Валянціна Сямёнаўна (2.8.1899—28.11.1975) і Зінаіда Сямёнаўна (2.8.1900—9.2.1983). Засл. дз. маст. Расіі (абедзве 1968). Скончылі ВХУТЭМАС (1925). Удзельнічалі ў стварэнні першых сав. мультфільмаў, з 1937 на кінастудыі «Саюзмультфільм». Знялі фільмы-казкі для дзяцей: «Чырвоная шапачка» (1937), «Кот у ботах» (1938), «Казка пра цара Салтана» (1943), «Сіндбад-мараход» (1944), «Федзя Зайцаў» (1948), «Дзяўчынка ў цырку» (1950), «Тры таўстуны» (1963), «Агонь» (1971), сатыр. фільмы «Вялікія непрыемнасці» (1961), «Новыя вялікія непрыемнасці» (1973) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЯ́ЧЫЧ (Святлана Сямёнаўна) (н. 2.4.1937, Мінск),
бел. танцоўшчыца. Нар.арт. Беларусі (1977). З 1952 у Дзярж.нар. хоры БССР. У 1960—83 салістка Дзярж. ансамбля танца Беларусі.
Выконвала сола ў многіх пастаноўках калектыву («На Купалле», «Вянок беларускіх танцаў», «Беларуская рапсодыя», «Гусі-лебедзі», «Беларускае вяселле» і інш.). Яе выкананне вылучалася пластычнасцю, эмацыянальнасцю.
Харэаграфічная кампазіцыя «На Купалле». Саліруе С.Вуячыч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГО́РСКАЯ (Ніна Сямёнаўна) (н. 16.7.1940, в. Загор’е Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. паэтэса, публіцыст, крытык. Засл. работнік культуры Беларусі (1992). Скончыла БДУ (1962). Працавала на Бел. радыё і тэлебачанні, з 1982 у Мін-ве культуры Беларусі, з 1996 у Бел. ун-це культуры. Друкуецца з 1958. Творчасці ўласцівы лірыка-філас. светаразуменне, актуальнасць і сац. скіраванасць тэматыкі. Аўтар паэт. зб-каў «Радар» (1975), «Явар» (1982), «Мне добра з вамі» (1989). Асобныя яе вершы пакладзены на музыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ,
княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ. Вялі радаслоўную ад вял. князя Альгерда, які ў дакументах 1366 пазначаны як уладар г.Кобрын. Верагодна, Кобрын перайшоў да яго сына Фёдара Ратненскага, які меў сыноў Гурку, Сангушку (родапачынальнік князёў Сангушкаў) і Рамана — родапачынальніка князёў К.
Раман Фёдаравіч (? — пасля 1417) упамінаецца ў дакументах з 1387. У 1404 вял. князь Вітаўт выдаў яму грамату на валоданне Кобрынам і навакольнымі маёнткамі (Грушава, Несухаіжы і інш.; гл.Кобрынскае княства); у 1411—17 пры двары польск. караля Ягайлы. Сямён Раманавіч (7 — каля 1460), сын Рамана Фёдаравіча. У 1431 дапамагаў вял. князю Свідрыгайлу бараніць Луцк ад войск Ягайлы. Іван Сямёнавіч (? — каля 1490), сын Сямёна Раманавіча. Зрабіў шмат наданняў цэрквам Кобрыншчыны, у 1473 — царкве Божага Нараджэння ў Пружанах. Апошні мужчынскі прадстаўнік роду К. Пасля яго смерці Кобрынскае княства пакінута яго ўдаве Фядоры Іванаўне з роду Рагацінскіх. Марыя Сямёнаўна (? — каля 1510), дачка Сямёна Раманавіча, жонка маскоўскага князя Івана Васілевіча Краснага. Ганна Сямёнаўна (? — люты або сак. 1519), дачка Сямёна Раманавіча. У 1481 выдадзена замуж за князя Фёдара Уладзіміравіча Бельскага, які ўцёк у Маск. дзяржаву з-за выкрыцця яго ўдзелу ў змове супраць Казіміра IV. Да 1512 трымала Кобрынскае княства, якое пасля яе смерці перайшло да мужа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ШЧАНКА (Людміла Сямёнаўна) (н. 5.4.1944, в. Пагост Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. хімік-неарганік.
