ГО́РЦАВА Ларыса Мікалаеўна (н. 15.9.1942, в. Луцыкоўка Сумскай вобл., Украіна),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1963). Працуе ў Тэатры юнага гледача Беларусі. Выконвае разнапланавыя ролі — драматычныя, характарныя, адметныя пластычнасцю, музыкальнасцю. Сярод лепшых: Марынка («Цудоўная дудка» В.​Вольскага), Марына («Экзамен на восень» І.​Шамякіна), Аліна («Сіні снег» Я.​Шабана), Наташа («У спадчыну — жыццё» А.​Петрашкевіча і «Горад на Світанні» А.​Арбузава), Цётка («Далучэнне» А.​Вольскага), Пампея («Зялёная птушка» паводле К.​Гоцы), Марыя («Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Маша («Чайка» А.​Чэхава), Мар’яша («Пойдзем у кіно?» А.​Алексіна), Кэт («Стваральніца цуду», У.​Гібсана), Кошка («Кошчын дом» паводле С.​Маршака), Аніта («Вестсайдская гісторыя» паводле А.​Лоўрэнс). Знялася ў тэлефільмах «Апошняя ноч Элаізы» (Цётка), «Водар папараці» (выканала 4 ролі) і інш.

Дз.​І.​Стэльмах.

т. 5, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРГА́ Іван Антонавіч (6.10.1881, г. Носаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 29.12.1952),

украінскі драматург. Засл. дз. маст. Украіны (1950). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Друкаваўся з 1904 (як тэатр. крытык). Аўтар п’ес гіст. тэматыкі: драм. казкі «Песня ў келіху» (паст. 1926), камедый «Фея горкага міндалю» (паст. 1926), «Марка ў пекле» (паст. 1928), «Гадзіншчык і курыца, ці Майстры часу» (1934, паст. БДТ-3 1935), драм. паэм «Свеччына вяселле» (1931), «Яраслаў Мудры» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Прарок» (нап. 1948, пра Т.​Шаўчэнку). Сучасная яму рэчаіснасць у п’есах «Пойдзеш — не вернешся» (1936), «Імя» (1937), «Экзамен па анатоміі» (1940), «Начная трывога» (1943) і інш. Творы К. вызначаюцца філас. напоўненасцю, паглыбленай цікавасцю да маральна-этычных праблем.

Тв.:

Твори. Київ, 1976;

Рус. пер. — Исторические драмы. М., 1954.

Літ.:

Голубева З.С. Іван Кочерга. Київ, 1981.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБЕ́Й Лідзія Львоўна (н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменніца. Канд. філал. н. (1958). Скончыла БДУ (1951). Працавала ў рэдакцыях час. «Вожык», «Полымя», газ. «Чырвоная змена», выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер» (1959), твораў для дзяцей (зб. апавяданняў «Калібры», 1960, аповесць «Сіні бор», 1972; зб. апавяданняў і казак «Ісці ў разведку», 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці «На струнах буры» (1966) і «Стану песняй» (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ваўчкі» (1972). Айч. вайна — гал. тэма аповесцяў «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), зб. прозы «Мне трэба ехаць» (1974).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1985;

Халодны май. Мн., 1993.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАНО́ВІЧ Валянцін Мікалаевіч (29.8.1909, Вільнюс — 25.8.1978),

бел. графік; адзін з пачынальнікаў анімалістычнага жанру ў бел. графіцы. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). Творы вызначаюцца графічнай выразнасцю, эмацыянальнай вобразнасцю, тонкай стылізацыяй матываў, ураўнаважанасцю кампазіцыі. Стварыў ілюстрацыі да «Беларускіх народных казак» (1946), да кніг «Вераб’ёвы госці. Нашы прыяцелі» (з М.​Гуціевым, 1945), «Звяры нашых лясоў» (1951), «Казка пра смелага вожыка» (1957) А.​Якімовіча; «Нашы птушкі» А.​Гурло (1947, 1952); «Мурашка-Палашка» З.​Бядулі (1948, 1954); «Рыбы нашых рэк» (1952) і «Вада і вуда» (1967) А.​Вялюгіна; «Конь і леў» М.​Танка (1955), «Казка пра цара Зубра» В.​Віткі (1960), «Родны край» В.​Вольскага (1961, 1964), «Экзамен» Р.​Барадуліна (1969). Аўтар графічных твораў «Вячэрні канцэрт», «Хтосьці ідзе» (абодва 1967), «Рэха далёкага стрэлу» (1968), экслібрысаў З.​Азгура, М.​Лужаніна і інш., сатыр. малюнкаў.

