ПРАМА́Я МО́ВА,

спосаб перадачы чужога выказвання, пры якім захоўваюцца ўсе яго лексічныя, граматычныя, стылістычныя і інтанацыйныя асаблівасці. Складаецца са слоў апавядальніка (аўтара) і чужога выказвання, якое перадаецца апавядальнікам ад імя пэўнага персанажа. Абедзве гэтыя часткі на пісьме выдзяляюцца графічна, у маўленні — інтанацыйна. Структурна-аргаганізац. цэнтр П.м. — пераважна дзеясловы і дзеепрыслоўі са значэннем маўлення і думкі або іх эквіваленты (назоўнікі і словазлучэнні з той жа семантыкай), якія знаходзяцца ў мове аўтара. Да іх бяззлучнікавым спосабам (інтанацыйна) далучаецца чужая мова. Аўтарскія словы займаюць свабоднае месца: могуць стаяць перад чужой мовай, за ёю або ў сярэдзіне яе (Яна сказала: «Я абавязкова заўтра да вас прыеду»; — «Я абавязкова заўтра да вас прыеду», — сказала яна; «Я абавязкова, — сказала яна, — заўтра да вас прыеду»), П.м. можна ўзнаўляць і выказванні самога аўтара. Для яе характэрна экспрэсіўнасць. Асн. сфера ўжывання — гутарковая мова.

Літ.:

Граматыка беларускай мовы. Т. 2. Сінтаксіс. Мн., 1966;

Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 2 выд. Мн., 1980;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

І.​І.​Крамко.

т. 12, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ННІЦА,

бел. страва з мукі і ягад каліны. Жытнюю муку запарвалі варам, калі яна «ўсалодае», сыпалі ягады каліны. Сушаныя ягады спачатку запарвалі варам і варылі. Елі К. з хлебам.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БА-ЯГА́, Баба-Юга,

персанаж чарадзейных усх.-слав. казак. Падобна на Ендзі-бабу польскіх, Ежы-бабу чэшскіх, Гіндзі-бабу славацкіх казак, мае агульныя рысы з героямі казак інш. народаў. Каларытны вобраз Бабы-Ягі на касцяной назе: яна лётае на ступе, паганяючы памялом, жыве ў лясной хатцы на курынай ножцы, якая паварочваецца, калі сказаць магічныя словы. Ён складваўся на працягу эпох і ўвабраў у сябе ўяўленні аб пачынальніцы мацярынскага роду, царстве мёртвых, абрадзе ініцыяцый. Паступова зліўся з вобразам злой варажбіткі, ведзьмы і стаў служыць яго заменай. У некат. казках Баба-Яга выступае як дарадчыца героя, якому памагае. Аднак часцей яна — пярэварацень, злая варажбітка, выкрадальніца-людаедка.

Л.​Р.​Бараг.

т. 2, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (лац. velaris ад velum заслона) у мовазнаўстве, дадатковая артыкуляцыя, якая выражаецца ў пад’ёме задняй часткі спінкі языка да мяккага паднябення. У бел. мове ў заднеязычных зычных «г», «к», «х» яна супадае з асноўнай артыкуляцыяй, таму іх называюць велярнымі; у шыпячых зычных яна не супадае з асноўнай артыкуляцыяй, збліжэннем языка з цвёрдым паднябеннем, таму іх называюць двухфокуснымі. Выразная велярызацыя ў гука «л», што робіць яго непадобным да невелярызаванага, т.зв. сярэднееўрапейскага l. Ва ўсіх астатніх цвёрдых зычных велярызацыя служыць для больш выразнага іх проціпастаўлення адпаведным мяккім палаталізаваным зычным (гл. Палаталізацыя). Акустычны эфект велярызацыі нагадвае эфект ад лабіялізацыі (агублення).

А.​І.​Падлужны.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́СЕНСКІ УВАСКРАСЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Дзейнічаў у 1633—1810 у г. Дзісна (цяпер Міёрскі р-н Віцебскай вобл.). Засн. пры Уваскрасенскай царкве. вядомай з 1568. Прыналежнасць манастыра да праваслаўя пацверджана каралеўскімі прывілеямі Уладзіслава IV, Яна Казіміра (1661), Яна III Сабескага (1678), Аўгуста II, Аўгуста III (1736). Існаваў на ахвяраванні мяшчан, у 17 ст. меў невял. маёнтак Горкі. Пры царкве былі тры брацтвы. У 1770 у час пажару Дзісны Уваскрасенская царква згарэла, у 1730-я г. пабудавана новая. У 1810 манастыр зачынены, царква стала прыходскай (згарэла ў 1882). Брацкі крыж 1673, які раней знаходзіўся ў манастыры, украдзены з Адзігітрыеўскай царквы (Дзісна) у 1980-я г.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 6, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧО́БУТ-АДЛЯНІ́ЦКІ (Ян Уладзіслаў) (26.6.1640—23.5.1703),

вайсковы дзеяч ВКЛ, пісьменнік-мемуарыст, удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1658 ваяваў у Трокскім пав., у 1659 — у Курляндыі, удзельнічаў у бітвах на р. Бася (8.10.1660), каля Дынабурга (5.3.1661), на р. Дзісна (жн.—ліст. 1661), у няўдалай выправе караля Яна II Казіміра за Дняпро зімой 1663—64. У 1666—98 выбіраўся дэпутатам Трыбунала ВКЛ. З 1684 стольнік ашмянскі. Пакінуў успаміны і дзённік «Нататкі мае і дыярыуш маёй службы ваеннай» (на польск. мове), у якіх адлюстраваны падзеі 1640—84.

Тв.:

Бел. пер. — Запіскі і дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобута-Адланіцкага // Полымя. 1998. № 1—2.

т. 12, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РТА НАЧНА́Я, старожа,

павіннасць сялян на Беларусі ў 16—19 ст. Заключалася ў адбыванні начных дзяжурстваў на панскім фальварку. На варту начную сяляне выходзілі па чарзе, часам яна магла замяняцца грашовым эквівалентам.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАНІ́М (ад ала... + грэч. onyma імя),

чыё-небудзь сапраўднае імя, выкарыстанае іншай асобай як псеўданім. Напр., чылійскі паэт Пабла Нэруда сваё сапраўднае імя Рэес Басуальта Нефталі Рыкарда замяніў імем чэшскага пісьменніка Яна Нэруды.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРХАЯ́НСК,

горад у Расіі, у Рэспубліцы Саха (Якуція), на Пн ад Палярнага круга, прыстань на р. Яна. Засн. ў 1638. 1,9 тыс. ж. (1994). Адзін з самых халодных пунктаў Паўн. паўшар’я (абс. мінімум каля -71 °C).

т. 4, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКО́Н,

элементарная адзінка генет. рэкамбінацыі; мінім. ўчастак генет. матэрыялу, у межах якога яна магчыма. Прапанаваны амер. генетыкам С.​Бензерам у 1957. Тэрмін мала ўжываецца, таму што выяўлена магчымасць рэкамбінацыі паміж суседнімі парамі нуклеатыдаў ДНК.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)