1) рэлігійна-філас. плынь эпохі элінізму і позняй антычнасці. Спалучала элементы папулярнай грэч. філасофіі, халдзейскай астралогіі, перс. магіі, егіпецкай алхіміі; мела эзатэрычны характар. Традыцыі герметызму атрымалі працяг у еўрап. Адраджэнні (М.Фічына, Дж.Піка дэла Мірандала), у Агрыпы, паўплывалі на Дж.Бруна, М.Каперніка, І.Ньютана і інш. Герметызм выступае ў ролі агульнай тэарэт. асновы шэрагу эзатэрычных і акультных вучэнняў — неаплатанізму, гнастыцызму (гностыкі), антрапасофіі і інш. Сутнасць, вытокі і асн. палажэнні герметызму выкладзены ў даследаванні А.Ж.Фесцюж’ера «Адкрыцці Гермеса Трысмегіста» (т. 1—4, 1949—54).
2) Мадэрнісцкі кірунак у італьян. паэзіі 1920—40-х г. (Э.Мантале, Дж.Унгарэці); адна з асн. асаблівасцей сучаснай мадэрнісцкай паэзіі. З выкарыстаннем наўмысна ўскладненай формы выражае трагічнае светаадчуванне, смутак, выкліканыя адзінотай і адчужанасцю чалавека ў сучасным грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛІ́ПАЎ (Іван) (сапр.Нялепка Язэп Піліпавіч; каля 1879, в. Касцянёўцы ці чыг. ст. Парэчча Гродзенскага р-на — пасля 1920),
бел. пісьменнік, публіцыст. Працаваў тэлеграфістам на чыг. ст. Парэчча, з 1910 у Вільні. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва», пасля ў «Вольнай Беларусі», «Белорусском эхе», бел. календарах і інш. Вершы П. адметныя лірызмам, уменнем перадаць настрой, фарбы роднай прыроды. У апавяданнях «Голас з магілы» (1909), «Казкі і сны» (1914) смутак, туга, унутранае хваляванне. У публіцыст. артыкулах пісаў пра стан родных мясцін, ахопленых вайной. У нарысе «На парозе будучыні» (1915) думкі пра гіст. перспектыву развіцця Беларусі.
Тв.:
У кн. — Беларуская дакастрычніцкая проза. Мн., 1965;
Беларуская дакастрычніцкая паэзія. Мн., 1967.
Літ.:
Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992;
Каханоўскі Г.А.Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІМІ́Я,
тып семантычных адносін лексічных адзінак, якія маюць процілеглае значэнне (антонімаў). Антанімічныя пары належаць да адной часціны мовы: назоўнікаў («дабро — зло»), прыметнікаў («шырокі — вузкі»), дзеясловаў («браць — аддаваць»), прыслоўяў («далёка — блізка»). Паводле структуры падзяляюцца на аднакарэнныя («замкнуць — адамкнуць») і рознакарэнныя («сумны — вясёлы»). Вылучаюць поўную, няпоўную (частковую) і кантэкстуальную антанімію. Поўныя антонімы адрозніваюцца ўсімі сваімі значэннямі («будаваць — разбураць»); частковыя супрацьпастаўляюць па адным або некалькіх значэннях («радасць — смутак»); кантэкстуальныя ўспрымаюцца толькі ў пэўным кантэксце: «Ласка і гнеў, ціша і бура! Я вітаю вас, калі вы прыходзіце ў сваім часе, калі выконваеце вы адвечную волю жыцця» (Я.Колас). Мнагазначнае слова можа мець антонімы да кожнага ці некалькіх сваіх значэнняў («глыбокая рака — мелкая рака», «глыбокія веды — павярхоўныя веды»). Антанімія не ўласцівая словам з канкрэтным значэннем («шафа», «бяроза», «стадыён»), вузкаспец. тэрмінам, уласным імёнам, лічэбнікам, займеннікам і службовым словам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЗЕМСКІ (Пётр Андрэевіч) (23.7.1792, Масква — 22.11.1878),
