старажытная дзяржава на Пд Месапатаміі (тэр. сучаснага Ірака) у 19−6 ст. да н.э. Назва ад яе сталіцы — Вавілона. Засн. каля 1894 да н.э. пасля пранікнення ў Месапатамію качавых плямён амарэяў. Старававілонская дзяржава (1894—1595 да н.э.) дасягнула магутнасці ў час праўлення 6-га цара 1-й Вавілонскай (Амарэйскай) дынастыі Хамурапі
[1792—1750 да н.э.],
мела рысы стараж.-ўсх. дэспатыі. На чале яе стаяў цар, які валодаў заканад., выканаўчай, суд. і рэліг. уладай і абапіраўся на армію; воіны атрымлівалі ад дзяржавы зямельныя надзелы, што перадаваліся ў спадчыну па мужчынскай лініі і былі неадчужальныя. Асн. масу насельніцтва складалі дробныя вытворцы і ўласнікі. Грамадства падзялялася на паўнапраўных грамадзян, юрыдычна свабодных, але непаўнапраўных мушкенумаў, якія працавалі ў царскай гаспадарцы, і рабоў. Былі развіты ірыгацыйнае земляробства, садаводства, рамёствы, знешні і ўнутр. гандаль (гандл. цэнтры Вавілон, Ніпур, Сіпар, Ларса, Ур). Сын Хамурапі Самсуілуна [1749—1712 да н.э.] каля 1742 да н.э. адбіў уварванне касітаў. З канца 17 ст. да н.э. Вавілонія перажыла ўнутр. крызіс. Уварванне хетаў у 1595 да н.э. і захоп Вавілона іх царом Мурсілі І у 1594 да н.э. спынілі праўленне старававілонскай дынастыі. Каля 1518 да н.э. заваявана касітамі, якія панавалі да 1150-х г. да н.э. (сярэдневавілонскі ці касіцкі перыяд). Пры апошнім касіцкім цару Эліль-надзін-аху [1159—1157 да н.э.] Вавілонія трапіла пад уладу Элама. Вызвалілася пры Навухаданосару І [1126—1105 да н.э.], які перанёс сталіцу з г. Ісін у Вавілон. У 9 ст. да н.э.паўд.ч. Вавілоніі занялі халдзеі. Пасля захопу Вавілона асірыйскім царом Тыглатпаласарам III у 729 да н.э. дзяржава страціла незалежнасць, аднак захавала статус асобнага царства ў складзе Асірыі. Зноў стала незалежная ў час праўлення халдзейскага правадыра Набапаласара [626—605 да н.э.], які заснаваў халдзейскую (новававілонскую) дынастыю. Эканам. росквіту і культ. адраджэння дасягнула пры Навухаданосару II [605—562 да н.э.]. Пасля яго смерці знаць і жрацы ўмешваліся ва ўладу. Рэліг. рэформа (вылучэнне на першы план культу бога Месяца Сіна замест культу вярх. вавілонскага бога Мардука) апошняга цара (арамея па паходжанні) Набаніда [556—539 да н.э.] выклікала канфлікт са жрацамі, яго актыўная знешняя палітыка (войны ў Аравійскай пустыні) аслабіла армію. У 539 да н.э. Вавілонія заваявана персамі.
Літ.:
Оппенхейм А. Древняя Месопотамия: Портрет погибшей цивилизации: Пер. с англ. 2 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВЫ СВЕ́ТУ,
натуральныя мовы народаў Зямлі, што жывуць цяпер або існавалі ў мінулым. Агульная колькасць М.с. дакладна не вызначана з-за неакрэсленасці межаў паміж мовамі і дыялектамі, недастатковай вывучанасці некаторых моўных рэгіёнаў. Лічыцца, што жывых моў на Зямлі ад 3 да 5 тыс. і ад 6 да 8 тыс. дыялектаў. Для апісання М.с. выкарыстоўваюць розныя віды класіфікацыі моў. Паводле генетычных характарыстык М.с. падзяляюцца на моўныя сем’і (гл.Сям’я моў), групы, падгрупы і асобныя мовы. Асн. сем’і моў: індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, мангольскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы і інш. Вядомы таксама ізаляваныя (японская мова, карэйская мова і інш., гл.Коранеізаляваныя мовы) і мёртвыя мовы. Найб. значная і вывучаная — індаеўрап. сям’я моў. Яна складаецца з моўных груп і асобных моў. Некаторыя з гэтых моў вядомы толькі па пісьмовых тэкстах. М.с. могуць аб’ядноўвацца і ў моўныя саюзы. На Зямлі жыве больш за 300 народаў, колькасць якіх паасобку перавышае 1 млн. чалавек. Яны складаюць каля 96% насельніцтва Зямлі. Сярод моў гэтых народаў 19 маюць больш за 50 млн. носьбітаў (англ., араб., бенгальская, ісп., італьян., карэйская, кіт., малайская, маратхі, ням., партугальская, панджабі, рус., тамільская, тэлугу, урду, франц., хіндзі і японская). Сярод пашыраных М.с. вылучаюцца міжнародныя мовы. М.с. вельмі неаднародныя паводле граматычнага ладу, форм існавання, сац. значнасці, ступені лексіка-паняційнага развіцця, існуючых на іх твораў фальклору, маст. л-ры, навукі. Суадноснасць дзяржаў, народаў, этнасаў і моў гл. ў табл. «Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)».
А.Я.Міхневіч.
Народы і мовы свету (сто першых пазіцый)
Нумар народа ў залежнасці ад колькасці
Назва народа
Колькасць, млн. чал.
Моўная сям’я
Моўная група
Мова
Асноўныя краіны рассялення і колькасць народа ў іх, млн. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́КА,
сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец.навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.
Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш.Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э.засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац.ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец.навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук.прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.
На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л.Нац.АН Беларусі, 43,7 тыс.навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс.канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).
Літ.:
Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ.М., 1983;
Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ.Мн., 1995;
Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;
Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;
Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс.км². Нас. 24,3 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г.Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на 1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.
Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр.ч.Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г.Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч.Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн.чал., біхарцы — каля 4,3 млн.чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн.чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс.чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс.чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.
Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.
Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв.нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.М.Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац.дэмакр. партыі. Н. — чл.ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн.га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн.га (арашаецца 0,85 млн.га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн.га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал.харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн.т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд.кВт·гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш.Гал.прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн.дол., імпарт — 1,7 млрд.дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.
Літ.:
Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;
Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя).
Герб і сцяг Непала.Да арт.Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.Да арт.Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́Н, Ісламская Рэспубліка Іран (Джамхурые Эсламіе Іран),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі. Да 1935 афіц. назва Персія. Мяжуе на Пн з Арменіяй, Азербайджанам, Туркменістанам, на У з Афганістанам і Пакістанам, на З з Іракам і Турцыяй. На Пн абмываецца водамі Каспійскага м., на Пд — Персідскага і Аманскага заліваў. Пл. 1648 тыс.км². Нас. 67 540 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — персідская (фарсі). Сталіца — г.Тэгеран. У складзе І. 25 астанаў (правінцый). Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (11 лют.).
Дзяржаўны лад. І. — ісламская рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1979 (са зменамі 1989), паводле якой вышэйшы аўтарытэт і ўладу ў краіне мае рэліг.-паліт. лідэр мусульм. абшчыны. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (ён жа ўзначальвае выканаўчую ўладу), які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму Мусульм. кансультатыўнаму сходу — меджлісу (270 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Функцыі кантролю за адпаведнасцю рашэнняў меджліса палажэнням ісламу і канстытуцыі і нагляд за правядзеннем рэферэндумаў, выбараў прэзідэнта і дэпутатаў меджліса ажыццяўляе Савет стражнікаў ісламскай рэвалюцыі з 12 членаў, з іх 6 назначае кіраўнік І. і 6 мусульм. правазнаўцаў выбірае меджліс на тэрмін 6 гадоў. Мясц. ўлада ў астанах належыць губернатарам, якіх назначае нац. ўрад, і саветам, што выбіраюцца насельніцтвам пэўнага астана.
