ПРАКУРО́Р (франц. procureur ад лац. procurare клапаціцца),
службовая асоба органаў пракуратуры, надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні пракурорскага нагляду. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 П. у межах сваёй кампетэнцыі прымае ўдзел у суд. разглядзе цывільных і крымін. спраў, спраў аб адм. правапарушэннях у выпадках, калі гэта прадугледжана законам або прызнана неабходным самім П., апратэстоўвае супярэчныя закону або неабгрунтаваныя рашэнні, прыгаворы, вызначэнні і пастановы судоў. Аб’ём і межы паўнамоцтваў П., які ўдзельнічае ў суд. разглядзе спраў, вызначаюцца працэсуальным правам. П. незалежны ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруецца заканадаўствам; аднак ён не можа займацца паліт. дзейнасцю і ў сваёй службовай дзейнасці не павіненбыць звязаны рашэннямі паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́КАЎЛЕЎ Юрый Якаўлевіч (26.6.1922, С.-Пецярбург — 29.12.1995),
рускі пісьменнік. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1952). Друкаваўся з 1947. У зб-ках аповесцей і апавяд. для дзяцей «Вершнік, які скача над горадам» (1962), «Рэліквія» (1972), «Багун» (1975), «У чалавека павіненбыць сабака» (1977), «Вараб’ёў шыбы не выбіваў» (1979), «Аўтапартрэт» (1984), «Хлопчык з канькамі» (1987) і інш. пошук праўды і змаганне за яе, маральны выбар у складаных умовах. Шэраг твораў на тэму Вял.Айч. вайны сюжэтна звязаны з Беларуссю: аповесць «Зімародак» (1971; аднайм. фільм паст. на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1972), апавяд. «Звон», «Сябар капітана Гастэлы», «Няскончаны бой» і інш. Пісаў п’есы, вершы. Дзярж. прэмія СССР 1985.
Тв.:
Неприкосновенный запас: Избр. М., 1983.
Літ.:
Фомичева Л. Юрий Яковлев: Очерк творчества. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДДЗЯ́,
службовая асоба, якая ўваходзіць у склад пэўных судовых органаў і выконвае функцыі правасуддзя.
У ВКЛ С. былі ўраднікі велікакняжацкай адміністрацыі (цэнтральнай і мясц.); выбраныя ў вызначаным парадку члены аддзеленых ад адміністрацыі судоў; феадалы ў адносінах да залежнага насельніцтва, найб. паважаныя сяляне-гаспадары (копныя мужы, старцы) — члены самага старажытнага копнага суда. Галоўным С. у дзяржаве лічыўся вялікі князь. Разам з панамі-радай ён выконваў функцыі правасуддзя ў вышэйшым велікакняжацкім судзе. Вял. князь (кароль) разам з сенатарамі з’яўляўся С. соймавага суда, у склад якога выбіраліся і некалькі соймавых паслоў. С. камісарскага суда прызначаліся вял. князем або інш. пастаяннымі С. з прадстаўнікоў Рады ВКЛ ці велікакняжацкай адміністрацыі Членаў Вышэйшага апеляцыйнага суда — Трыбунала Вялікага княства Літоўскага — выбірала на дэпутацкіх сойміках шляхта. Членаў земскага суда (С., падсудка, пісара) выбірала шляхта павета на элекцыйных сойміках. З чатырох вызначаных ёю кандыдатаў (на кожную пасаду) вял. князь зацвярджаў пажыццёва аднаго. Такі ж парадак існаваў і пры выбарах С. падкаморскага суда — падкаморыяў. На перыяд бескаралеўя ствараліся каптуровыя суды, членамі якіх былі С. павятовых судоў; гродскага, земскага, падкаморскага і некат. інш. ўраднікі. С. гродскага суда (замкавага) былі службовыя асобы мясц. адміністрацыі, а таксама прадстаўнікі мясц. шляхты; з 1566 са шляхціцаў прызначаліся С. і пісар. Для гараджан і феадальна-залежных людзей С. былі феадалы і іх ураднікі (гл.Вотчынны суд), а таксама асобы мясц.дзярж. і гасп. адміністрацыі. У гарадах ВКЛ, якія атрымалі магдэбургскае права, ствараліся бурмістраўска-радзецкія суды і войтаўска-лаўніцкія суды. С. палюбоўнага суда (кампрамісарскага) выбіраліся бакамі, якія вялі справу. С. канфедэрацкіх судоў — канфедэратамі. С. судоў духоўных былі прадстаўнікі духавенства, якія выбіраліся капітулам.
