МУХАМАДЗІ́ЕЎ (Фазлідзін) (15.6.1928, г. Самарканд, Узбекістан — 6.10.1986),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Друкаваўся з 1955. У кнігах нарысаў і апавяданняў «Перасяленцы» (1959), «Сад кахання» (1969), аповесцях «Узрыў, якога не было» (1961), «Домік на ўскраіне» (1962), «Зайнабібі» (1964), «Падарожжа на той свет, або Аповесць пра вялікага Хаджу» (1966), «Японскі шоўк» (1982), рамане «Вуглавая палата» (1974) надзённыя сац.-паліт. і маральна-этычныя праблемы. У творах спалучаў лірызм і тонкі гумар, паглыблены псіхалагізм, публіцыстычны пафас і дакументалізм. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі М.Стральцоў, Г.Ткачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІКРАМІ́ (Джалол) (20.9.1909, г. Бухара, Узбекістан—11.6.1993),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1979). Друкаваўся з 1927. У кнігах апавяданняў і нарысаў «Жыццё і перамога» (1934), «Герой Дняпра» (1944), «Мухабат» (1951), «З Душанбе ў Кіеў» (1959), п’есах «Вораг» (1933), «Сэрца маці» (паст. 1942), «Гарнізон не здаецца» (1975), раманах «Шодзі» (ч. 1—2, 1940—49), «Дачка агню» (1962), трылогіі «Дванаццаць варот Бухары» (1961—74), «Вараннё жывучае» (1979) і інш. адлюстраваў паднявольны лёс жанчыны Усходу да рэвалюцыі, этапы станаўлення тадж. калгаснай вёскі, падзеі грамадз. і Вял.Айч. войнаў. Асобныя творы І. на бел. мову пераклаў У.Яцко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЯЗІ́ (Фацех) (н. 18.4.1914, г. Самарканд, Узбекістан),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Скончыў Ташкенцкі пед.ін-т (1949). Друкуецца з 1928. Піша на тадж. і ўзб. мовах. У кн. вершаў «Маяк» (1933), «Песні дня» (1938), «Каханне» (1940) паэтызацыя жыцця, мірнай працы, духоўнага свету суайчыннікаў. Вядучае месца ў яго творчасці займаюць тэмы подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі: кн. франтавых навел «Помста таджыка» (1947), «З апавяданняў пра вайну» (1962), раманы «Вернасць» (кн. 1—2, 1949—58), «Не кажы, што лес пусты...» (1975). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў. На бел. мову творы Н. пераклала Г.Ткачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙНІ́ (сапр.Садрыдзін Саід-Мурадзада; 27.4.1878, кішлак Сактарэ, каля г. Гіждуван, Узбекістан — 15.7.1954),
таджыкскі пісьменнік, вучоны. Ганаровы акад.АН Узбекістана (1943), 1-ы прэзідэнт АН Таджыкістана (з 1951). Вучыўся ў бухарскіх медрэсе. Пісаў на тадж. і узб. мовах. Прапагандаваў асв. ідэі. Аўтар зб. вершаў «Іскры рэвалюцыі» (1923). Талент Айні-бытапісца выявіўся ў аповесці «Адзіна» (1924), раманах «Дахунда» (1930), «Рабы» (1935). Аўтар кн. «Успаміны» (кн. 1—4, 1949—54), прац па гісторыі і л-ры народаў Сярэдняй Азіі, пра творчасць Рудакі, Ібн Сіна, Фірдаўсі, Саадзі, Наваі і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950.
Літ.:
Айни Х. Жизнь Садриддина Айни: (краткий хронол. очерк). Душанбе, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́Р ХАСРО́Ў (Абу Муін) (1004, Кубадзіян, каля г. Балх, Афганістан — пасля 1072),
таджыкскі і персідскі паэт, філосаф, рэліг. дзеяч. У 1046—52 знаходзіўся ў Егіпце, свае ўражанні апісаў у «Кнізе падарожжа» («Сафар-наме»), Прыхільнік ідэалогіі ісмаілітаў. Пасля вяртання на радзіму праследаваўся як ератык і апошнія гады жыцця правёў у выгнанні ў гарах Паміра. Пісаў касыды панегірычнага, элегічнага, сатыр., рэліг. характару, любоўныя вершы, дыдактычныя паэмы. Захаваліся рэліг.-філас. трактаты, дыван (12 тыс. бейтаў — двухрадкоўяў), дыдактычная паэма «Раўшанайі-наме» (1053), у якіх асуджае прыдворную паэзію, выказвае спачуванне беднякам, абвінавачвае артадаксальнае духавенства, якое, на яго погляд, перашкаджала развіццю навук. і філас. думкі.
Тв.:
Рус.пер. — Лирика. М., 1979.
Літ.:
Ашуров Г. Философские взгляды Носири Хисрава. Душанбе, 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАХУЦІ́ (Абулькасім Ахмедзадэ) (31.12.1887, г. Керманшах, Іран — 16.3.1957),
таджыкскі паэт; адзін з заснавальнікаў тадж. паэзіі. Па паходжанні перс. З 1922 y СССР. Друкаваўся з 1907. Развіваў традыцыі перс. і тадж. прытчы-алегорыі (масал), уводзіў у паэзію новыя страфічныя формы, памеры, пабудаваныя на фалькл. аснове. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Дыван Лахуці» (кн. 1—2, 1938—40), «Таджыкістанскія вершы» (1940), «Узброеныя песні» (1942), «Падарунак фронту» (1944), «Покліч жыцця» (1956). Для яго паэзіі характэрна ўмоўна-алегарычная манера пісьма, спалучэнне лірызму з грамадз. і публіцыстычным пафасам. Быў знаёмы з Я.Купалам, прысвяціў яму верш і арт. «Памяці Купалы» (1942). На бел. мову паасобныя вершы Л. пераклалі П.Броўка, К.Кірэенка, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМІ́ (Абдурахман Нураддзін ібн Ахмад) (7.11.1414, с. Джам, каля г. Нішапур, Іран — 9.11.1492),
персідскі і таджыкскі пісьменнік і вучоны. Настаўнік і сябар Алішэра Наваі. Вучыўся ў Самаркандзе і Гераце, дзе пражыў усё жыццё. Кананізаваны. Завяршыў перыяд развіцця паэзіі ўсх. краін на мове фарсі. Майстар віртуознай паэт. формы. Выступаў у шматлікіх паэт. жанрах (газель, рубаі, касыды, месняві і інш.). Раннія творы Дж. — празаічныя суфійскія і свецкія трактаты, дапаможнік па складанні рэбусаў, шарад. Аўтар прац па філасофіі, тэалогіі, л-ры, гісторыі, рыторыцы, музыцы, цыкла з 7 паэм (семярыца) «Сем карон», або «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1480—87), зб-каў газелей «Пачатак юнацтва» (1479), «Сярэдзіна жыццёвай ніці» (1479), «Завяршэнне жыцця» (1491), зб. прытчаў «Бахірыстан» (1487) і інш. Ад ідэй рэліг. нецярпімасці і абскурантызму Дж. ўзняўся да пратэсту супраць дэспатызму і сац. несправядлівасці, ад містычнай абмежаванасці да філас. абагульненняў і пропаведзі гуманіст. ідэй.