Прырода. І. — краіна гор і высокіх нагор’яў (4/5 тэрыторыі). Большую ч. займае Іранскае нагор’е, акаймаванае горнымі сістэмамі. На Пн — Туркмена-Харасанскія горы і Эльбурс (з найвыш. пунктам І. г. Дэмавенд, 5604 м), на З і Пд Курдыстанскія горы, Загрос і Мекран, на ПдУ і У — Усх.-Іранскія горы, на ПнЗ — Армянскае нагор’е. Унутр.ч. Іранскага нагор’я занята хр. Кухруд і замкнёнымі бяссцёкавымі ўпадзінамі (пустыні Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут). Уздоўж Каспійскага м. паласой у 2—6 км распасціраецца Прыкаспійская нізіна. На ПдЗ — ч. Месапатамскай нізіны, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў — пустыня Гермсір, у бас.р. Атрэк — Гарганская раўніна. Часта бываюць землетрасенні. Нетры І. багатыя нафтай, прыродным газам, каменным вугалем. Ёсць жалезныя, марганцавыя, медныя, свінцова-цынкавыя, храмітавыя, нікелевыя і кобальтавыя руды, руды высакародных металаў. З няруднай сыравіны: сера, калійная, кухонная і глаўберава солі, азбест, карунд, графіт, тальк, слюда, барыты, каштоўныя камяні. Разнастайныя буд. матэрыялы: граніты, даламіты, вапнякі, мармур, туфы. Радовішчы нафты і газу пашыраны ў межах Персідскага заліва нафтагазаноснага басейна, асобныя радовішчы ў Цэнтральнаіранскім і Паўд.-Каспійскім басейнах. Разведаныя запасы нафты 12,8 млрд.т, найб. радовішчы: Агаджары, Гечсаран, Марун, Бібі-Хекіме, Ахваз. Запасы прыроднага газу каля 20 трыльёнаў м³ (2—е месца ў свеце пасля Расіі), найб. радовішчы Кенган, Пазенан, Парс, Керманскі і Эльбурскі каменнавугальныя басейны. Клімат на большай частцы тэр. І. субтрапічны, сухі, на ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў трапічны, гарачы. Сярэдняя т-растудз. ад -2 °C на Пн да 19 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 °C і 32 °C. Ападкаў ад 30 мм да 500 мм за год (пераважна зімой і вясной), на паўн. схілах Эльбурса да 2000 мм. Рэкі малаводныя, большасць іх адносіцца да ўнутр. басейнаў, многія летам перасыхаюць. Гал. рэкі: Аракс, Кызылузен, Шат-эль-Араб з прытокам Карун, Атрэк, Гарган. Шмат азёр, пераважна бяссцёкавых і салёных — Урмія, Дэр’ячэе-Немек, Хамун і інш. Агульная асаблівасць глеб — камяністасць і павышаная засоленасць. Ва ўнутр. раёнах і катлавінах шэразёмы і саланчакі, на схілах Эльбурса жаўтазёмы і чырваназёмы, па рачных далінах алювіяльныя глебы. Расліннасць разнастайная, больш за 600 відаў, пераважае пустынная, паўпустынная і сухастэпавая. Пад лесам каля 7% тэрыторыі, у асноўным на схілах Эльбурса (дуб, бук, граб, самшыт, грэцкі арэх). На ўзбярэжжы Персідскага і Аманскага заліваў расліннасць трапічная (мімозы, аравійская акацыя, какосавая пальма, у аазісах — фінікавая пальма). Багаты жывёльны свет. З капытных — архар, антылопа-джэйран, казуля, газель, з драпежнікаў — тыгр, гепард, леапард, гіена, воўк. Шмат грызуноў, паўзуноў. Нац. паркі: Кевір, Гулістан, Урмія, Цэнтральнаэльбурскі і інш.; буйны заказнік Туран.
Насельніцтва. 50% насельніцтва складаюць персы; каля 20% азербайджанцаў, 10% лураў, 8% курдаў, па 2% арабаў і туркменаў; ёсць белуджы, армяне, яўрэі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-шыіты (90%); ёсць мусульмане-суніты (8,4%), хрысціяне (0,6%), іудзеі (0,2%) і інш. Сярэднегадавы прырост каля 3,3%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 41 чал. на 1 км². Каля 2/3 размешчана на ПнЗ і Пн, дзе найб. спрыяльныя кліматычныя ўмовы для сельскай гаспадаркі. Гар. насельніцтва 60%. Найб. гарады (тыс.ж.): Тэгеран — 6836, Мешхед — 2016, Ісфахан — 1924 (1997), Тэбрыз — 1089, Шыраз — 965,1, Ахваз — 724,7, Бахтаран — 624,1 (1991). У прам-сці заняты 21%, у сельскай гаспадарцы — 33% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя Паводле археал. звестак, тэр. І. заселена чалавекам з канца ніжняга палеаліту. У 3-м тыс. да н.э. тут існавала стараж. дзяржава Элам, якая ў 13—12 ст. да н.э. дасягнула найб. росквіту і распасціралася ад р. Еўфрат да Цэнтр. І. У 9—8 ст. да н.э. асобныя раёны І. далучаны да Асірыі. Каля 673—672 да н.э. ў выніку антыасірыйскага паўстання на Іранскім нагор’і ўзнікла дзяржава Мідыя, якая ў 616—605 да н.э. ў кааліцыі з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву. Пасля вайны 553:—550 да н.э. Мідыі з падпарадкаваным ёй царствам Персіда ўлада ў краіне перайшла да дынастыі Ахеменідаў. Назву Персіда (Перса, Парс, сучасны Фарс) стараж. грэкі, а пазней і інш.еўрап. народы перанеслі на ўсю краіну і сталі называць яе Персіяй. Заснавальнік дынастыі Ахеменідаў Кір II заваяваў М. Азію, Вавілонію, Сірыю і Палесціну, пазней — Егіпет. Пры Дарыю I [522—486 да н.э.] перс. дзяржава рэарганізавана (удасканалены адм.-тэр. падзел, распрацаваны заканад. кодэкс, вялося буд-ва дарог, чаканілася залатая манета), пашыраны яе межы. Барацьба за панаванне на гандл. шляхах паміж Захадам і Усходам уцягнула Ахеменідаў у працяглыя войны з Грэцыяй (гл.Грэка-персідскія войны). У 330 да н.э. гэтую дзяржаву заваяваў Аляксандр Македонскі. Пасля 312 да н.э.тэр. І. ўвайшла ў склад эліністычнай дзяржавы Селеўка I (гл.Селеўкіды), у сярэдзіне 2 ст. да н.э. — Парфянскага царства. У 224 н.э. правіцель залежнай ад Парфіі Персіды Ардашыр I разбіў войскі апошняга парфянскага цара Артабана V і стварыў Сасанідскую дзяржаву (гл.Сасаніды). Пры Сасанідах праведзены адм., падатковая і ваен. рэформы, будаваліся гарады, развіваўся гандаль; імкнучыся да ідэалаг. еднасці, яны апіраліся на дзярж. рэлігію зараастрызм. Узмоцненая Сасанідская дзяржава заваявала Паўд. Аравію, Сірыю, Палесціну і Егіпет, пагражала існаванню Візантыі. Працяглыя войны і феад. міжусобіцы аслабілі краіну. У 7 ст. яе заваявалі арабы (гл.Арабскія заваяванні) і ўключылі ў склад Араб.халіфата. Да канца 10 ст. іслам стаў рэлігіяй б.