КРЫВАШЭ́ЕВА Валянціна Сямёнаўна (н. 30.7.1944, г.п. Церахоўка Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатральна-маст. ін-т (1968). Працуе ў галіне ручнога ткацтва і габелену. Аўтар габеленаў: «Нацюрморт» (1975), «Восеньскі нацюрморт» (1976), «Месяц чэрвень» (1981); серыя «Адчыненыя вокны» (1984), «Чорнае і белае» (1986), «Партрэт» (1990), «Прысвячэнне ткачыхам» для Мінскага абласнога краязнаўчага музея з г. Маладзечна (1991); трыпціхі «Лес» для кавярні «Паўднёвы Захад» у Мінску (1983), «Дні позняй восені» для Ліцэя мастацтваў г. Ніжнявартаўск (Расія, 1995); цыкл «Архітэктура Беларусі» для банкетнай залы гасцініцы «Турыст» (1988), габелена-заслоны для Палаца Рэспублікі ў Мінску (1992—2001, у сааўт.), «На скрыжаванні лёсу» (1996) і інш. Творы вызначаюцца асацыятыўнасцю, дэкаратыўнай абагульненасцю, смелымі колеравымі спалучэннямі.
Л.Ф.Салавей.
т. 18, кн. 1, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)