ПАДПРА́ПАРШЧЫК,

воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У рас. арміі існавала ў 1722—1917. Прысвойвалася унтэрафіцэрам і фельдфебелям, якія вытрымалі экзамен або вызначыліся ў баях, і юнкерам. П. карысталіся некаторымі правамі малодшых афіцэраў.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДХАРУ́НЖЫ (ад харунжы),

воінскае званне (чын) у шэрагу дзяржаў. У Расіі ўведзена ў 1880. У казацкіх войсках адпавядала званню падпрапаршчыка ў рэгулярных войсках. Прысвойвалася ўраднікам і вахмістрам, якія вытрымалі экзамен на афіцэрскае званне, але не атрымалі яго з-за недахопу вакансій або недастатковай выслугі гадоў.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТА́РЫУС (ад лац. notarius пісар, сакратар),

службовая асоба, якая ажыццяўляе натарыяльныя дзеянні (гл. Натарыят). На Беларусі існуюць Н. прыватныя і дзяржаўныя. У адпаведнасці з заканадаўствам на пасаду Н. назначаюцца грамадзяне краіны, якія маюць вышэйшую юрыд. адукацыю і прайшлі адпаведную стажыроўку ў дзярж. натарыяльнай канторы або ў Н., які займаецца прыватнай практыкай, вытрымалі кваліфікацыйны экзамен і атрымалі ліцэнзію на права натарыяльнай дзейнасці.

І.​С.​Шахрай.

т. 11, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),

від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.

Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст. Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.​Ж.​Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць у тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.

З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.​Красоўскі, І.​Пешкур), «Мінскі касцёл» «Мінскі кацёл» (1969—71, П.​Крохалеў, У.​Лагун, Л.​Асядоўскі, Б.​Аракчэеў; абедзве ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.​Дурчын, Ф.​Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.​Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).

Дыярама. «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.​Драчоў. 1991—96.

т. 6, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТА́САР (Cortázar) Хуліо (26.8.1914, Брусель — 12.2.1984),

аргенцінскі пісьменнік. Вучыўся ва ун-це Буэнас-Айрэса. З 1951 жыў у Парыжы. Дэбютаваў як паэт зб. санетаў «Прысутнасць» (1938), як празаік — апавяд. «Захоплены дом» (1946). У раманах «Экзамен» (1950, выд. 1986), «Выйгрышы» (1960), «Гульня ў класікі» (1963), «62. Мадэль для зборкі» (1968), «Апошні раунд» (1969), «Кніга Мануэля» (1973), зб-ках апавяд. «Бестыярый» (1951), «Канец гульні» (1956), «Сакрэтная зброя» (1959), «Гісторыя пра хранопаў і фамаў» (1962), «Усіх агнёў агонь» (1966), «Памеас і меопас» (1971), «Васьміграннік» (1974), «Хтосьці, хто побач з намі» (1977) тэмы чалавека і цывілізацыі, твару і маскі, мастака і мастацтва. Аўтар драм. паэмы ў прозе «Каралі» (1949), публіцыст. кніг «Па 80 светах за адзін дзень» (1967), «Нікарагуа, неўтаймаваная і пяшчотная» (1984) і інш. Яго творы з рысамі постмадэрнізму насычаны сімваламі-лейтматывамі, жанрава-стылявым поліфанізмам, літ. гульнёй, парадыйнасцю і гратэскавасцю, спалучэннем будзённа-празаічнага з фантастычным. Паводле яго апавядання «Фотапавелічэнне» зняты аднайм. фільм (1967, рэж. М.​Антаніёні).

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1992: Экзамен. М., 1990.

Літ.:

Кутейщикова В.Н., Осповат Л.С. Новый латиноамериканский роман, 50—70-е гг.: Лит.-критич. очерки. 2 изд. М., 1983;

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. 2 изд. М., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВА-ВІЛЕ́ЙСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Засн. 1.7.1914 у г. Нова-Вілейск Віленскага пав. Дзейнічала да канца 1915. Прымаліся асобы з 16 гадоў усіх саслоўяў правасл. веравызнання, якія вытрымалі ўступны экзамен у аб’ёме праграмы 2-класных пач. вучылішчаў. Выкладаліся гісторыя, рус. і царк.-слав. мовы, матэматыка, фізіка, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне. У канцы 1914 вучылася 36 юнакоў. Пры семінарыі было пач. вучылішча з падрыхтоўчым класам. Сярод настаўнікаў выхаванцы ун-таў і духоўных акадэмій Масквы, С.-Пецярбурга, Кіева і інш.