ч. насельніцтва І., араб. мова надоўга стала дзярж. і літ. мовай. Нар. рух супраць араб. панавання (у форме рэліг. рухаў пераважна шыіцкай арыентацыі, гл.Шыізм), узмацненне працэсу феадалізацыі і сепаратызм мясц. феадалаў аслабілі ўладу арабаў. Гэта прывяло да стварэння на тэр. І. ў 9—10 ст. спадчынных намесніцтваў (эміратаў), якія толькі намінальна залежалі ад Араб. халіфата: Тахірыдаў дзяржава ў Харасане (821—873), Сафарыдаў у Сістане (з 861), потым у Харасане (873—900) і інш. У 900 Харасан і ўсх. І. увайшлі ў склад дзяржавы Саманідаў (да 999); у зах. І. і Іраку склалася Буідаў дзяржава (935—1055). Пасля распаду дзяржавы Саманідаў усх. І. разам з ч. Сярэдняй Азіі і тэр. сучаснага Афганістана ўвайшоў у склад дзяржавы Газневідаў. З 11 ст. пачаліся ўварванні на тэр. І. цюркаў-агузаў, якія заваявалі ўвесь І., сумежныя з ім краіны і стварылі Сельджукскую дзяржаву. У пач. 12 ст. яна распалася на шэраг султанатаў, унутры іх склаліся княствы моцных васалаў. Барацьба паміж асобнымі дынастыямі прывяла да заняпаду гандлю, рамяства і земляробства. Аслабленая краіна ў 13 ст. заваявана манголамі, паміж 1380—93 — войскамі Цімура. Нашчадкі Цімура вялі паміж сабой няспынныя войны. У канцы 14 — пач. 15 ст. рост буйнога землеўладання разам з аслабленнем эканам. сувязей паміж асобнымі правінцыямі паглыбілі феад. раздробленасць краіны. Новы ўздым І. звязаны з панаваннем дынастыі Сефевідаў (1502—1736), калі ўмацавалася цэнтр. ўлада, наладжаны дыпламат. кантакты з еўрап. краінамі. Найб. магутнасці дзяржава дасягнула пры шаху Абасе I (1587—1629], які стварыў рэгулярную армію, знізіў падаткі, наладзіў гандл. адносіны з інш. краінамі; дзякуючы буд-ву дарог і каналаў развівалася яе эканоміка. З прычыны абвастрэння барацьбы за ўладу паміж феад. групоўкамі, духавенствам і свецкімі феадаламі ў 2-й пал. 17 ст. пачаўся паліт. і эканам. спад. Пад націскам афганцаў-гільзаяў (1722) дзяржава Сефевідаў распалася. У 1723 у паўн.-зах. і цэнтр. раёны краіны ўварваліся туркі. Антыафг. барацьбу (1726—30) і выгнанне туркаў (1730—36) узначаліў Надзір-хан Афшар (гл.Надзір-шах). У выніку шматлікіх ваен. паходаў ён стварыў велізарную феад. імперыю, якая распалася пасля яго забойства (1747). Анархія і феад. ўсобіцы зноў прывялі краіну да паліт. і эканам. заняпаду. У канцы 18 ст. да ўлады прыйшла Каджарская дынастыя (1796—1925). З гэтага часу І. — аб’ект эканам. экспансіі еўрап. краін, пераважна Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі. У выніку англ. і франц.калан. палітыкі, Рускаіранскіх войнаў 19 ст. былі падпісаны нераўнапраўныя дагаворы, якія ператварылі І. у рынак збыту прамысл. тавараў еўрап. краін. Абвастрэнне сац. супярэчнасцей, рост незадаволенасці нар. мас выліліся ў Бабідскія паўстанні 1848—52, а пазней у антыфеад. і антыкалан. Іранскую рэвалюцыю 1905—11, у ходзе якой абвешчана канстытуцыя, скліканы меджліс (парламент), праведзены інш.дэмакр. пераўтварэнні. Баючыся росту рэв. настрояў, Вялікабрытанія і Расія заключылі пагадненне (1907) і падзялілі І. на брыт. і рас. сферы ўплываў. У канцы 1911 рэвалюцыя задушана аб’яднанымі англа-рас. войскамі і кансерватыўнымі ўнутр. сіламі. У 1-ю сусв. вайну тэр. І., нягледзячы на абвешчаны ёй нейтралітэт, ператварылася ў арэну ваен. дзеянняў паміж ваюючымі дзяржавамі: паўн. раёны занялі рас. войскі, паўд. — англійскія. У 1919 прабрытанскі ўрад Васуг эд-Доўле заключыў пагадненне з Вялікабрытаніяй, якое фактычна ператварыла І. у брыт. пратэктарат. У 1919—22 антыбрыт. настроі і нац.-вызв. рух узмацніліся, асабліва ў паўн. і паўн.-ўсх. правінцыях (Іранскі Азербайджан, Харасан), дзе пад кіраўніцтвам камуністаў (у 1920 засн. Іранская камуніст. партыя) пачаліся ўзбр. паўстанні; у Гіляне абвешчана сав. рэспубліка. У лют. 1921 адбыўся дзярж. пераварот. Новы ўрад ануляваў англа-іранскае пагадненне 1919 і заключыў дагавор з Сав. Расіяй (сав. ўрад адмовіўся ад усіх прывілеяў, атрыманых царскім урадам, і ануляваў іранскія даўгі, але захаваў права ўвесці свае войскі на тэр. І. пры пэўных абставінах). У кастр. 1925 меджліс абвясціў, што Каджарская дынастыя скінута. Шахам І. пад імем Рэза-шах стаў заснавальнік дынастыі Пехлеві Рэза-хан. Ён ажыццявіў шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю дзяржавы, узмацненне цэнтр. улады і кансалідацыю грамадства. Адначасова жорстка падаўляліся вызв. рух і сепаратысцкія імкненні нац. меншасцей, праводзіліся тэрор і рэпрэсіі ў дачыненні да дэмакр. апазіцыі. У знешняй палітыцы Рэза-шах займаў антысав. пазіцыі, адначасова імкнуўся да вызвалення І. з-пад брыт. ўплыву. З гэтай мэтай было наладжана паліт. і эканам. супрацоўніцтва з фаш. Германіяй, чые пазіцыі ў І. ў 2-й пал. 1930-х г. значна ўзмацніліся. З пач. 2-й сусв. вайны ў краіне пашырылася дзейнасць ням. агентуры. Пасля нападу фаш. Германіі на СССРсав. ўрад, спасылаючыся на дагавор 1921, увёў у паўн. правінцыі І. свае войскі, адначасова на падставе дэкларацыі ўрадаў СССР і Вялікабрытаніі ў паўд. правінцыі ўведзены брыт. (з 1942 і амер.) войскі. Тут была таксама Андэрса армія. У вер. 1941 Рэза-шах адрокся ад прастола на карысць свайго сына Махамеда Рэза Пехлеві. У вер. 1943 І. аб’явіў вайну фаш. Германіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 у дэкларацыі, прынятай кіраўнікамі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі, даваліся гарантыі цэласнасці, незалежнасці і суверэннасці І., а таксама эканам. дапамогі. У гады вайны ў краіне павялічылася актыўнасць левых сіл, асабліва на тэр., занятай сав. войскамі (у 1941 засн.Нар. партыя І.), у 1945—46 у Іранскім Азербайджане і Курдыстане ўтвораны аўт. рэспублікі, ліквідаваныя пасля вываду адтуль сав. войск.