У Рэспубліцы Беларусь, паводле Закона «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995, С. з’яўляюцца асобы, надзеленыя ва ўстаноўленым законам парадку паўнамоцтвамі па ажыццяўленні правасуддзя. С. ўсіх судоў Рэспублікі Беларусь валодаюць адзіным статусам. Асаблівасці статуса асобных катэгорый С. вызначаюцца законамі рэспублікі. С. можа быць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў узросту 25 гадоў, мае вышэйшую юрыд. адукацыю, не ўчыняў ганьбуючых яго ўчынкаў, мае стаж работы па юрыд. спецыяльнасці не менш як 2 гады або прайшоў ва ўстаноўленым парадку стажыроўку на працягу 2 гадоў і здаў кваліфікацыйны экзамен. Пры ажыццяўленні судовай улады С. павінен няўхільна выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, быць справядлівым і непрадузятым. Пры выкананні сваіх абавязкаў, а таксама ў неслужбовых адносінах С. павінен пазбягаць усяго, што прыніжае аўтарытэт судовай улады, годнасць С. Ён не можа займацца якой-н. іншай дзейнасцю (акрамя навук. ці педагагічнай, не звязанай з заняццем штатных пасад), быць дэпутатам, ажыццяўляць прадпрымальніцкую дзейнасць, належаць да паліт. партый і масавых рухаў. С. ўсіх судоў нязменныя. Яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў іншы суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы С. не могуць быць спынены інакш, як у парадку і на падставах, устаноўленых законам. С. з’яўляецца недатыкальным і не можа быць прыцягнуты да крымін. адказнасці без згоды органа, які яго выбраў ці прызначыў. Выбраныя і прызначаныя на пасаду С. прыносяць прысягу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫКЁР (Ricoeur) Поль (н. 27.2.1913, г. Валанс, Францыя),
французскі філосаф, прадстаўнік герменеўтыкі. Праф. Страсбурскага (з 1948), Парыжскага і Чыкагскага (з 1956) ун-таў. Спалучае тэндэнцыі фенаменалогіі, экзістэнцыялізму, персаналізму і псіхааналізу на аснове рэліг. разумення. На яго думку, у цэнтры філасофіі павінна быць асоба як творца свету культуры. Для аналізу асобы прапанаваў рэгрэсіўна-прагрэсіўны метад, які прадугледжвае асэнсаванне з’яў у дыялект. адзінстве мінулага, сучаснага і будучыні. У працы «Філасофія волі» (т. 1—2, 1950—60) сцвярджаў, што эфектыўна-валявыя акты суб’екта прэваліруюць над пазнавальнымі ў асэнсаванні наваколля. Распрацаваў тэорыю інтэрпрэтацый, паводле якой усе праявы чалавечай дзейнасці і культуры (міфалогія, рэлігія, мастацтва і інш.) з’яўляюцца сімвалічным тэкстам, што характарызуецца ітэнцыянальнай структурай падвойнага значэння (у час інтэрпрэтацыі за першым сэнсам павінен узнікаць іншы).
