ЦЭ́ЛАСНАСЦЬ,

абагульненая ўласцівасць аб’ектаў, што маюць складаную ўнутр. будову, якая характарызуецца адзінствам і ўзаемаабумоўленасцю іх частак. У залежнасці ад характару ўзаемасувязі частак вылучаюць структурны, функцыян., генет. тыпы Ц. У адрозненне ад адытыўнасці інтэгратыўныя якасці, што складаюць спецыфіку Ц., прынцыпова новыя ў параўнанні з уласцівасцямі ч. аб’екта і не зводзяцца да апошніх. Паняцце «Ц» адлюстроўвае ўнутр. інтэграванасць і самадастатковасць сістэмы, паказвае недастатковасць тлумачэння яе функцыянавання і развіцця на падставе толькі вонкавых пабуджальных прычын. Спасціжэнне Ц. аб’екта дазваляе выявіць унутр. заканамернасці, якія абумоўліваюць яго якасную своеасаблівасць. Характэрная асаблівасць вышэйшых форм Ц. (біял., сац.) — самаразвіццё і самаўзнаўленне частак. На станаўленне ўяўленняў аб Ц. паўплывалі гештальтпсіхалогія, культ. антрапалогія, сінт. тэорыя эвалюцыі. Паняцце «Ц.» выступае зыходным пунктам сістэмнага падыходу. Гл. таксама Частка і цэлае.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 17, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)