Ў 1949—51 у І. разгарнуўся масавы рух за нацыяналізацыю прадпрыемстваў англа-іранскай нафтавай кампаніі, які ўзначаліў Нац. фронт на чале з М.Масадыкам. У сак. 1951 меджліс прыняў закон аб нацыяналізацыі нафтавай прам-сці, быў сфарміраваны ўрад на чале з Масадыкам. Ў выніку дзярж. перавароту Масадык зняволены, у жн. 1953 прэм’ер-міністрам стаў ген. Ф.Захедзі. У І. значна ўзмацніўся ўплыў ЗША. У 1954 І. падпісаў пагадненне з Міжнар. нафтавым кансорцыумам аб перадачы яму ў эксплуатацыю паўд.-іранскай нафты, у 1955 І. уступіў у Багдадскі пакт (гл.Арганізацыя цэнтральнага дагавора). У выніку антыўрадавых выступленняў у пач. 1960-х г. у І. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. рэформ (т. зв. «белая рэвалюцыя»), якія мелі на мэце паскарэнне развіцця краіны на зах. ўзор, створана Партыя Новага І., што падтрымлівала праграму рэформ. Палепшыліся адносіны з СССР: у 1963 і 1966 падпісаны сав.-іранскія пагадненні аб эканам. і тэхн., у жн. 1966 і культ. супрацоўніцтве. У час ізраільска-араб. вайны 1967 І. падтрымаў араб. краіны. Нягледзячы на фармальны ўдзел у ваен. блоку СЕНТО і ваен. пагадненне 1959 з ЗША, І. імкнуўся праводзіць незалежную ўнутр. (закон 1973 аб поўнай нацыяналізацыі нафтавай прам-сці) і знешнюю (супрацоўніцтва з сацыяліст. краінамі) палітыку. У 1970-я г. ў грамадстве ўзмацнілася незадаволенасць палітыкай шаха, яго метадамі кіравання і ажыццяўлення рэформ. У апазіцыю ўключыліся і кансерватыўнае мусульм. духавенства (лічыла рэформы ў грамадстве занадта радыкальнымі), і прадстаўнікі левадэмакр. руху (выступалі супраць дэспатычнага праўлення). У 1975 y І. забаронена дзейнасць усіх паліт. партый, створана адзіная Партыя нац. адраджэння І.; узмацніліся рэпрэсіі супраць апазіцыі (дзейнасць тайнай паліцыі САВАК). У 1976—78 актыўнасць апазіцыі пабольшала, у барацьбу ўключыліся прадстаўнікі практычна ўсіх слаёў грамадства, а ў выніку Іранскай рэвалюцыі 1987—79 шахскі рэжым скінуты. 1.4.1979 абвешчана Ісламская Рэспубліка І., у снеж. 1979 прынята новая канстытуцыя, паводле якой паліт. і духоўным кіраўніком краіны стаў лідэр мусульм. апазіцыі аятала Р.Хамейні. У студз. 1980 абраны першы ў гісторыі І. прэзідэнт — А.Бані-Садр, адбыліся выбары ў меджліс. Значныя эканам. і чалавечыя страты краіне нанесла ірана-іракская вайна 1980—88. У чэрв. 1981 меджліс пазбавіў Бані-Садра ўлады, на пасаду прэзідэнта выбраны мусульм. тэолаг С.А.Хаменеі, што засведчыла рэліг.-паліт. адзінства судовай, заканадаўчай і выканаўчай улады. Пасля смерці аяталы Хамейні (1989) Хаменеі выбраны рэліг.-паліт. кіраўніком краіны. У 1990 падпісаны мірны дагавор і ўстаноўлены дыпламат. адносіны з Іракам. Урад І. асудзіў уварванне Ірака ў Кувейт, але пратэставаў супраць ваен. інтэрвенцыі зах. дзяржаў і блакады Ірака. У час вайны ў Персідскім зал. 1990—91 І. захаваў нейтралітэт. Пасля капітуляцыі Ірака ён прыняў тысячы бежанцаў — курдаў і іракскіх шыітаў. Паступова І. выходзіць з паліт. ізаляцыі, наладжвае кантакты з краінамі Захаду і ЗША, а таксама араб. краінамі. На выбарах 1997 прэзідэнтам краіны выбраны М.Хатамі. І. — чл.ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў сак. 1993.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Паводле канстытуцыі і закону 1981 дзейнасць паліт. партый і неісламскіх арг-цый забаронена. У краіне дзейнічаюць Нац.дэмакр. фронт, праварадыкальная Паніранская партыя, Дэмакр. партыя Іранскага Курдыстана; камуніст.Нар. партыя І. на нелегальным становішчы і дзейнічае пераважна ў эміграцыі. З 1989 пачаўся працэс легалізацыі паліт. партый. Прафсаюзы распушчаны ў 1963.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. краіна. З пераходам краіны на рыначны шлях развіцця адноўлены разбураныя вайною з Іракам (у 1980-я г.) раёны, буйныя інвестыцыі ўкладзены ў электраэнергетыку, нафтавую і газавую прам-сць, створана сучасная інфраструктура (дарогі, парты, сродкі сувязі). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1996 склаў 356,7 млрд.дол. ЗША. Доля прам-сці ў ВУП 36%, сельскай гаспадаркі 20%. Вядучая галіна прамысловасці — здабыўная, якая дае асн. прыбытак ад экспарту (87% нафтавая) і забяспечвае нац. гаспадарку сыравінай. Здабыча нафты ў 1995 склала 188 млн.т (4-е месца ў свеце). Перапрацоўка на буйных з-дах у Тэгеране, Ісфахане, Шыразе, Тэбрызе, Абадане. Здабыча спадарожнага і прыроднага газу 25 млрд.м³ (1994). Здабываюць вугаль, храміты, свінцова-цынкавыя, медныя, марганцавыя і жал. руды. На базе нафты развіваецца нафтахім. прам-сць. Вытв-сць аміяку, азотнай к-ты, мачавіны ў Шыразе, Абадане, на в-ве Харк. Магутнасць электрастанцый каля 19 млн.кВт (1996), пераважаюць ЦЭС. Вытв-сць электраэнергіі 79 млрд.кВт. гадз. Пры дапамозе Расіі ў раёне г. Бушыр будуецца АЭС, пры садзейнічанні фірм Японіі і ЗША — гідратэхн. комплекс на р. Карун. З галін цяжкай прам-сці вылучаюцца чорная і каляровая металургія. Вытв-сць сталі ў 1994—4,9 млн.т (Ісфахан, Ахваз), вогнетрывалых матэрыялаў (Эмінабад), медзі (Серчэшме), свінцу і цынку (Зенджан), свінцу (Бафк), алюмінію (Эрак). Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены зборачнымі і ваен. з-дамі (Керэдж, Тэбрыз, Тэгеран). Развіваецца эл.-тэхн. прам-сць (вытв-сць радыёпрыёмнікаў, тэлевізараў, калькулятараў). Прадпрыемствы па вытв-сці цэменту (17,6 млн.т, 1995) у Шыразе, Мешхедзе, Тэгеране, Дарудзе. Развіта тэкст. (баваўняная, суконная, джутавая), абутковая і трыкат.прам-сць, пераважна ў Тэгеранскім, Ісфаханскім і Мазендэранскім астанах. Харч.прам-сць прадстаўлена цукр. (1 млн.т, 1994), алейнай, мукамольнай, рысаачышчальнай, кансервавай, чайнай, тытунёвай галінамі. Ёсць прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці па вытв-сці паперы, кардону, мэблі. Развіта саматужная вытв-сць дываноў, метызаў. Менш развіта сельская гаспадарка. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 10% тэр. краіны. Вядучая галіна — раслінаводства, развіццё якой стрымлівае недахоп арашальных зямель (пл. 4,2 млн.