А́КЦЫЯ КАТАЛІ́ЦКАЯ,

сукупнасць свецкіх арг-цый вернікаў-католікаў, дзейнасць якіх каардынуе Ватыкан. Пачалі стварацца ў 19 ст. дзеля захавання ўплыву каталіцкай царквы і магчымасці непасрэднай паліт. дзейнасці духавенства. Арганізацыйна аформілася пасля 1922 па ініцыятыве папы Пія XI, які вызначыў яе паліт. мэты: спрыяць укараненню ў грамадстве асн. ідэй каталіцкай сац. праграмы, папскіх энцыклік (пасланняў), пашыраць грамадскую базу каталіцкай царквы, актыўна ўплываць на паліт. асяроддзе. У час парламенцкіх выбараў арг-цыі акцый каталіцкіх вядуць агітацыю пераважна за прадстаўнікоў каталіцкіх партый. Некаторыя з гэтых партый (ХДП у Італіі, ХДС/ХСС у Германіі, СХП у Бельгіі, АНП у Аўстрыі і інш.) прыходзілі да дзярж. улады. У залежнасці ад рэгіёна і гіст. умоў дзейнасць акцый каталіцкіх набывае спецыфічныя рысы: у 1929—43 у Італіі ў адпаведнасці з Латэранскімі пагадненнямі яна падпарадкоўвалася рэжыму Мусаліні; у Германіі дзейнічае пры епархіях як сістэма камісій па наглядзе за выхаваннем у школе, а праз сродкі масавай інфармацыі — за «маральным станам нацыі». У 1925—39 акцыя каталіцкая (пераважна суполкі пры касцёлах) дзейнічала ў Зах. Беларусі. Старшыні і сакратары гэтых суполак падпарадкоўваліся Віленскаму епархіяльнаму «Інстытуту акцыі каталіцкай», які ў сваю чаргу нёс адказнасць перад Ватыканам. Члены акцыі каталіцкай спалучалі прапаганду каталіцкіх ідэй з культ.-асв. работай. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР (1939) арг-цыі акцыі каталіцкай як антысав., а іх арганізатары і кіраўнікі ў 1949—52 рэпрэсіраваны.

Літ.:

Ковальский Н.А. Международные католические организации. М., 1962.

А.​А.​Цітавец.

т. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНЫЯ ГУ́КІ,

гукі мовы, пры ўтварэнні якіх паветра свабодна праходзіць праз поласць рота. У акустычных адносінах гэта муз. тоны з нязначнымі шумамі. Кожны галосны гук у залежнасці ад формы, набытай поласцю рота і поласцю глоткі (рэзанатары) пры яго вымаўленні, мае пэўную колькасць уласных тонаў, якія наз. характэрнымі тонамі галоснага ці яго фармантамі. Сукупнасць тонаў утварае тэмбр; ім галосныя адрозніваюцца адзін ад аднаго. Агульныя анатама-фізіял. ўмовы ўтварэння галосных гукаў: адсутнасць у маўленчым апараце якіх-н. значных перашкод, што маглі б спрыяць узнікненню шуму; слабая паветраная плынь; напружанасць усіх органаў маўлення. За найб. зручную навук. класіфікацыю прынята лічыць анатама-фізіял., ці генетычную, заснаваную на стане артыкуляцыйных органаў. Асн. ролю пры ўтварэнні галосных гукаў выконваюць губы, язык, мяккае паднябенне.

Паводле актыўнасці-пасіўнасці губ бел. галосныя гукі падзяляюцца на губныя, ці лабіялізаваныя («о», «у»), і негубныя, ці нелабіялізаваныя («і», «ы», «э», «а»). У залежнасці ад стану языка па гарызанталі — на 3 групы: пярэдняга рада («і», «э»), сярэдняга, ці мяшанага, рада («ы», «а»), задняга рада («у», «о»). Паводле руху языка па вертыкалі — на ступені пад’ёму: верхняга пад’ёму, ці закрытыя, вузкія («і», «ы», «у»); сярэдняга пад’ёму («о», «э»); ніжняга пад’ёму, ці адкрытыя, шырокія («а»). У залежнасці ад стану мяккага паднябення — на ротавыя, ці неназалізаваныя (усе галосныя гукі сучаснай бел. мовы), і насавыя, ці назалізаваныя (Ѫ, Ѧ у стараслав., ą, ę; у польск., ɑ̃, ɛ̃ у франц. мове).

Літ.:

Камароўскі Я.М., Сямешка Л.І. Сучасная беларуская мова: Фанетыка і фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Мн., 1985.