Тв.:
Рус.пер. — Герменевтика. Этика. Политика: Моск. лекции и интервью. М., 1995;
Конфликт интерпретаций: Очерки о герменевтике. М., 1995;
Герменевтика и психоанализ. Религия и вера. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ЗІЯ (ад лац. collisio сутыкненне),
сутыкненне, супярэчнасць, разыходжанне інтарэсаў, поглядаў, імкненняў. К. мастацкая — супярэчнасць, сутыкненне, барацьба дзеючых сіл у маст. творы. Тэрмін уведзены ў эстэтыку Г.Гегелем. Ужываецца і як сінонім тэрміна «канфлікт» (гл.Канфлікт мастацкі), у значэнні глабальнасць, універсальнасць выказваемых супярэчнасцей або ў якасці вызначэння супярэчнасці як моманту ўнутр. структуры, як спосаб, а не як прадмет маст. адлюстравання. К. ў праве — разыходжанне паміж асобнымі законамі адной дзяржавы або супярэчнасць законаў, суд. рашэнняў розных дзяржаў. К. ўнутр. законаў вырашаецца шляхам выбару таго нарматыўнага акта, якіпавіненбыць дастасаваны да выпадку, што разглядаецца. Калі ёсць разыходжанне паміж актамі, выдадзенымі адным і тым жа праватворчым органам, то ўжываецца акт, выдадзены пазней. Пры разыходжанні паміж агульным і спец. актамі перавага аддаецца спецыяльнаму; калі супярэчныя нормы знаходзяцца ў актах, прынятых рознымі органамі, то выкарыстоўваецца норма, прынятая вышэйстаячым органам. Пытанне пра ўжыванне права сваёй або замежнай дзяржавы вырашаецца на аснове калізійнай нормы, якая змешчана ва ўнутр., нац. заканадаўстве або ў міжнар. дагаворы (гл.Калізійнае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕДЭРАЛІ́ЗМ (франц. fédéralisme ад лац. foedus саюз, дагавор),
форма дзярж. ўладкавання, дзярж. лад на пачатках федэрацыі. У аснове Ф. ляжаць наступныя прынцыпы: фарміраванне геапаліт. прасторы дзяржавы як адзінага цэлага з тэрыторый членаў (суб’ектаў) федэрацыі (рэспублік, штатаў, зямель, кантонаў і інш.); кожнае дзярж. фарміраванне, якое ўваходзіць у федэрацыю, можа мець сваю канстытуцыю, свае заканадаўчыя і выканаўчыя органы, грамадзянства, адначасова існуе адзінае федэратыўнае (саюзнае) грамадзянства; суб’екты федэрацыі маюць абмежаваны суверэнітэт; кампетэнцыі паміж федэрацыяй і яе суб’ектамі размяжоўваюцца саюзнай канстытуцыяй. Пачынальнікам даследавання Ф. лічыцца ням. юрыст Іаган Альтузій (1557—1638), які распрацаваў «федэральную тэорыю народнага суверэнітэту» на аснове прынцыпу саюзу або згоды. У працэсе гіст. развіцця формы Ф. мяняюцца ў залежнасці ад варыянтаў узаемаадносін паміж федэральнай уладай і суб’ектамі федэрацыі, гал. чынам у галіне эканомікі (грашовая палітыка, падаткі і інш.), Вылучаюць 3 асн. формы Ф.: дагаворную, цэнтрысцкую, кааператыўную. Дагаворная форма разглядае федэрацыю як аб’яднанне дзяржаў, якія на аснове дагавору перадалі некаторыя свае правы федэральнаму цэнтру (Канада, Расійская Федэрацыя і інш.). Цэнтрысцкая канцэпцыя Ф. грунтуецца на тым, што ўсё сац.-эканам. і паліт. жыццё суб’ектаў федэрацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з рашэннямі агульнафедэральных органаў. Асновай гэтай канцэпцыі з’яўляецца тэзіс, што ўрад, які карыстаецца падтрымкай большасці насельніцтва краіны, павіненбыць вышэйшым за ўрады суб’ектаў федэрацыі (ЗША да сярэдзіны 1950-х г., ФРГ, Аўстрыя і інш.). Кааператыўная форма Ф. грунтуецца на сац.-эканам. супрацоўніцтве паміж федэральным цэнтрам і суб’ектамі федэрацыі, якія распрацоўваюць агульныя сац.-эканам. праграмы, а таксама механізмы (у т. л. падзаконныя інструкцыі) для сумеснага рэгулявання сац.-эканам. адносін (ЗША з сярэдзіны 1950-х г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́НЦЭР (Müntzer, Münzer) Томас (каля 1490, г. Штольберг, Германія — 27.5.1525), рэлігійны дзеяч, адзін з ідэолагаў Рэфармацыі і кіраўнікоў Сялянскай вайны 1524—25 у Германіі. Вучыўся ва ун-тах Лейпцыга і Франкфурта-на-Одэры. Адзін з найб. адукаваных тагачасных ням. тэолагаў. З 1518 прыхільнік М.