М.​А.​Гугнін.

В.Ціхановіч. Ілюстрацыя да кнігі «Беларускія народныя казкі». 1946.

т. 17, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАСНЫ́Я ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

пачатковыя навучальныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1830—60-я г. Засноўваліся паводле ўказа Мін-ва нар. асветы ад 24.12.1830 па аднаму на воласць для падрыхтоўкі пісараў. Навучанне было бясплатнае, а яго ўзровень даволі нізкі. У валасных вучылішчах вучыліся сял. дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў. Выкладаліся Закон Божы, чытанне, руская мова, арыфметыка, чыстапісанне, спевы, геаграфія і гісторыя. Заняткі праводзіліся пасля заканчэння палявых работ і да іх пачатку ў наступным годзе па 4 гадзіны на дзень, акрамя святаў і выхадных. Настаўнікамі былі прыходскі святар або той, хто папярэдне вытрымаў экзамен у мясц. павятовым вучылішчы. Кожнае вучылішча мела невялікую б-ку. Існавалі за кошт падаткаў дзярж. і ўдзельных сялян. На ўтрыманне валасных вучылішчаў штогод выдаткоўвалася па 700 руб., аднак частка гэтых грошаў існавала толькі на паперы. У 1860-я г. паводле Палажэння аб дзярж. і ўдзельных сялянах падаткі на валасныя вучылішчы сталі неабавязковыя. Пазбаўленыя сродкаў, валасныя вучылішчы спынілі дзейнасць (засталіся толькі ў прыбалтыйскіх губернях).

А.​Ф.​Самусік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЧО́Ў Пётр Мікалаевіч (н. 6.7.1937, С.-Пецярбург),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1964). У 1964—86 маст. рэдактар час. «Бярозка», з 1992 у «Беларускім гістарычным часопісе». Працуе ў кніжнай і станковай графіцы. Сярод твораў: серыя акварэлей «Помнікі архітэктуры Беларусі» (1970—82), «Бярэзінскі запаведнік» (1975—79), літаграфіі «Кірмаш канца XIX — пач. XX ст.» (1972), «Дзяды» паводле паэмы А.​Міцкевіча (1973), «Паўстанне 1863 г.» (1978), «Спынім забойствы...» да 500-годдзя Міколы Гусоўскага (1980), серыя «Асветнікі» (1989), ілюстрацыі да кніг У.​Дубоўкі, П.​Броўкі, У.​Караткевіча, І.​Новікава; дыярамы «На старажытным гарадзішчы», «Францыск Скарына трымае экзамен перад прафесарамі ў Падуанскім універсітэце», «Знахаркі» і інш. для Музея гісторыі медыцыны Беларусі; «Гандаль у Полацку», «Падводны свет нашых азёр», «Паселішча на Сенніцы», «Крэменездабыўныя шахты ў Красным», «Францыск Скарына ў друкарні» і панарама «Пажар г. Магілёва ў 1700—21 гг.» для Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі, «Мінск у 1890 г.» для Музея М.​Багдановіча (1992—93, усе ў Мінску).

П.Драчоў. Кірыла Тураўскі. З серыі «Асветнікі». 1989.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМКО́ВІЧ Міхась (Міхаіл Мікалаевіч; 20.11.1899, в. Сялітранка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 5.11.1954),

бел. пісьменнік, крытык. Экстэрнам здаў экзамен на годнасць нар. настаўніка. Працаваў у школе, быў на парт. і прафс. рабоце. З 1932 старшыня аргкамітэта, у 1934—39 старшыня праўлення СП Беларусі. З 1943 гал. рэдактар Дзярж. выд-ва БССР, у 1947—54 літ. кансультант СП Беларусі. Друкаваўся з 1926. Выступаў у розных літ. жанрах (вершы, апавяданні, публіцыст. і літ.-крытычныя артыкулы і інш.). Распрацоўваў жанр драм. паэмы («Кацярына Жарнасек», 1937, паст. 1938; «Адплата», 1945; трылогія «Георгій Скарына», апубл. 1946, 1947, 1955). Аўтар тэксту Дзярж. гімна БССР (1944), драм. абразка пра юнага Т.​Шаўчэнку «На віленскім шляху» (1939), лібрэта опер «Апошні вечар на хутары» (апубл. 1940), «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1947), «Песня аб шчасці» (1952), балета «Князь-возера» (паст. 1949), даследавання «Аб жыватворчым уплыве рускай літаратуры на беларускую літаратуру» (1955) і інш.

Тв.:

Зб. тв. T. 1—2. Мн., 1959;

Лясное возера. Мн., 1946;

Літаратурна-крытычныя артыкулы. Мн., 1962.