га). Аснова раслінаводства — збожжавыя культуры, пл. пасеваў 9,5 млн.га (1995). Збор (млн.т, 1995) пшаніцы — 11,2, ячменю — 3,1, рысу — 2,3. Значныя пасевы бабовых (фасоля, гарох, сачавіца). Вырошчваюць і тэхн. культуры (пл. каля 500 тыс.га): цукр. буракі, сою, бавоўнік, кенаф, тытунь, чай, кунжут, клешчавіну, опіумны мак. Збор (тыс. т., 1995): цукр. буракоў — 5900, соі — 934, бавоўны — 198, чаю — 56. Развіта агародніцтва. Спецыялізуецца І. на вырошчванні яблыкаў (4% сусв. вытв-сці, 1995), груш (1,6%), сліў (1,9%), вінаграду (3,6%), цытрусавых, персікаў, абрыкосаў, інжыру, фісташак, гранатаў, хурмы. Бахчаводства. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, пашавая. Гадуюць (млн. галоў, 1996) авечак — 51,5, коз — 25,8, буйн. раг. жывёлу — 8,5, коней — 0,3, свіней, аслоў, вярблюдаў, птушку. Развіта шаўкаводства і рыбалоўства (388,3 тыс.т, 1995). Вытв-сць зярністай і паюснай ікры. Транспарт. Даўж. аўтадарог каля 140 тыс.км, у т. л. асфальтаваных 42,7 тыс.км (1996). Аўтамаб. транспартам перавозіцца каля 80% грузаў унутры краіны. Аўтапарк каля 1,6 млн. машын (1996). Даўж. чыгунак 6,4 тыс.км. Марскі транспарт перавозіць каля 50% імпарту краіны. Танаж марскога флоту каля 9 млн.т дэдвейт. Гал. парты ў Персідскім зал. — Харк і Бендэр-Махшэхр (вываз нафты), Абадан, Харэмшэхр, Бендэр-Хамейні, Бушыр (каля 90% знешнегандл. грузаў), у Каспійскім м. — Энзелі і Наўшэхр. Суднаходства па воз. Урмія і р. Карун. У краіне 3,9 тыс.км прадуктаправодаў, 5,9 тыс.км нафтаправодаў, 4,55 тыс.км газаправодаў. 26 аэрапортаў. Экспарт (1997, 22 млрд.дол. ЗША): нафта і нафтапрадукты, прыродны газ, дываны, бавоўна, тканіны, сухафрукты, руды каляровых металаў, ікра. Імпарт (1997, 15 млрд.дол. ЗША): машыны і абсталяванне, хім. прадукцыя, медыкаменты, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Германія, Японія, Італія, Аб’яднаныя Араб. Эміраты, Паўд. Карэя і інш.Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 17,5 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — рыял.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС), ваенізаваныя фарміраванні — корпус «стражнікаў ісламскай рэвалюцыі» (КСІР) і жандармерыю. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 518 тыс., жандармерыі 50 тыс.чал. Камплектуюцца па прызыве. У сухап. войсках больш за 300 тыс.чал., на ўзбраенні 1470 танкаў, 1995 гармат, каля 6,5 тыс. мінамётаў, больш за 800 процітанк. і 2 тыс, зенітных сродкаў, больш за 300 верталётаў і 77 самалётаў армейскай авіяцыі, інш. зброя і тэхніка. У ВПС 30 тыс.чал. асабовага складу (у т. л. 12 тыс. у ППА), 297 баявых самалётаў. У ВМС 18 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 21 баявы карабель, 20 ракетных і 26 патрульных катэраў, 9 баявых верталётаў марской авіяцыі. У сухап. войсках КСІР больш за 350 тыс.чал., каля 1 тыс. танкаў, больш за 600 гармат палявой артылерыі, больш за 2 тыс. мінамётаў і інш.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 66,5, жанчын 69,2 года. Смяротнасць 6 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 650 чал., урачамі — 1 на 1600 чал. Узровень нараджальнасці 33 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 2,6%. Дзіцячая смяротнасць 51 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—5 гадоў, 12-гадовую агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. навуч. ўстановы, ВНУ. Агульнаадук. школа мае 3 ступені (пач, няпоўная і поўная сярэднія). Пач. школа з 6—10-гадовага ўзросту. Пасля 5 гадоў навучання вучні здаюць экзамен і могуць прадоўжыць навучанне ў 3-гадовай няпоўнай -сярэдняй (арыентацыйнай) школе. Поўная сярэдняя школа (макс. ўзрост для паступлення 24 гады) уключае 9—12 кл., апошні — падрыхтоўчы ў ВНУ. Навучанне ў ёй вядзецца на 2 аддзяленнях (гуманіт. і прыродазнаўчанавуковым). Перс. мова і л-ра, замежная мова, рэлігія — агульныя прадметы на абодвух аддзяленнях. Сістэма прафес.-тэхн. падрыхтоўкі ўключае 1-2-гадовыя пач.прафес. школы (на базе агульнаадук.пач. школы), 2- і 4-гадовыя прафес.-тэхн. і спец. вучылішчы (на базе няпоўнай сярэдняй школы). У 1996/97 навуч.г. ў краіне 79 ун-таў і каледжаў (каля 300 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ВНУ: Тэгеранскі ун-т (з 1934), Тэхнал. і інж.ун-т (з 1928), Іранскі нац.ун-т (з 1959) у Тэгеране, Ісфаханскі ун-т (з 1950), Тэхнал.ін-т (з 1939) у Абадане і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. (з 1935) у Тэгеране, Б-ка мячэці імама Разы ў Мешхедзе, б-кі ун-таў. Музеі: Галестанскі палац (з 1894), Археал. (з 1936) і Этнагр. (з 1938) музеі ў Тэгеране, музей «Парс» (з 1938) у Шыразе. Навук. даследаванні праводзяць спец. цэнтры (Доследны цэнтр іранскай культуры, Нац. цэнтр гісторыі мастацтва і археалогіі і інш.), а таксама цэнтры галіновых мін-ваў, Іранскай нац. нафтавай кампаніі, ун-ты і ін-ты. Вядучае месца сярод н.-д. устаноў І. займаюць цэнтры і ін-ты Тэгеранскага ун-та. Каардынуе н.-д. работу Навукова-даследчы к-т (з 1967; уваходзіць у склад мін-ва навукі і вышэйшай адукацыі).
Друк, радыё, тэлебачанне. Прэса пераважна кантралюецца дзяржавай. Сярод буйных выданняў газ. «Абрар» (на перс. мове) і «Tehran Times» («Тэгеранскі час», з 1979, на англ. мове). Найб. тыраж маюць штодзённыя тэгеранскія вячэрнія газ. «Этэлаат» («Паведамленні», з 1925, на перс. мове) і «Кейхан» («Сусвет», з 1942, на перс. мове, з 1980 і на араб., з 1984 і на тур. мовах). Інфарм. агенцтва Ісламік Рыпаблік Ньюс Эйджэнсі (засн. ў 1936 у Тэгеране як ПАРС, з 1982 ІРНА). Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны ўрадавай структуры Ісламік Рыпаблік оф Іран бродкастынг. Радыё па 1, 2 і 3-й (перадачы на Еўропу, Азію, Афрыку і частку ЗША) агульнанац. праграмах. Перадачы для замежжа трансліруюцца на англ., франц., тур., ням., ісп., араб., урду, пушту, арм., рус., курдскай мовах. 2 агульнанац. тэлепраграмы, 28 мясц. тэлевізійных станцый.
