ФАКТ (ад лац. factum зробленае, здзейсненае),

сапраўдная падзея, здарэнне ці з’ява; веды, праўдзівасць якіх даказана. Адрозніваюць Ф. аб’ектыўны і навуковы. Аб’ектыўны Ф. уяўляе сабой пэўную падзею ці з’яву, якія складаюць аб’ект чалавечай дзейнасці ці пазнання. Навуковы Ф. — адлюстраванне аб’ектыўнага Ф. ў чалавечай свядомасці пры дапамозе натуральнай ці штучнай мовы. У логіцы і метадалогіі навукі Ф. разглядаюцца як выказванні, якія фіксуюць эмпірычныя веды і проціпастаўляюцца тэарэт. ведам. У разуменні ролі Ф. ў навуцы склаліся 2 процілеглыя тэндэнцыі: фактуалізм (адстойвае аўтаномнасць Ф. адносна тэарэт. ведаў) і тэарэтызм (абгрунтоўвае залежнасць Ф. ад тэорыі). Тэорыя ўтварае канцэптуальную аснову Ф., фарміруе мову, на якой яны апісваюцца. Ф. адыгрываюць незаменную ролю ў працэсе верыфікацыі і фальсіфікацыі тэорый.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)