рускі паэт і літ. крытык. Князь. Правадз.чл.Рас. акадэміі (1839), акад.Пецярб.АН (1841). Атрымаў хатнюю адукацыю, у 1805—07 вучыўся ў езуіцкім пансіёне ў Пецярбургу. Быў блізкі да дзекабрыстаў, сябраваў з А.Пушкіным. Чл.літ. гуртка «Арзамас». У 1810—20-я г. стварыў узоры вольналюбівай грамадзянскай лірыкі (вершы «Пецярбург», «Абурэнне», «Мора», «Я Пецярбурга не люблю» і інш.) і т.зв. «лёгкай паэзіі» (вершы «Смутак», «Першы снег» і інш.). З 1840-х г. паэзія Вяземскага напоўнена ўспамінамі, трагічнымі матывамі (вершы «Я перажыў і многае і многіх», «Сцяжынка», «Сябрам» і інш.). Адстойваў эстэт. прынцыпы рамантызму; адзін з першых спрабаваў асэнсаваць развіццё рус. грамадзянскай паэзіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прытрымліваўся кансерватыўных грамадскіх поглядаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАЖБА́,
магічныя спосабы і дзеянні, што нібыта прадказвалі будучыню і расказвалі пра былое. Узнікла ў першабытным грамадстве разам з раннімі формамі рэлігіі — верай у звышнатуральныя сілы, добрых і злых духаў, у лёс. Яшчэ стараж. земляробы прадказвалі надвор’е па зорках і сонцы; вавіланяне, этрускі, рымляне варажылі па печані ахвярнай жывёлы. У многіх народаў вядома варажба на касцях, бобе, арэхах, кававай гушчы, а таксама па лініях далоні, па картах і інш. Калі ў варажбе па прыкметах ёсць пэўнае рацыянальнае зерне (прыродныя назіранні), дык іншыя яе віды грунтуюцца на ўяўным знешнім падабенстве або процілегласці (напр., бачыць у сне ягады — слёзы, чыстую ваду — радасць, мутную ваду — смутак). Беларусы найчасцей варажылі на Каляды, на багатую куццю перад Новым годам. Варажба павінна была прадвызначыць надыходзячы год: з-пад каляднага абруса сена паказвала на даўжыню будучага лёну; перавага пэўнага віду зерня ў трыбуху заколатага парсюка — якое збожжа найбольш уродзіць. Дзяўчаты варажылі пра замужжа (упоцемку ў хляве зловіць баранчыка — выйдзе замуж; з якога боку пачуе брэх сабакі — там яе нарачоны і інш.). Гл. таксама Магія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РДСВАРТ, Уордсуарт (Wordsworth) Уільям (7.4.1770, г. Кокермут, Вялікабрытанія — 23.4.1850), англійскі паэт. Паэт-лаўрэат з 1843. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1791). Разам з С.Т.Колрыджам, Р.Саўці прадстаўнік т.зв. «азёрнай школы» (гл. раздзел Літаратура ў арт.Вялікабрытанія). Вядомасць прынесла паэма «Віна і смутак» (1783). Эвалюцыя філас.-рэліг. і маральна-этычных поглядаў адбілася ў вершаванай аўтабіягр. паэме «Прэлюд» (1799—1805, выд. 1850). Зб. «Лірычныя балады» (разам з Колрыджам, т. 1—2, 1798) паклаў пачатак рамантызму ў англ. л-ры. Простая мова, набліжаная да прозы, культ уяўлення, дэмакратызацыя тэматыкі высокай паэзіі (лёс простага чалавека, духоўны свет селяніна) — прынцыпы, якімі кіраваўся Вордсварт на працягу ўсёй творчасці. Узаемаадносіны чалавека, прыроды і Бога — гал. тэма філас. паэмы «Прагулка» (1814). Аўтар зб-каў «Вершы» (т. 1—2, 1807), «Біблейскія санеты» (1822), балад, памфлетаў. Пантэізм філас. і пейзажнай лірыкі Вордсварта зрабіў моцны ўплыў на амер. рамантыкаў (Р.У.Эмерсан, У.К.Браянт). Высокую ацэнку навацыям паэта даў А.С.Пушкін (арт. «Пра паэтычны стыль»).