Літаратура. Найб.стараж. помнікі пісьменнасці І. — клінапісныя надпісы (6 ст. да н.э.) на стараж.-перс. мове (пехлеві). Стараж.л-ра І. прадстаўлена адзіным помнікам — свяшчэннай кн.«Авеста». Рэліг.-навучальныя, рэліг.гіст. творы і паэзія на пехлеві развіваліся ў 2—7 ст.н.э. Пасля заваявання арабамі (7 ст.) літ. творы ў І. ствараліся пераважна на араб. мове. Л-ра ранняга сярэдневякоўя шматмоўная і шматжанравая. Арабамоўныя паэты 6—9 ст. аль-Хураймі, Башар ібн Бурд, Абу Нувас (іранцы па паходжанні) у паэт. формах рубаі, газелі, касыда, маснаві развівалі тэмы любові да радзімы, гуманіст. ідэі. На тэр. пражывання ўсх. іранцаў і таджыкаў зарадзілася л-ра на мове фарсі (перс.-тадж.л-ра), якая расквітнела ў 10 ст. (паэты А.А.Дж.Рудакі, А.Фірдаўсі). З 2-й пал. 10 ст. мова фарсі стала мовай л-ры і на Захадзе [ібн Сіна (Авіцэна), А.Ш.Балхі і інш.]. Як рэакцыя на ўціск дзярж. улады пачала развівацца містычна-філас.л-ра (Г.Умар Хаям і А.М.Насір Хасроў). Панегірычнай паэзіі процістаяў рамантычны эпас Нізамі Ганджэві. У 13—15 ст. развівалася філас.-містычная, т. зв. суфійская паэзія (Дж.Румі), аформілася гуманіст. плынь (сатырык У.Закані, паэты Саадзі і Хафіз), творчасць апошняга класіка паэта-містыка А.Джамі. 16 — сярэдзіна 18 ст. — перыяд заняпаду перс. л-ры, працэс адасаблення тадж. л-ры; цюркамоўныя народы пачалі ствараць л-ру на роднай мове. У гэты час найб. шырока бытавалі жанры, якія апіраліся на фалькл. традыцыі (дастан), з’явіліся першыя запісы трагічных містэрый — тазіе з рэліг. сюжэтам. У 18 ст. створана літ. аб’яднанне «Вяртанне» (паэты Шуле, І.Маштаг і інш.), члены якога імкнуліся адрадзіць стыль ранніх перс. класікаў (паэты Х.Каані, Вісаль, М.А.Саруш Ісфахані). У 19 ст. сярод паэтаў найб. вядомыя аўтар сатыры «Сардар-намэ» М.А.Ягма Джандагі, М.Саба; з’явіўся жанр мемуараў і падарожных нататкаў, нарадзіўся новы кірунак — асветніцтва (п’есы Мальком-хана, маст. творы Зейн-оль-Абедзіна Мерагеі і інш.). У творчасці паэтэсы Жале загучаў голас пратэсту супраць прыгнёту жанчыны на Усходзе. Падзеі пач. 20 ст. (рэвалюцыя 1905—11, нац.-вызв. рух 1918—21) адлюстраваліся ў паэзіі А.Казвіні, М.Т.Бехара, прозе Ф.Іездзі, гіст. аповесцях С.Кермані, М.Б.Хасраві. Дамінуючы раней гіст. раман (Дж.Фазел, А.Халілі) у сярэдзіне 20 ст. саступіў месца традыц. раману (С.Хедаят, Дж. аль-Ахмат і інш.) і навеле (С.М.А.Джамалзадэ). У паэзіі вылучыліся 2 плыні: паэзія класічных форм (Парвін Этэсамі) і новая, т. зв. бунтарская паэзія, якая адвяргала формы і сутнасць класічнай паэзіі (Німа Юшыдж, што ўвёў новыя тэмы і формы, М.Х.Шахрыяр, Сае). Сярод сучасных празаікаў найб. вядомыя аль-Ахмат, М.Даўлатбадзі, А.М.Афгані, Дж.Мір Садэкі, драматургаў — Хедаят, С.Чубек, Г.Саэдзі. Развіваецца публіцыстыка.
Архітэктура. Найб.стараж. помнікі на тэр. І. адносяцца да эпохі неаліту: рэшткі земляробчых паселішчаў з глінабітнымі і сырцовымі жытламі (5—4-е тыс. да н.э.; Тэпе-Сіялк). Ад часоў Элама захаваліся зікураты, ад 10—6 ст. да н.э. — скальныя пахавальні з двухстаўповай фасаднай нішай. Пры Ахеменідах у гарадах Пасаргады, Персепаль, Сузы будавалі манум. палацы з шматстаўповымі заламі (ападанамі), высокія калоны якіх увенчваліся складанымі капітэлямі. Палацы аздаблялі каменнымі рэльефамі. У 3—7 ст. інтэнсіўна будавалі ўмацаваныя гарады з рэгулярнай планіроўкай (Нішапур). Скляпеністыя залы (айваны) дапаўняліся купальнымі (Фірузабад, Сервестан), квадратныя ў плане свяцілішчы агню накрывалі купаламі. З араб. заваяваннем (7 ст.) і пашырэннем ісламу ў І. з’явіліся мячэці з шматкалоннымі скляпеністымі галерэямі вакол двара. У 11—14 ст. будавалі вежавыя маўзалеі (Гамбедэ-Кабус, 1006), мінарэты (Бестам, 1120), медрэсе і інш. Цагляную муроўку пакрывалі палівай. Да 12 ст. склаўся тып іранскай мячэці: прамавугольны двор, абкружаны галерэямі з 4 айванамі па восях і купальнай залай за адным з айванаў (Саборная мячэць у Ісфахане). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) і ў часы праўлення ільханаў Хулагуідаў у архітэктуры ўзнікла імкненне да вытанчаных, моцна выцягнутых прапорцый і дэкору, насычанага разнастайнымі формамі і шматколернымі ўзорамі (8-гранны маўзалей Альджэйту-Хадабендэ ў Салыаніе, 1305—13, азерб. дойлід Алі-Шах). У перыяд Сефевідаў (16—17 ст.) пашырыліся буд-ва на караванных шляхах (караван-сараі, масты) і горадабудаўніцтва (Казвін); ствараліся грандыёзныя гар. ансамблі (Ісфахан), развівалася садова-паркавая архітэктура. У архітэктуры 20 ст. новыя тыпы пабудоў з жалезабетонных канструкцый, шкла і металу суіснуюць са стараж. і сярэдневяковымі традыцыямі. У 1930-я г. будавалі на ўзор палацаў Персепаля, ахеменідскіх ападанаў (будынак Археал. музея ў Тэгеране, 1938). Іх уплыў відавочны і ў пабудовах 1950—80-х г.: нац.с.-г. банк (1958, арх. М.Фараўгі, А.Садэгі, Зафар), будынак Сената (1959, арх. Фараўгі, Х.Гіяі), гар. сад Баге-Мелі са штучным возерам, дзіцячым паркам і павільёнамі (арх. Х.Сейхун) — усе ў Тэгеране.