Лютэра. Паводле яго рэкамендацыі ў 1520—21 быў святаром у г. Цвікаў (Саксонія), дзе зблізіўся з сектай анабаптыстаў, але ідэйна разышоўся з лютэранамі. У 1521 наведаў Чэхію, у т. л. Прагу, дзе прапаведаваў радыкальную Рэфармацыю (т.зв. «Пражская адозва») і абвясціў сябе прыхільнікам вучэння Я.Гуса. З 1523 святар у г. Альштэт (Цюрынгія), дзе арганізаваў «Саюз выбраных» — тайнае т-ва, якое мела на мэце звяржэнне ўлады князёў; канчаткова адышоў ад супрацоўніцтва з лютэранамі. Выступаў супраць «мёртвай літары» царк. вучэння, развіваў уяўленне пра ўнутр. веру, якая дазваляе мысліць і дзейнічаць у адпаведнасці з божым прадвызначэннем. Гал. задачу Рэфармацыі разумеў у абвяшчэнні блізкага сац.-паліт. перавароту, якіпавіненбыць здзейснены масай сялян і гар. беднякоў. Прапагандаваў ідэю ўстанаўлення «царства божага на зямлі», адмаўляў прыватныя інтарэсы, але выступаў за ўмацаванне дробнасялянскай працоўнай уласнасці. У час Сял. вайны з лют.—сак. 1525 кіраваў паўстанцамі Цюрынгіі, спрабаваў стварыць у Мюльгаўзене адзіны цэнтр кіраўніцтва вайной. Пасля паражэння свайго атрада 15.5.1525 каля г. Франкенгаўзен трапіў у палон і пакараны смерцю.
Літ.:
Ивонин Ю.Е. «Вся власть должна быть отдана простому народу» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987;
Лазарев В.В. Становление философского сознания нового времени. М., 1987;
Ревуненкова Н.В. Ренессансное свободомыслие и идеология Реформации. М., 1988.
палітычная структура Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919—20. Створана 13.12.1919 у Мінску ў выніку расколу Рады Беларускай Народнай Рэспублікі з-за супярэчнасцей паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі с.-д. кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польск. ўладамі. У выніку большасць Рады (50 чал.) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, меншасць, якая арыентавалася на Польшчу (37 чал.) — Н.р. БНР. Старшынёй абраны сацыял-дэмакрат Я.Лёсік. Польск. ўлады прызналі Н.р. БНР, аднак мала лічыліся з ёй. У крас. 1920 Н.р. БНР прапанавала Польшчы заключыць дагавор аб федэрацыі, паводле якога ў Беларусі і Польшчы павіненбыць супольны сейм, але асобныя заканадаўства, урады, войскі і фінансы. Польскі ўрад праігнараваў гэту прапанову. У чэрв. 1920 Н.р. БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы, што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусь будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый. З пач. наступлення сав. войск члены Н.р. БНР эвакуіраваліся ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польск. урадам падтрымалі «бунт» ген. Л.Жалігоўскага і ўтварэнне т.зв.Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Бел.паліт.к-т пад кіраўніцтвам П.П.Алексюка. які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры С.Н.Булак-Балаховічу. Зразумеўшы памылковасць арыентацыі на Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нац.паліт. нарадзе ў Рызе (20.10.1920), якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Чл. прэзідыума Н.р. БНР К.Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Нар. раду БНР. Н.р. БНР спыніла існаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1447, Казіміраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Казімірам IV Ягелончыкам у Вільні 2.5.1447. Адзін з асн.