С.​С.​Лаўшук.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕ́НЧАНКА Рыма Фёдараўна (н. 26.6.1935, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. актрыса, педагог. Засл. арт. Беларусі (1968). Сястра А.Ф.Маленчанкі. Скончыла БДУ (1957). У 1955—93 працавала ў Бел. т-ры юнага гледача. У 1965—74 выкладала ў Бел. тэатр.-маст. ін-це, з 1975 (з перапынкам) — у Бел. ун-це культуры. На сцэне выконвала ролі травесці, драматычныя, характарныя. Ёй уласцівы тонкі псіхалагізм, мяккая стрыманая манера выканання. Ролі ў дзіцячым рэпертуары: Сунічка («Прыгоды Чыпаліна» паводле Дж.​Радары), Чырвоная Шапачка (аднайм. твор Я.​Шварца), Хлапчыш-Благіш («Хлапчыш-Кібальчыш» паводле А.​Гайдара) і інш. Сярод роляў у класічным рэпертуары: Агнія («Мінулася кату масленіца» А.​Астроўскага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Аркадзіна («Чайка» А.​Чэхава). З інш. роляў: Ульяна Паўлаўна («Экзамен на восень» І.​Шамякіна), Марутка («Марутка» С.​Алексіевіч), Дзятлічыха («Подых навальніцы» паводле І.​Мележа), Долі (.«Галасы травы» Т.​Капотэ). Выступае з монаспектаклямі. Займаецца канцэртнай дзейнасцю. У праграме творы рус. і бел. паэтаў.

В.​А.​Ракіцкі.

т. 10, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯФРЭ́МАЎ Аляксандр Васілевіч (н. 1.5.1951, с. Салган Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. рэжысёр кіно і тэатра. Засл. дз. маст. Беларусі (1999). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1976). З 1976 на кінастудыі «Беларусьфільм». Адначасова з 1990 выкладае ў Бел. АМ (з 2001 праф.). З 1991 маст. кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра. Творчую манеру вызначае паглыблены псіхалагізм, дакладная распрацоўка сцэнічных характараў, беражлівае стаўленне да драматургічнай асновы, адчуванне рытму, стылю, аўтарскага светаўспрымання. Зняў маст. фільмы «Вялікае каханне М.​П.​Чараднічэнкі» (1977), «Давай пажэнімся» (1982), «Экзамен на дырэктара» (1986, тэлефільм), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991), «Павадыр» (2001; сярэбраны прыз на Міжнар. кінафестывалі «Лістапад—2001», Мінск). Паставіў спектаклі: «Міленькі ты мой» М.​Варфаламеева (1994, разам з У.​Гасцюхіным), «Айседора. Танец кахання» паводле п’есы З.​Сагалава «Тры жыцці Айседоры Дункан» і кн. Дункан «Мая споведзь» (1995), «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага (1996), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа (1999), «Пігмаліён» Б.​Шоу (2002). З 1976 здымаецца ў кіно: «Падары мне святло месяца», «Скрыжаванне», «Пакуль нясуць ногі» і інш. Здымае таксама дакумент. і відэафільмы.

А.​В.​Усцінава.

т. 18, кн. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі. Аб’ядноўвала 16 арг-цый і груп (больш за 140 чал.). Ініцыятары стварэння першых груп А.​Л.​Ісачанка, С.​П.​Купцоў, Ф.​П.​Котчанка. У ліку першых пачала дзейнічаць група І.​І.​Жалезнякова, якая ў чэрв. 1942 наладзіла сувязь з Гомельскім падп. гаркомам ЛКСМБ і партызанамі, выконвала іх заданні. З канца жн. 1941 дзейнічалі групы У.​П.​Кавалёва, Л.​А.​Кавалёвай, з вер.—ліст. — Г.​Л.​Кірыкавай, М.​І.​Панчанкі, В.​Л.​Радзьковай, Л.​В.​Семяноўскай і інш. Падпольшчыкі выконвалі заданні парт. органаў, партызан, спец. груп «Уперад», «Радзіма», распаўсюджвалі антыфаш. лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, ратавалі і выводзілі з горада ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, прадпрыемствах, складах і інш. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінула больш за 20 падпольшчыкаў. У Гомелі на ўвекавечанне іх памяці пастаўлены помнікі.

Літ.:

Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;

Сувалов М.К. Комсомольско-молодежное подполье Гомеля в годы Великой Отечественной войны // Партии помощник боевой. Мн., 1968;

Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.

Л.​В.​Аржаева.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)