Выяўленчае мастацтва. Маст. культура І. развівалася ва ўзаемадзеянні з маст. культурамі народаў Б. Усходу, Цэнтр. і Сярэдняй Азіі. У 3—2-м тыс. да н.э. на ПдЗ І. развівалася мастацтва дзяржавы Элам. Серыя арыгінальных твораў тарэўтыкі (рэльефная апрацоўка вырабаў з металу), выяўленая на ўзгорку Хасанлу каля воз. Урмія, сведчыць пра існаванне тут буйной маст. школы ў 1300—1000 да н.э. Кераміка гэтага перыяду адметная формамі (збаны са злівам у выглядзе трылісніка) і высокім узроўнем тэхналогіі (чорныя з глянцаваннем танкасценныя фігурныя і зааморфныя пасудзіны). У зах. І. выяўлена «лурыстанская бронза» 12—7 ст. да н.э.: літыя рытуальныя сякеры, кінжалы, дэталі конскай вупражы, аздобленыя выявамі фантаст. істот. У 7—1-й пал. 6 ст. да н.э. цэнтрам маст. культуры была дзяржава Мідыя. У мастацтве перыяду Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.) найб. значнай была манум. скульптура: каменныя (Персепаль) і шматколерныя паліваныя (Сузы) рэльефы з выявамі ўрачыстых працэсій і інш. Захаваліся сярэбраныя і залатыя пасудзіны з чаканкай і гравіроўкай, пячаткі, манеты, тканіны, аздобленыя сцэнамі барацьбы «цара-героя» з пачварай, ваен. трыумфаў, палявання, геральдычнымі і расліннымі матывамі. У канцы 4—2 ст. да н.э. ў І. ствараліся помнікі ўсх.эліністычнага мастацтва. У мастацтве дзяржавы Сасанідаў (3—7 ст.) асн. роля належала манум. скульптуры (статуя Шапура I, высечаная ў гіганцкім сталактыце ў гроце каля Бішапура; каменныя рэльефы ў Накшы-Рустэме, Таге-Бастане); росквіту дасягнула мастацтва тарэўтыкі і гліптыкі. Араб. заваяванне (7 ст.) і пашырэнне ісламу ў І. суправаджалася зменамі эстэт. уяўленняў, развіццём арнаменту, каліграфіі і дэкар. пачатку ў выяўл. мастацтве. Ад 8—13 ст. захаваліся фрагменты насценных размалёвак і стукавыя пано са сцэнамі палявання, прыдворнага жыцця (з палацаў Рэя, Саве, Нішапура). Пра існаванне мініяцюры сведчыць ілюстраваная «Кніга адлюстраванняў пастаянных сузор’яў» Абдарахмана ас-Суфі (1009—10, мастак аль-Хусейн). У 11—12 ст. пашыраны бронз. вырабы з меднай і сярэбранай інкрустацыяй, пасудзіны з каляровага шкла, шыкоўна арнаментаваныя тканіны. 9—13 ст. — росквіт мастацтва керамікі з размалёўкай люстрам, ажурна-праразным і гравіраваным (сграфіта) арнаментам і інш. (Нішапур, Рэй, Кашан, Саве). Пасля манг. заваявання (1220-я г.) у мініяцюру, аздабленне керамікі і тканіны праніклі далёкаўсх. выяўл. і дэкар. матывы (драконы, феніксы, лотасы). Іншаземны ўплыў быў перапрацаваны ва ўласна іранскі стыль у шыразскай школе мініяцюры і ў размаляванай кераміцы Кашана 1-й пал. 14 ст. У развіцці мініяцюры 15 — пач. 16 ст. важную ролю адыгралі жывапіс герацкай школы мініяцюры і творчасць Х.Бехзада. Эпоха Сефевідаў (16—17 ст.) вылучалася росквітам мастацтва рукапіснай кнігі і мініяцюры (школы: тэбрызская, мешхедская, казвінская, ісфаханская школа). У Тэбрызе, Кашане, Ісхафане выраблялі шоўк, аксаміт, парчу, атлас, тканіны з тканымі сюжэтнымі выявамі, ваўняныя і шаўковыя дываны, размаляваны фаянс і інш. У 18—19 ст.нац.маст. традыцыі працягваліся ў нар. мастацтве. Пад уплывамі еўрап. мастацтва ў 2-й пал. 17 ст. ўзніклі алейны жывапіс і акварэль (А.Сані-оль-Мольк, Махмуд Малек-ош-Шаара). З пач. 20 ст. развіваецца сучаснае выяўл. мастацтва. У 1920 мастак Кемаль оль-Мольк засн. Школу жывапісу і скульптуры ў Тэгеране. Побач з рэаліст. кірункам (жывапісцы Х.А.Вазіры, М.Макадам, А.Амеры, скульпт. А.Садэгі) развіваліся традыц. (мініяцюрысты Бехзад, А.Імамі) і мадэрнісцкія плыні. З’явілася цікавасць да нар. жывапісу, лубка. У 1959 у Тэгеране засн. Вышэйшая школа дэкар. мастацтваў, мастакі якой імкнуцца да засваення традыцый мініяцюры, каліграфіі, керамікі, дыванаробства, стварэння самабытных твораў мастацтва. У сучасным І. найб. папулярныя інкрустацыя дрэвам, перламутрам і косцю, чаканка па метале (Ісфахан, Шыраз).
Музыка І. складвалася ў працэсе гіст. сінтэзу і ўзаемадзеяння найстараж. культур, якія існавалі на тэр. сучаснага І., і муз. традыцый Сярэдняй, Цэнтр., Паўд. Азіі і Закаўказзя. Традыц. музыка ўключае лакальныя муз. і муз.-танц. формы. Сярод муз. інструментаў найб. пашыраны: струнна-шчыпковыя — бэрбэт, танбур, уд, тар (тыпу лютні), струнна-смычковы рэбаб, сантур (тыпу цымбалаў), духавыя най (флейта), зурна (тыпу габоя), медны духавы карнай, ударныя дэф (бубен), накхар (парны барабан) і інш. Сярод жанраў ісламскай (шыіцкай) традыцыі: азан (заклік да малітвы), тазіе (містэрыя-драма), марсіе (жалобныя плачы), маснаві (суфійскія містычныя паэмы). Асновы іран. класічнай музыкі закладваліся ў часы Ахеменідаў (6—4 ст. да н.э.), Сасанідаў (3—7 ст.н.э.), пазней Абасідаў. Яе інстр. і вак.-паэт. жанры засн. на прынцыпе ладамеладычнага разгортвання і кампазіцыйнай будовы дастгаху. Вял. ўклад у музыку сярэдневякоўя зрабілі вучоны і спявак, аўтар сямі «каралеўскіх ладоў» Барбад, заснавальнік шэрагу паэт. і муз. норм класічнай іран. музыкі А.Фірдаўсі і інш. Класічная муз. тэорыя распрацавана ў трактатах Кіндзі (9 ст.), Фарабі (10 ст.). Традыцыі прафес. музыкі І. падтрымлівалі спадчынныя групы паэтаў і музыкантаў — ашугі і мутрэбы. У традыц. музыцы склаліся характэрныя тыпы ансамбляў — даст-эматрэб, сазандэ, навазандэ з 3—5 выканаўцаў. З канца 19 ст. ў музыку І. пранікаюць еўрап. ўплывы (традыцыі ваен. аркестраў, некат. формы папулярнай музыкі). Муз. цэнтрам стаў Тэгеран. Адкрыты кансерваторыя еўрап. тыпу (1918), т-р оперы і балета (1967), створаны аркестры нац. інструментаў, сімф. аркестр (1946), філарманічнае т-ва (1940), Цэнтр па захаванні і пашырэнні традыц. музыкі, Вышэйшае муз. вучылішча (1908), Нац. кансерваторыя (1949). Пасля абвяшчэння Ісламскай рэспублікі (1979) тут дазволены толькі афіц. песні і рэліг. формы муз. мастацтва.
