ГЕРМЕТЫ́ЗМ,
1) рэлігійна-філас. плынь эпохі элінізму і позняй антычнасці. Спалучала элементы папулярнай грэч. філасофіі, халдзейскай астралогіі, перс. магіі, егіпецкай алхіміі; мела эзатэрычны характар. Традыцыі герметызма атрымалі працяг у еўрап. Адраджэнні (М.Фічына, Дж.Піка дэла Мірандала), у Агрыпы, паўплывалі на Дж.Бруна, М.Каперніка, І.Ньютана і інш. Герметызм выступае ў ролі агульнай тэарэт. асновы шэрагу эзатэрычных і акультных вучэнняў — неаплатанізму, гнастыцызму (гностыкі), антрапасофіі і інш. Сутнасць, вытокі і асн. палажэнні герметызма выкладзены ў даследаванні А.Ж.Фесцюж’ера «Адкрыцці Гермеса Трысмегіста» (т. 1—4, 1949—54).
2) Мадэрнісцкі кірунак у італьян. паэзіі 1920—40-х г. (Э.Мантале, Дж.Унгарэці); адна з асн. асаблівасцей сучаснай мадэрнісцкай паэзіі. З выкарыстаннем наўмысна ўскладненай формы выражае трагічнае светаадчуванне, смутак, выкліканыя адзінотай і адчужанасцю чалавека ў сучасным грамадстве.
т. 5, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)