяліст. М. (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін) зыходзіць з таго, што навук. пазнанне магчыма толькі тады, калі яно адлюстроўвае аб’ектыўныя законы прыроды і грамадства. Надаючы такой М. рысы ўсеагульнасці, марксізм разглядае яе таксама як сродак рэвалюцыйна-практычнага пераўтварэння рэчаіснасці.

Патрэбы навукі і практыкі 20 ст. абумовілі ператварэнне М. ў спецыялізаваную галіну ведаў. У адрозненне ад тэорыі пазнання, аб’ектам якой з’яўляецца пазнавальная дзейнасць у цэлым, М. акцэнтуе ўвагу на структурнай арганізацыі і сродках пазнання, унутр. механізмах і логіцы развіцця ведаў. Змястоўны аспект М. ўключае ў сябе такія праблемы, як: структура навук. ведаў увогуле і навук. тэорый у прыватнасці; структура і аперацыянальны склад метадаў навукі; крытэрыі навуковасці; заканамернасці нараджэння, функцыянавання і змены навук. тэорый; паняційны апарат навукі і прынятыя ў ёй спосабы тлумачэння; умовы і межы выкарыстання канкрэтных сродкаў М. і інш. Фармальны аспект М. ўключае фармалізаваныя і фармальныя метады даследавання; мову навукі; тыпалогіі сістэм ведаў і г.д. Істотны ўклад ў распрацоўку гэтага кірунку М. зрабілі прадстаўнікі неапазітывізму, якія шырока выкарыстоўвалі метады фармальнай логікі для аналізу навук. ведаў.

Літ.:

Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;

Горский Д.П. Проблемы общей методологии наук и диалектической логики. М., 1966;

Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫТРЫНІТА́РЫІ (ад анты... + лац. trinitas тройца),

прыхільнікі хрысц. плыняў і абшчын, якія адмаўляюць догмат пра трыадзінства Бога (Тройцу). Рух і вучэнне антытрынітарыяў бяруць пачатак у 2—3 ст., калі ўсталёўваліся асн. догматы хрысціянства. Вучэнне асуджана Усяленскімі саборамі, але ў сярэднія вякі яго прытрымліваліся прыхільнікі наміналізму, асобныя ерэтычныя рухі. Нярэдка ідэі антытрынітарызму былі своеасаблівай праявай вальнадумства. У сваіх поглядах антытрынітарыі абапіраліся на вучэнне неаплатанізму, пантэізм, зыходзілі з таго, што першапачатковае хрысціянства не прадпісвала ніякіх догматаў. Веру ў Тройцу яны лічылі лагічным непаразуменнем, народжаным недасканаласцю схаластычнага мыслення. З адмаўленнем Тройцы антытрынітарыі спалучалі пераасэнсаванне боскай прыроды Хрыста, што падрывала хрысц. версію замагільнага жыцця. Многія антытрынітарыі лічылі смерць натуральным працэсам, Святы дух трактавалі не як самастойную субстанцыю, а як атрыбут Бога-айца. Яны патрабавалі ўзгаднення палажэнняў рэлігіі з розумам, адстойвалі права кожнага чалавека свабодна чытаць і інтэрпрэтаваць Біблію.

Распаўсюджанне ідэй антытрынітарызму на Беларусі ў 16 ст. звязана з рэфармацыйным рухам у Зах. Еўропе, прадстаўнікі якога (Г.​Бляндрата, П.​Альтыяці, В.​Джэнтылі і інш.) наведвалі Беларусь. Умацаванню руху антытрынітарыяў на Беларусі садзейнічалі таксама творы ісп. мысліцеля М.​Сервета «Сем кніг памылковых поглядаў на Тройцу», «Аднаўленне хрысціянства» і інш. На аснове рэліг. рацыяналізму антытрынітарыяў фарміравалася айч. атэістычная думка (К.​Бекеш, С.​Лован, Ф.​Даманеўскі, Ян Ліцыній Намыслоўскі, К.​Лышчынскі і інш.). У 16 ст. ў руху антытрынітарыяў на Беларусі ўтварыліся 2 кірункі: памяркоўны і радыкальны. Прадстаўнікі першага (С.​Будны, В.​Цяпінскі і інш.) для абгрунтавання сваіх поглядаў выкарыстоўвалі ант. спадчыну і абвяргалі апалагетыку схаластыкі, якая пры дапамозе сафістыкі імкнулася абараніць хрысц. догматы. Яны адзначалі непазбежнасць сац. расслаення грамадства, выступалі ў абарону дзярж. ладу, былі прыхільнікамі яго паступовага эвалюц. ўдасканалення. Ідэолагі радыкальнай плыні (Якуб з Калінаўкі, Пётр з Ганёндза, Павел з Візны, М.​Чаховіц), якія адстойвалі інтарэсы і грамадскія ідэалы нар. масаў, імкнуліся не да часовых рэформаў, а да радыкальных сац.-паліт. пераўтварэнняў, выступалі супраць прыватнай уласнасці, саслоўных прывілеяў, сац. і маёмаснай няроўнасці, патрабавалі скасавання дзярж. ін-таў. Большасць з іх адмоўна ставілася да філас. і тэалагічнай спадчыны, прызнавала толькі аўтарытэт Свяшчэннага пісання і асабістай веры. Важную ролю ў рацыяналізацыі дактрыны антытрынітарыяў, ператварэнні яе з рэліг. у філас. адыграла распаўсюджанне на Беларусі сацыніянства. Антытрынітарыі зазналі ганенне каталіцкай царквы і артадаксальнага пратэстантызму. У 1647 друкарні і школы антытрынітарыяў зачынены, а ў 1658—60 іх паслядоўнікі выгнаны з Рэчы Паспалітай. Вучэнне антытрынітарыяў працягвае існаваць, яго прытрымліваюцца многія пратэстанцкія абшчыны.

Літ.:

Падокшын С.А. Філасофская думка эпохі Адраджэння ў Беларусі: Ад Францыска Скарыны да Сімяона Полацкага. Мн., 1490;

Саверчанка І.В. Сымон Будны: Гуманіст і рэфарматар. Мн., 1993;

Szczucki L. Antytrynitaryzm w Europie wschodniej // Odrodzenie i Reformacja w Polsce. 1979. T. 24.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 1, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)