Д-р тэхн.н. (1992), праф. (1993). Скончыла Бел.тэхнал.ін-т (1966). З 1966 у Бел.тэхнал. ун-це. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі фасфатаў металаў. Распрацавала спосабы атрымання каталізатараў, сарбентаў, носьбітаў каталітычна актыўных рэчываў на аснове сітавінных матэрыялаў новага тыпу — ксерагеляў і каркасных (цэалітнага тыпу) фасфатаў металаў.
Тв.:
Термическая стабильность и кислотостойкость алюмосиликофосфатных цеолитов (у сааўт.) // Изв. АНСССР. Сер. Неорганические материалы. 1986. Т. 22, № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНІ́ЦКАЯ (Вольга Сямёнаўна) (11.6.1914, в. Хіжна Чаркаскай вобл., Украіна — 5.11.1986),
бел. фізік-тэарэтык. Д-рфіз.-матэм.н. (1971). Скончыла Сярэднеазіяцкі ун-т у Ташкенце (1938). У 1934—63 у ВНУ Ташкента і Кіева, з 1963 у Ін-це фізікі АН Беларусі. Навук. працы па агульнай тэорыі адноснасці (АТА). Распрацавала фіз. аспекты і матэм. апарат тэтраднай фармулёўкі АТА, прапанавала сістэматызацыю гравітацыйных эфектаў, прадказаных АТА.
Тв.:
Обобщенные преобразования Лоренца и их применение. Мн., 1969;
Лоренцев базис и гравитационные эффекты в эйнштейновой теории тяготения. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́ЛІК (Альбіна Сямёнаўна) (н. 16.7.1947, с. Малы Істок Сысерцкага р-на Екацярынбургскай вобл., Расія),
бел. фізік. Д-рфіз.-матэм.н. (1997). Скончыла БДУ (1971). З 1971 у Ін-це прыкладной фізікі Нац.АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі цвёрдага цела, уласцівасцях электрапераносу, электроннай структуры металаў і сплаваў. Распрацавала тэорыю і мадэлі для разліку ўкладу структурных дэфектаў рознай размернасці ў электрасупраціўленне і тэрмаэлектрарухальную сілу металаў, тэорыю тэрмаэл. і п’езатэрмаэл. эфектаў у сплавах.
Тв.:
Структурная зависимость термоэлектрических свойств и неразрушающий контроль. Мн., 1990 (разам з А.А.Лухвічам, У.І.Шарандам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ТКІНА (Леанора Сямёнаўна) (н. 22.7.1929, Мінск),
бел. вучоны ў галіне неўралогіі. Д-рмед.н. (1971), праф. (1976). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1953). З 1953 у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1959 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па пытаннях сасудзістай паталогіі галаўнога мозга, цэрэбраваскулярных хвароб, медыка-сацыяльнай экспертызы, інваліднасці і рэабілітацыі.
Тв.:
Инфаркт мозга. Мн., 1973 (разам з Д.А.Маркавым, Э.І.Злотнікам);
Вертебрально-базилярные инсульты. Мн., 1977 (разам з І.П.Антонавым);
Врачебно-трудовая экспертиза. Мн., 1981 (разам з Т.А.Гурыновіч, М.М.Хоміч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫ́НІНА (Ларыса Сямёнаўна) (н. 27.12.1934, г. Херсон, Украіна),
украінская спартсменка (спарт гімнастыка). Засл. майстар спорту СССР (1956), засл. трэнер СССР (1972), суддзя міжнар. катэгорыі (1968). Скончыла Кіеўскі ін-тфіз. культуры (1959). Ст. трэнер жан. зборнай каманды СССР (1966—77), дзяржтрэнер Маскоўскага спарткамітэта (1980—90). Уладальніца найб. колькасці медалёў (18) у гісторыі сучасных Алімп. гульняў, 9-разовая чэмпіёнка XVI, XVII і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія — у асабістым і камандным першынствах, апорных скачках, вольных практыкаваннях; 1960, Рым — у асабістым і камандным першынствах, вольных практыкаваннях; 1964, Токіо — у камандным першынстве і вольных практыкаваннях). Абс. чэмпіёнка свету (1958, 1962), Еўропы (1957, 1961), СССР (1961—62). Аўтар успамінаў «Гімнастыка праз гады» (1977).