ДЫЯРА́МА (ад дыя... + грэч. horama від, відовішча),

від жывапісу, у якім стужкападобная карціна нацягнута на ўнутр. паверхні паўкруглага ў плане падрамніка; спалучаецца з аб’ёмным (бутафорскім) пярэднім планам, макетамі. Разлічана на штучнае асвятленне. Вял. Д. размешчаны ў спец. будынках.

Стварае ілюзію шырокіх прастораў і паказвае пераважна батальныя сцэны. У адрозненне ад панарамы ахоплівае толькі частку гарызонту. Д. ствараецца з 19 ст. Першапачаткова жывапісныя выявы выконваліся па абодвух баках матэрыялу, які прасвечваўся. Пры змене напрамку і інтэнсіўнасці асвятлення змянялася і бачная гледачу карціна. Першую такую Д. стварыў Л.​Ж.​Дагер у Парыжы (1822). У сучасным мастацтве такія Д. часам выкарыстоўваюць ў тэатральна-дэкарацыйным мастацтве.

З вядомых Д. у бел. мастацтве «Фашысцкі лагер смерці Малы Трасцянец» (1968, Я.​Красоўскі, І.​Пешкур), «Мінскі касцёл» (1969—71, П.​Крохалеў, У.​Лагун, Л.​Асядоўскі, Б.​Аракчэеў; абедзве ў Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. Вайны), «Абарона Брэсцкай крэпасці» (1957, П.​Дурчын, Ф.​Зільберт, Брэсцкі абл. краязнаўчы музей), «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта» (1991—96, П.​Драчоў, Музей медыцыны ў Мінску).

Дыярама. «Ф.​Скарына трымае экзамен перад прафесарамі Падуанскага універсітэта». Мастак П.​Драчоў. 1991—96.

т. 6, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)