Тэатр. У даісламскі перыяд (да 7 ст.) тэатр элементы прысутнічалі ў рытуалах зараастрыйскіх магаў, у нар. звычаях. Захаваліся звесткі пра стараж.т-рперс. скамарохаў «базігер»; ладзіліся прадстаўленні масак, было развіта мастацтва пантамімы, т-раў ценяў і лялек (Пахлаван-Качаль — т-р пятрушак, хеймешаб-базі — т-р марыянетак). Самая стараж.тэатр. форма мусульманскага І. — нар. містэрыя тазіе («суцяшэнне», «аплакванне»). У 17—18 ст. на матэрыяле першапачатковых спісаў з’явіліся запісы містэрый у форме вершаў. Выконваліся яны нараспеў акцёрскім ансамблем з гараджан-мужчын з фіксаваным размеркаваннем роляў. Да 1930-х г. існавалі вандроўныя акцёры масхарэбаз, якія выконвалі імправізацыйныя быт. сцэнкі камічнага характару. Першы дзярж.т-р створаны ў 1890 пры Політэхн. вучылішчы Дар-оль-фанун для палацавай знаці. Ён пачаў сваю дзейнасць з пераробак п’ес еўрап. аўтараў. На пач. 20 ст. створана тэатр. акцыянернае т-ва «Фарханг», у 1911—12 — Нац.т-р, у 1917 — т-р «Іранская камедыя», пры ім існавала акцёрская школа, што падрыхтавала першых іранскіх актрыс. Цэнтрам тэатр. мастацтва 1.1930—40-х г. стаў Тэатр-студыя ў Тэгеране (засн. ў 1932 першым тэатр. мастаком С.Керманшахі). Значную ролю ў іранскім тэатр. мастацтве адыграў акцёр, рэж., драматург А.Нушын, які ў 1942 стварыў т-р «Фарханг» (з 1945 «Фірдаўсі», потым «Саадзі»). У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся таксама т-ры «Камедые ахван» («Камедыя братоў»), «Ханар», «Гаўхар», «Тэатрэ кешвар» і інш. ў Тэгеране, правінцыяльныя сцэны ў Рэшце, Мешхедзе, Ісфахане і інш. З канца 1940-х г.т-р І. перажыў крызіс (адсутнасць фінансавання, тэатр. памяшканняў, прафес. акцёраў). З 1960-х г. назіраецца ўздым т-ра: з’яўляюцца пастаянныя трупы («Тэатр сёння», Нац. трупа і інш.), працуюць т-ры ў Тэгеране («25-га шахрывара», «Касра», «Наср», «Джамеэе Барбад»), Мешхедзе (Нац.т-р), Ісфахане («Сепахан»), Хамадане («Буалі») і інш.
Кіно. Першыя фільмы ў І. зняты ў 1930—40-я г. (нямы фільм «Абі Рабі» Эханіяна, 1930, гукавы — «Дачка Лора» А.Х.Сепенгы, 1934). У 1945 рэж. І.Кушан стварыў у Тэгеране першую кінастудыю «Мітрафільм» (пазней «Парсфільм»). Стужкі Кушана і інш. рэжысёраў былі пераважна камерцыйныя (касцюмныя драмы і меладрамы, на гіст. сюжэты). Рэгулярная кінавытворчасць пачалася ў 1950-я г. Вехай нац. кіно стаў фільм рэж. А.Шыразі «Партовы злодзей» (1954) пра побыт і адносіны людзей ніжэйшых сац. колаў. У 1960-я г. ў Тэгеране ўзніклі недзярж. кінастудыі: «Іран-фільм», «Афа Талаі», «Караван-фільм» і інш., якія здымалі пераважна фільмы «лёгкіх» жанраў — меладрамы, камедыі, дэтэктывы, мюзіклы і фільмы на матэрыяле мінулага («Зуб дракона», «Любоўная пастка» Кушана, «Адзін крок да смерці» Ж.Вазіяна, «Сельская мелодыя» М.Махсені і інш.). Некаторыя фільмы адлюстроўвалі нар. жыццё («Ластаўкі вяртаюцца ў свае гнёзды», «Цэгла і люстэрка» І.Галестана, «Але цяжкасці застаюцца» Х.Дар’юша і інш.). Важную ролю ў гісторыі іранскага кіно адыграла творчасць рэж. Д.Мехрджуі («Карова», 1970, «Дзівак», 1971, «Паштальён», 1973), Ш.Салеса, М.Набілі, М.Кім’яі, Б.Фарманара. З абвяшчэннем Ісламскай Рэспублікі ў фільматворчасці 1980-х г. адбыліся значныя змены. На гэты перыяд прыпадае росквіт кінаталентаў, што дэбютавалі ў 1970-я г.: рэж. Б.Бейзаі («Балада пра Тару», «Смерць Яэдгерда», «Чужы Башу», «Магчыма, у другі раз» і інш., сучасныя сюжэты якіх афарбаваны містыкай); А.Кіярастамі («Першакласнікі», «Дзе дом сябра?», «Дамашняе заданне», пра паэтычны свет маленства); Н.Таўгаі (тэлефільм «Светласць у прысутнасці іншых», «Капітан Харшыд»). У 1980-х г. творчую дзейнасць пачалі рэж. М.Махмалбаф, Э.Хатамікія, М.Сабазадэ, Х.Кавуш, Н.Нікнежад, М.Давідэлі, В.Карым-Масіхі, К.Айры, І.Фарузеш і інш. Для кіно гэтага перыяду характэрны тэматычная і стылявая разнастайнасць, увасабленне паліт. і сац. з’яў. У стужках 1990-х г. знайшлі адлюстраванне падзеі ірана-іракскай вайны («Ад Кархе да Рэйна» Хатамікіі), быт. тэмы, т. зв. сямейныя «разборкі» ў рэтра-стылі («Апошні акт» В.Карым-Масіхі), свету кіно («Аднойчы ў кіно», «Салам, сінема» Махмалбафа), «анталогія прытворства» («Акцёр» Махмалбафа), дабрыня, кволасць дзіцячага свету («А жыццё працягваецца», «У засені аліў», «Смак чарэшні» Кіярастамі). Развіта дакумент. кіно (рэж. Махмалбаф). У 1990-я г. стваралася да 50 фільмаў за год.
Літ.:
История Ирана. М., 1977;
Арабаджян З.А. Иран;
власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991;
Morgan D. Medieval Persia 1040—1797. London;
NewYork, 1988;
Брагинский И.С. Из истории персидской и таджикской литературы. М., 1972;
Комиссаров Д.С. Пути развития новой и новейшей персидской литературы: Очерки М., 1982;
Дандамаев М.А., Луконин В.Г. Культура и экономика Древнего Ирана. М., 1980;
Виноградов В.С. Классические традиции иранской музыки. М., 1982.
Герб і сцяг Ірана.Да арт.Іран: 1 — рысавыя палі на Прыкаспійскай нізіне; 2 — Тэгеран. Паўночная частка горада.Да арт.Іран. Іранскае нагор’е.Да арт.Іран. Старажытнаіранскія воіны эпохі Ахеменідаў. Фрагмент рэльефу з Персепаля.Да арт.Іран. Горад Персепаль. 5—4 ст. да н.э.Да арт.Іран. Саборная мячэць у Ісфахане.Да арт.Іран. Керамічны збан з г. Кашан.Да арт.Іран Талерка, аздобленая люстрам, з г. Кашан. 1210.Да арт.Іран Адам і Ева. Ілюстрацыя да рукапісу Манафі аль-Хаяван. 1294—99.Да арт.Іран. Мініяцюра «Прыезд Шырын да Фархада» да рукапісу «Хамсс» Нізамі. Шыразская школа. 1491.Да арт.Іран. Парчовая тканіна з выявай куста шыпшыны і птушкі. Сярэдзіна 17 ст.Да арт.Іран. Дыван з г. Казвін. 2-я пал. 16 ст.