А.​Ф.​Самусік.

т. 11, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВАКА́Т (лац. advocatus),

асоба, якая аказвае юрыд. дапамогу грамадзянам, прадпрыемствам, установам і арг-цыям, выступае ў якасці абаронца абвінавачанага на следстве і ў судзе. На Беларусі адвакатам можа быць грамадзянін, які мае вышэйшую юрыд. адукацыю, стаж работы па спецыяльнасці не менш як 3 гады або прайшоў стажыроўку ў адвакатуры, здаў кваліфікацыйны экзамен і атрымаў ліцэнзію на права займацца адвакацкай дзейнасцю. Прафесія вядома на Беларусі з 16 ст. Функцыі адваката ў судах выконваў пракуратар, правы і абавязкі якога былі рэгламентаваны Статутам ВКЛ 1588. Гл. таксама Адвакатура.

І.​І.​Пацяружа.

т. 1, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖБА́НАЎ Уладзімір Іванавіч (н. 26.1.1954, Мінск),

бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). Выкладае ў Мінскім маст. вучылішчы (з 1985). Працуе ў манум. і станковай скульптуры, дробнай пластыцы. Сярод твораў: помнік Герою Сав. Саюза А.​Міраненку (1981), помнік воінам-інтэрнацыяналістам у г. Светлагорск Гомельскай вобл. (1991, з А.​Каструковым), бюсты Ю.​Гагарына (1989), М.​Горкага (1986), кампазіцыі «Жаночы эцюд» (1985), «Экзамен» (1988), «Галгофа» (1991), «Грацыя» (1994), «Восеньскі пацалунак» (1996), «Манекеншчыцы» (1997), рэльеф «Анёлы» (1990), партрэты актрысы Юр’евай (1974), акцёра А.​Кляшторнага (1992), бацькі (1995) і інш.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГУШЭ́ВІЧ Марыя Уладзіміраўна (парт. псеўд. Рэгіна, Ванда, Вянеда; 4.1.1865, в. Цаперка Клецкага р-на Мінскай вобласці — 1887),

дзяячка рэв. руху ў Польшчы і на Беларусі. Па маці з роду Касцюшкаў. З 1874 жыла ў Варшаве. У 1881 здала экзамен на званне настаўніцы. У 1884 уступіла ў партыю «Пралетарыят». З ліп. 1884 на чале ЦК партыі. Вяла рэв. прапаганду, наладзіла выданне парт. газ. «Proletariat» («Пралетарыят»). Устанавіла кантакты з польскай сацыяліст. эміграцыяй у Жэневе і Парыжы, з рэвалюцыянерамі Вільні, Беластока, Гродна, Мінска. 30.9.1885 арыштавана. У 1887 выслана ў Сібір. Памерла ў краснаярскай перасыльнай турме.

Тв.:

Pamiętnik. Wrocław, 1955.

М.У.Багушэвіч.

т. 2, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДА́К Аркадзь Дзянісавіч (25.12.1911, в. Валосавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 14.11.1997),

адзін з кіраўнікоў падполля і партыз. руху ў Вял. Айч. вайну, дзярж. і парт. дзеяч БССР, ген.-маёр (1966). Засл. работнік культуры Беларусі (1980). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1948). З 1939 1-ы сакратар Гомельскага абкома ЛКСМБ. У Вял. Айч. вайну 1-ы сакратар Гомельскага падп. абкома ЛКСМБ, чл. Гомельскага абкома КП(б)Б і штаба Гомельскага Партыз. злучэння. Пасля вайны ў Гомельскім абкоме, з 1957 1-ы сакратар Мінскага абкома КПБ, кіраўнік спраў СМ БССР, у 1960—71 1-ы нам. старшыні КДБ. Чл. ЦК КПБ у 1954—61. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—71. Аўтар мемуараў «Экзамен на сталасць» (1981).

т. 13, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)