ФЕДЭРАЛІ́ЗМ (франц. fédéralisme ад лац. foedus саюз, дагавор),

форма дзярж. ўладкавання, дзярж. лад на пачатках федэрацыі. У аснове Ф. ляжаць наступныя прынцыпы: фарміраванне геапаліт. прасторы дзяржавы як адзінага цэлага з тэрыторый членаў (суб’ектаў) федэрацыі (рэспублік, штатаў, зямель, кантонаў і інш.); кожнае дзярж. фарміраванне, якое ўваходзіць у федэрацыю, можа мець сваю канстытуцыю, свае заканадаўчыя і выканаўчыя органы, грамадзянства, адначасова існуе адзінае федэратыўнае (саюзнае) грамадзянства; суб’екты федэрацыі маюць абмежаваны суверэнітэт; кампетэнцыі паміж федэрацыяй і яе суб’ектамі размяжоўваюцца саюзнай канстытуцыяй. Пачынальнікам даследавання Ф. лічыцца ням. юрыст Іаган Альтузій (1557—1638), які распрацаваў «федэральную тэорыю народнага суверэнітэту» на аснове прынцыпу саюзу або згоды. У працэсе гіст. развіцця формы Ф. мяняюцца ў залежнасці ад варыянтаў узаемаадносін паміж федэральнай уладай і суб’ектамі федэрацыі, гал. чынам у галіне эканомікі (грашовая палітыка, падаткі і інш.), Вылучаюць 3 асн. формы Ф.: дагаворную, цэнтрысцкую, кааператыўную. Дагаворная форма разглядае федэрацыю як аб’яднанне дзяржаў, якія на аснове дагавору перадалі некаторыя свае правы федэральнаму цэнтру (Канада, Расійская Федэрацыя і інш.). Цэнтрысцкая канцэпцыя Ф. грунтуецца на тым, што ўсё сац.-эканам. і паліт. жыццё суб’ектаў федэрацыі ажыццяўляецца ў адпаведнасці з рашэннямі агульнафедэральных органаў. Асновай гэтай канцэпцыі з’яўляецца тэзіс, што ўрад, які карыстаецца падтрымкай большасці насельніцтва краіны, павінен быць вышэйшым за ўрады суб’ектаў федэрацыі (ЗША да сярэдзіны 1950-х г., ФРГ, Аўстрыя і інш.). Кааператыўная форма Ф. грунтуецца на сац.-эканам. супрацоўніцтве паміж федэральным цэнтрам і суб’ектамі федэрацыі, якія распрацоўваюць агульныя сац.-эканам. праграмы, а таксама механізмы (у т. л. падзаконныя інструкцыі) для сумеснага рэгулявання сац.-эканам. адносін (ЗША з сярэдзіны 1950-х г.).

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)