Л.​П.​Падгайскі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТУРА́ЛЬНЫ АДБО́Р,

асноўны фактар, які рухае эвалюцыю арганізмаў. Вучэнне пра Н.а. створана Ч.Дарвінам. Незалежна ад яго да ідэі Н.а. прыйшоў А.Уалес. Паводле Дарвіна, Н.а. — вынік барацьбы за існаванне; выяўляецца ў пераважным выжыванні і пакіданні патомства найб. прыстасаванымі асобінамі кожнага віду арганізмаў і гібелі менш прыстасаваных. Неабходная перадумова, якая забяспечвае дзеянне Н.а. — спадчынная зменлівасць арганізмаў, яго непасрэдны вынік — фарміраванне ў арганізмаў прыстасаванняў да канкрэтных умоў знешняга асяроддзя. Больш аддаленыя вынікі Н.а. — павелічэнне разнастайнасці форм арганізмаў, паслядоўнае ўскладненне іх арганізацыі ў ходзе прагрэсіўнай эвалюцыі, выміранне менш прыстасаваных відаў. Дарвінаўская канцэпцыя Н.а. далей развіта ў працах А.М.Северцава, С.С.Чацверыкова, І.І.Шмальгаўзена, Р.​Фішэра, Дж.​Холдэйна і інш. Генет. сутнасць Н.а. грунтуецца на дыферэнцыраваным (невыпадковым) захаванні папуляцыі пэўных генатыпаў і выбіральным удзеле іх у перадачы генаў наступнаму пакаленню. Н.а. уздзейнічае на пэўны фенатып, што фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння генатыпу, які мае характэрную норму рэакцыі, з фактарамі навакольнага асяроддзя, а не на асобную фенатыпічную адзнаку (і не на асобны ген). Н.а. уяўляе сабой верагоднасны працэс. Непасрэдна ён не з’яўляецца прычынай зменлівасці арганізмаў, аднак можа ўздзейнічаць на частату і напрамкі тых мутацый, якія пераважаюць, робяць вызначальны ўплыў на тэмпы і напрамкі эвалюц. працэсу. Ступень уздзеяння Н.а. на папуляцыі арганізмаў наз. інтэнсіўнасцю ціску Н.а. Дзеянне Н.а. выразна выяўляецца ў вял. папуляцыях (сотні і больш асобін), таму што па меры скарачэння іх колькасці. павялічваецца роля выпадковых фактараў, якія змяншаюць яго эфектыўнасць. Адбор уздзейнічае на асобныя арганізмы (індывідуальны адбор) і на цэлыя групоўкі (т.зв. групавы адбор), пры гэтым ён можа спрыяць захаванню такіх прыкмет асобін, што з’яўляюцца карыснымі для групы ў цэлым, а не для саміх іх уладальнікаў. Н.а. дзейнічае ў розных кірунках і адпаведна прыводзіць да розных вынікаў. У якасці асобных форм Н.а. адрозніваюць разрываючы (дызруптыўны), рухаючы, стабілізуючы адбор. Прыватны выпадак Н.а. — палавы адбор. Гл. таксама Дымарфізм, Штучны адбор.

Літ.:

Дарвин Ч. Происхождение видов путем естественного отбора // Соч. М.; Л., 1939. Т. 3;

Шмальгаузен И И. Факторы эволюции: Теория стабилизирующего отбора 2 изд. М., 1968;

Шеппард Ф.М. Естественный отбор и наследственность: Пер. с англ. М., 1970.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУ́РНЫ ПРАЦЭ́С,

функцыянаванне і развіццё літаратуры ў пэўную эпоху і на працягу ўсёй гісторыі нацыі, дзяржавы, рэгіёна, свету. Уключае самі творы, формы іх грамадскага існавання (публікацыі, выданні, літ.-крытычныя ацэнкі і тэарэт. інтэрпрэтацыі, чытацкія рэагаванні), дзейнасць творцаў (пісьменніцкія з’езды, канферэнцыі, літ. дыскусіі), узаемадзеянне нац. л-р, л-ры з інш. відамі мастацтваў (тэатр, кіно, музыка) і агульнакульт. з’явамі. На Л.п. уплываюць грамадска-паліт. абставіны, якія могуць абмяжоўваць, паралізоўваць літ.-маст. жыццё ці, наадварот, спрыяць яго ўсебаковаму развіццю. Сувязь паміж грамадска-эканам. і літ.-маст. працэсамі не заўсёды прамая і адназначная. Бывае, што ва ўмовах рэакц. ладу паспяхова развіваецца вял. л-ра (напр., у Расіі ў 19 ст.). Такім чынам, Л.п. з’яўляецца часткаю грамадска-гіст. працэсу, але валодае і пэўнай аўтаномнасцю, бо духоўна-эстэт. памкненні пісьменнікаў як элітарна-самакаштоўныя нярэдка апярэджваюць свой час. У цэлым Л.п. прагрэсіўна-паступальны і вызначаецца ў адпаведнасці са зменамі грамадскіх ідэй, густаў, інтарэсаў зменамі стыляў творчасці [міфалагічны, рэнесанс (гл. Адраджэнне), барока, класіцызм, рамантызм, рэалізм, мадэрнізм], станаўленнем і развіццём родаў (эпас, лірыка, драма) і жанраў, удасканаленнем маст.-эстэт. культуры, узоры якой гістарычна карэкціруюцца.

