МІРАШНІЧЭ́НКА (Яўгенія Сямёнаўна) (н. 12.6.1931, с. Радзянскае Валчанскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна),
украінская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арт. СССР (1965). Скончыла. Кіеўскую кансерваторыю (1957). З 1957 салістка Кіеўскага т-ра оперы і балета. Валодае лёгкім рухомым голасам вял. дыяпазону, дасканалай тэхнікай, яскравым артыстызмам. Сярод лепшых партый: Венера («Энеіда» М.Лысенкі), Іалан («Мілана» Г.Майбарады), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.Даніцэці), Манон («Манон» Ж.Маснэ), Віялета, Джыльда («Травіята», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мюзета («Багема» Дж.Пучыні), Шамаханская царыца, Марфа («Залаты пеўнік», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава). 2-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў (г. Тулуза, Францыя, 1958). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1981.
т. 10, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)