дзярж. актаў, які замацаваў шырокія правы баяр ВКЛ у паліт., сац. і эканам. жыцці дзяржавы. Складаецца з 14 артыкулаў. Пацвярджаў асабістую свабоду і недатыкальнасць баяр, гарантаваў, што за правіннасць павінен адказваць толькі сам вінаваты, а не яго жонка, бацька, слуга або інш. баярын. Баярам дазволены выезд за межы дзяржавы «для лепшага набыцця шчасця або ўчынкаў рыцарскіх», але не ў «непрыяцельскую краіну». Пацверджаны прывілеі баярам на маёнткі, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі, права на продаж і абмен маёнткаў. П. гарантаваў баярам, што іх маёнткі не будуць канфіскаваны, а пасля смерці баярына яго сыны і дочкі «ад сваёй вотчыны не маюць аддалены быць». У П. зафіксаваны дагавор вял. князя з феадаламі, што ён, як і яны, не будзе прымаць у свае маёнткі збеглых сялян, а вяртаць уцекачоў назад да свайго пана. Адным з гал. палажэнняў П. была перадача вял. князем свайго права судзіць сялян і інш. падданых самім баярам (права судовага імунітэту). З гэтага часу феадал станавіўся адзіным суддзёю сваіх падданых, што вяло да яшчэ большай іх залежнасці і ўрэшце дало магчымасць іх запрыгоніць. П. гарантаваў баярам, што землі і дзярж. пасады ў ВКЛ будуць атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ. Такім чынам, П. забараняў пранікненне польскай шляхты ў ВКЛ. Вял. князь таксама ўрачыста абяцаў бараніць незалежнасць дзяржавы і яе тэр. цэласнасць. Напісаны на лац. мове. Меў вял. значэнне ў далейшым юрыд. афармленні правоў феадалаў, некаторыя яго нормы ўвайшлі ў Статуты ВКЛ 1529, 1566 і 1588.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ТА (ад лац. veto забараняю),
1) у дзяржаўным праве забарона, якая накладаецца адным органам дзярж. улады на рашэнне інш.дзярж. органа. Ін-т вета ўзнік у Стараж. Рыме. У феад. эпоху найб. вядомае т.зв. свабоднае вета — ліберум вета: у Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. рашэнне сейма лічылася прынятым, калі за яго галасавалі ўсе дэпутаты. У сучасных дзяржавах права вета звычайна даецца кіраўніку дзяржавы ў адносінах да законаў, прынятых парламентам, ці верхняй палаце парламента ў адносінах да ніжняй яго палаты. Адрозніваюць абсалютнае вета, калі кіраўніку дзяржавы даецца права канчаткова адхіліць закон, і адноснае вета, калі адмаўленне кіраўніка дзяржавы санкцыяніраваць закон толькі прыпыняе набыццё ім сілы. У апошнім выпадку парламент мае права прыняць закон паўторным галасаваннем.
Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права адноснага вета дадзена Прэзідэнту. Закон, прыняты Палатай прадстаўнікоў і ўхвалены Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь або прыняты Палатай прадстаўнікоў у парадку, прадугледжаным Канстытуцыяй, падаецца ў дзесяцідзённы тэрмін Прэзідэнту на подпіс. Калі Прэзідэнт згодны з тэкстам закону, ён яго падпісвае. Калі Прэзідэнт не вяртае які-небудзь закон на працягу 2 тыдняў пасля таго, як ён яму быў пададзены, закон лічыцца падпісаным. Закон не лічыцца падпісаным і не набывае сілы, калі ён не мог быць вернуты ў Нац. сход у сувязі з заканчэннем сесіі. Пры нязгодзе з тэкстам закону Прэзідэнт вяртае яго са сваімі пярэчаннямі ў Палату прадстаўнікоў, якая павінна разгледзець закон з пярэчаннямі Прэзідэнта не пазней як за 30 дзён. Калі закон будзе прыняты Палатай прадстаўнікоў большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу, ён разам з пярэчаннямі Прэзідэнта ў 5-дзённы тэрмін накіроўваецца ў Савет Рэспублікі, які таксама павінен разгледзець яго паўторна не пазней як за 20 дзён. Закон лічыцца прынятым, калі ён ухвалены большасцю не менш за дзве трэція галасоў ад поўнага складу Савета Рэспублікі. Закон пасля пераадолення Палатай прадстаўнікоў і Саветам Рэспублікі пярэчанняў Прэзідэнта падпісваецца Прэзідэнтам у 5-дзённы тэрмін. Закон набывае сілу і ў тым выпадку, калі Прэзідэнт не падпіша яго ў гэты тэрмін.
2) Правам вета называецца таксама аднагалоснасці прынцып у ААН.