ІБН СІ́НА (Абу Алі Хусейн ібн Абдалах) (латынізаванае Авіцэна; Avicenna; 16.8.980, с. Афшана, каля г. Бухара, Узбекістан — 18.6.1037),
філосаф, вучоны-энцыклапедыст, урач, паэт. Па паходжанні таджык. Жыў і працаваў у Бухары, Харэзме, Іране. Аўтар 456 твораў на арабскай і 23 на мове фарсі (таджыкскай), прысвечаных праблемам логікі, філасофіі, фізікі, матэматыкі, рыторыкі, паэзіі. Найважн. творы: «Кніга збавення» (18 тамоў), «Кніга справядлівасці» (20 тамоў), «Філасофія ўсходнікаў», «Кніга ўказанняў і павучанняў»; больш за 40 прац прысвечаны медыцыне, у т. л. «Канон урачэбнай навукі» (у 5 кнігах). Яго філасофія працягвае традыцыі ўсх. арыстоцелізму і неаплатанізму; прызнанне аб’ектыўнасці і вечнасці быцця, дыялект. сувязі матэрыі і руху. Адстойваў прынцып адзінства мыслення і доследных ведаў, сцвярджаў існаванне свету ідэй незалежна ад свету рэчаў. Аўтар вершаў (пераважна ў форме рубаі), а таксама вялікай «Касыды аб душы», філас. аповесцей «Жывы, сын Нядрэмнага», «Пасланне пра птушку», «Саламан і Абсал» і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Математические главы «Кнігі знания». Душанбе, 1967;
Избр. филос. произв. М., 1980;
Поэзия Ташкент, 1980;
Канон врачебной науки Кн. 1—5. 2 изд. Ташкент, 1979—82.
Літ.:
Завадовский Ю.Н. Абу Али ибн Сина: Жизнь и творчество Душанбе, 1980;
Сагадеев АВ. Ибн-Сина (Авиценна). 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Авіцэна, гл. Ібн Сіна
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЙНІ́ (сапр.Садрыдзін Саід-Мурадзада; 27.4.1878, кішлак Сактарэ, каля г. Гіждуван, Узбекістан — 15.7.1954),
таджыкскі пісьменнік, вучоны. Ганаровы акад.АН Узбекістана (1943), 1-ы прэзідэнт АН Таджыкістана (з 1951). Вучыўся ў бухарскіх медрэсе. Пісаў на тадж. і узб. мовах. Прапагандаваў асв. ідэі. Аўтар зб. вершаў «Іскры рэвалюцыі» (1923). Талент Айні-бытапісца выявіўся ў аповесці «Адзіна» (1924), раманах «Дахунда» (1930), «Рабы» (1935). Аўтар кн. «Успаміны» (кн. 1—4, 1949—54), прац па гісторыі і л-ры народаў Сярэдняй Азіі, пра творчасць Рудакі, Ібн Сіна, Фірдаўсі, Саадзі, Наваі і інш.Дзярж. прэмія СССР 1950.
Літ.:
Айни Х. Жизнь Садриддина Айни: (краткий хронол. очерк). Душанбе, 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-КАРЭ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА,
старажытная платформа, што ахоплівае басейн сярэдняга і ніжняга цячэння р. Хуанхэ, Карэйскі і Шаньдунскі п-вы і акваторыю Жоўтага м. Уключае на З Ардонскую сінеклізу, антэклізу Шаньсі, Паўн.-Кітайскую сінеклізу, якія складаюць Паўн.-Кіт. пліту, на У — Сіна-Карэйскі шчыт і Усх.-Кіт. перыкратоннае апусканне, што раскрываецца ў аднайменнае ўскраіннае мора. Крышт. фундамент платформы складзены з гранітаў, гнейсаў і крышт. сланцаў архейскага і пратэразойскага ўзросту; выходзіць на паверхню ў межах Карэйскага, Ляадунскага і Шаньдунскага п-воў і на З ад Пекіна (прав. Шаньсі). Фундамент перакрыты гарызантальна залеглым або слабадыслацыраваным асадкавым чахлом, складзеным з верхнепратэразойскіх (сінійскіх), ніжне- і верхнепалеазойскіх, мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў, пашыраных у межах нізін і на шэльфе. Радовішчы жалезістых кварцытаў, баксітаў, каменнага вугалю, гаручых сланцаў, нафты і газу. З мезазойскім магматызмам звязаны радовішчы золата, вальфраму і поліметалаў на Карэйскім п-ве, сурмы і медзі на Ляадунскім п-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКА-ТЫБЕ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
сіна-тыбецкія мовы, сям’я моў, адна з самых вял. у свеце. Пашыраны ў Цэнтр. і Паўд.-Усх. Азіі. Уключаюць больш за 100 (паводле інш. звестак — некалькі сотняў) моў. Падзяляюць на 2 асн. галіны: кіт. (кітайская мова, дунганская, магчыма, мова бай, або мінцзя) і тыбецка-бірманскую (бірманская мова, тыбецкая мова, мовы карэнскія, хані, маніпуры, або мейтхей, бадо, або качары, гаро, цзінпо, або качын, лісу, таманг, неварская, гурунг). Існуюць 2 асн. тыпы іх пісьменнасцей: пікта-ідэаграфічныя (кіт. іерогліфіка, тангуцкае пісьмо, пісьмо насі і пісьмо i) і фанетычныя пісьменнасці інд. паходжання — тыбецкія і бірманскія алфавіты, пісьмо невары, ронг, або ленча, маніпуры, мёртвай мовы п’ю, і пісьменнасці, створаныя на аснове лац. ці рус. алфавіта — мовы падгрупы лоло. К.-т. м. коранескладовыя, ізалюючыя з тэндэнцыяй да аглюцінацыі. Марфема, як правіла, адпавядае складу; корань звычайна не змяняецца. Часціны мовы вылучаюцца па значэнні слоў, па іх здольнасці ўжывацца ў складзе пэўных сінтакс. канструкцый і па спалучальнасці са службовымі марфемамі.
Літ.:
Яхонтов С.Е. Глоттохронология и китайско-тибетская семья языков. М., 1964.