РЫКЁР ((Ricoeur) Поль) (н. 27.2.1913, г. Валанс, Францыя),

французскі філосаф, прадстаўнік герменеўтыкі. Праф. Страсбурскага (з 1948), Парыжскага і Чыкагскага (з 1956) ун-таў. Спалучае тэндэнцыі фенаменалогіі, экзістэнцыялізму, персаналізму і псіхааналізу на аснове рэліг. разумення. На яго думку, у цэнтры філасофіі павінна быць асоба як творца свету культуры. Для аналізу асобы прапанаваў рэгрэсіўна-прагрэсіўны метад, які прадугледжвае асэнсаванне з’яў у дыялект. адзінстве мінулага, сучаснага і будучыні. У працы «Філасофія волі» (т. 1—2, 1950—60) сцвярджаў, што эфектыўна-валявыя акты суб’екта прэваліруюць над пазнавальнымі ў асэнсаванні наваколля. Распрацаваў тэорыю інтэрпрэтацый, паводле якой усе праявы чалавечай дзейнасці і культуры (міфалогія, рэлігія, мастацтва і інш.) з’яўляюцца сімвалічным тэкстам, што характарызуецца ітэнцыянальнай структурай падвойнага значэння (у час інтэрпрэтацыі за першым сэнсам павінен узнікаць іншы).

Тв.:

Рус. пер. — Герменевтика. Этика. Политика: Моск. лекции и интервью. М., 1995;

Конфликт интерпретаций: Очерки о герменевтике. М., 1995;

Герменевтика и психоанализ. Религия и вера. М., 1996.

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)