Тв.:
Рус.пер. — [Стихи];
Сонеты // Поэзия английского романтизма. М., 1975.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Английский романтизм. М., 1978. С. 42—74.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САГА́Н ((Sagan) Франсуаза) (н. 21.6.1935, г. Кажарк, Францыя),
французская пісьменніца. Вучылася ў Сарбоне. Зведала ўплыў М.Пруста, А.Жыда. Тыповы персанаж раманаў «Дзень добры, смутак» (1954, экранізаваны ў 1957), «Ці любіце вы Брамса?» (1959, экранізаваны ў 1961), «Крыху сонца ў халоднай вадзе» (1969), «Сінякі на душы» (1972), «Згублены профіль» (1974), «Надакучыла трываць» (1985), «Рыбіна кроў» (1987), «Павадок» (1989) і інш. — жанчына ў пошуках кахання, паразумення і шчасця. Яе творы адметныя аўтабіяграфічнасцю, паглыбленасцю ў душэўна-духоўны свет гераіні, драматызмам сітуацый, лірызмам. Аўтар шэрагу п’ес, у т. л. «Скрыпкі часам...» (1962), «Бэзавая сукенка Валянціны» (1963), «Піяніна ў траве» (1966), зб. навел «Аксамітавыя вочы» (1975), шматлікіх эсэ, кніг успамінаў. На бел. мову асобныя яе навелы пераклаў Л.Казыра. У Брэсцкім т-ры драмы і музыкі пастаўлена п’еса «Калі конь траціць прытомнасць» (1993).
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Французская навела XX ст.Мн., 1992;
Рус.пер. — Избр. произв.Т. 1—4. М., 1992—93;
Ангел-хранитель: Романы, эссе. М., 1999;
Приблуда. М., 1999.
Літ.:
Уваров Ю.П. Современный французский роман, 60—80-е гг.М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАНЕ́ЗЕ (Veronese; сапр.Кальяры; Caliari) Паала
(1528, г. Верона, Італія — 19.4.1588),
італьянскі жывапісец позняга Адраджэння. З 1553 працаваў пераважна ў Венецыі. Прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплыў Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа, Тыцыяна. Аўтар шматфігурных кампазіцый у час святочных баляў, шэсцяў і аўдыенцый, дзе чалавек выступае ва ўзаемасувязі з наваколлем («Шлюб у Кане Галілейскай», 1563, «Пакланенне вешчуноў», «Баль у доме Левія», абедзве 1573, і інш.). У сваім стылі спалучаў лёгкі вытанчаны малюнак і пластыку форм з каларыстычнай гамай, заснаванай на складаных сугуччах чыстых колераў, аб’яднаных серабрыстым тонам. Яго манум.-дэкар. жывапісу ўласцівыя святочнасць, выразнасць ракурсаў і руху, багацце колераў, сінтэз жывапісу і архітэктуры («Старасць і Юнацтва», 1553, «Трыумф Венецыі», 1578—85, «Знаходжанне Майсея», каля 1580, фрэскі для загарадных венецыянскіх віл). Стварыў мноства разнастайных па кампазіцыі алтароў («Мадонна з дзіцем і святымі», каля 1562). Нешматлікія партрэты вылучаюцца мяккай лірычнасцю, часам маюць адценне жанравасці («Граф да Порта з сынам Адрыяна», каля 1556). У 1570—80-я г. ў творчасці Веранезе прыкметны крызіс рэнесансавага светапогляду: у парадных палотнах назіраецца халодная афіцыйнасць, меланхолія, смутак («Мадонна з сям’ёй Кучына», 1571, «Аплакванне Хрыста», паміж 1576 і 1582, і інш.).