Л.п. стараж. часоў спецыфічны развіццём пераважна вершаваных форм творчасці. На мяжы 18—19 ст. зацвярджаецца як эстэтычна паўнацэнны тып творчасці проза, якая ў 19—20 ст. пацясняе верш і развіваецца вельмі прадуктыўна (у эпасе, драме). Л.п. у яго сусв.-гіст. тэндэнцыях — агульны комплекс маст. рухаў. Каб больш выразна высветліць змест Л.п., у ім звычайна вылучаюць найб. адметныя рэгіёны (заходнееўрап., усходнеслав., паўднёваамер., блізкаўсходнія л-ры і інш.). У межах рэгіёнаў вылучаюць асобныя над. л-ры, якія канкрэтызуюць гэты змест. Л.п. даследуе літаратуразнаўства.

Бел. л-ра развіваецца з 11—12 ст. (летапісы Полацкай зямлі, жыціі і апокрыфы, словы Кірылы Тураўскага і Клімента Смаляціча, пераклады евангелляў). Для Л.п. эпохі Адраджэння характэрна з’яўленне новых відаў і жанраў л-ры (кніжная паэзія, рэфармацыйная публіцыстыка, гіст.-мемуарная проза, драматургія), узмацненне працэсаў секулярызацыі і гуманізацыі л-ры. У гэты перыяд склалася плеяда таленавітых літаратараў (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, С.​Будны, В.​Цяпінскі, С. і Л. Зізаніі, Л.​Сапега, А.​Рымша). У перыяд Контррэфармацыі на першы план выходзяць барочныя вершы Сімяона Полацкага і А.​Белабоцкага, палемічная публіцыстыка, гіст.-мемуарная л-ра. Асветніцтва прыўнесла ў л-ру парадыйна-сатыр. прозу, школьную драматургію, пераклады з еўрап. крыніц. У 2-й пал. 17—18 ст. адбываецца пераход ад сярэдневяковай л-ры з рэлігійнасцю яе зместу, утылітарна-службовымі задачамі і царкоўна-слав. канонамі да новай л-ры з нар.-дэмакр. ідэямі, свецкімі інтарэсамі, эстэт. арыентацыяй на збліжэнне з рэальнасцю. Ва ўмовах фарміравання нацыі сял.-быт. прыхільнасці і рамантычна-асв. захапленні дзеля салідарызацыі грамадства спалучаюць у сваёй творчасці бел.-польск. (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, В.​Каратынскі, У.​Сыракомля, А.​Плуг), польск. (А.​Міцкевіч, Э.​Ажэшка), бел. (В.​Дунін-Марцінкевіч, Ф.​Багушэвіч) пісьменнікі 19 ст. На пач. 20 ст. нац.-адраджэнскую ідэю ў л-ры сцвярджалі Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, Цётка, Ядвігін Ш., А.​Гарун, М.​Гарэцкі, Ф.​Аляхновіч, З.​Бядуля і інш., якія сумяшчалі ў творчасці рамант., рэаліст. і мадэрнісцкія прынцыпы. Л-ра гэтага перыяду паскорана развівала жанры, стылі, рэалізоўвала еўрап. стандарты. У БССР ў 1920-я г. ўзнялося пакаленне маладых рэв. рамантыкаў (М.​Чарот, У.​Дубоўка, У.​Хадыка, К.​Чорны, П.​Трус, К.​Крапіва, Я.​Пушча); у 1930-я г. Л.п. разбураўся ў выніку рэпрэсій. У л-ры Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. апяваліся вызв. рух (М.​Васілёк, В.​Таўлай, П.​Пестрак, А.​Салагуб і інш.), вечныя каштоўнасці і родныя краявіды; розныя плыні спалучаліся ў творчасці М.​Танка. У 2-й пал. 1950-х—1960-я г. ў л-ры зацвярджаюцца гуманістычныя і нац.-патрыят. ідэі. Паэтызуецца сав. рэчаіснасць. У апошнія дзесяцігоддзі Л.п. ўласціва больш глыбокае асэнсаванне чалавека ў сістэме жыццёвых каардынат, аналіз рэчаіснасці як аб’екта дзейнасці асобы, жанрава-стылявое багацце. На Беларусі Л.п. развіваецца ў кантэксце часу. Гл. таксама раздзел Літаратура ў арт. Беларусь.

Літ.:

Благой Д.Д. Литературный процесс и его закономерности // Благой Д.Д. От Кантемира до наших дней. М., 1972. Т. 1;

Литературный процесс и русская журналистика конца XIX — начала XX в., 1890—1904. М., 1981;

Каваленка В.А. Вытокі. Уплывы. Паскоранасць Мн., 1975;

Гл. таксама да арт. Літаратура, Літаратуразнаўства.

А.​М.​Пяткевіч.

т. 9, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)