ВЯ́ЗЕМСКІ Пётр Андрэевіч
(23.7.1792, Масква — 22.11.1878),
рускі паэт і літ. крытык. Князь. Правадз. чл. Рас. акадэміі (1839), акад. Пецярб. АН (1841). Атрымаў хатнюю адукацыю, у 1805—07 вучыўся ў езуіцкім пансіёне ў Пецярбургу. Быў блізкі да дзекабрыстаў, сябраваў з А.Пушкіным. Чл. літ. гуртка «Арзамас». У 1810—20-я г. стварыў узоры вольналюбівай грамадзянскай лірыкі (вершы «Пецярбург», «Абурэнне», «Мора», «Я Пецярбурга не люблю» і інш.) і т. зб. «лёгкай паэзіі» (вершы «Смутак», «Першы снег» і інш.). З 1840-х г. паэзія Вяземскага напоўнена ўспамінамі, трагічнымі матывамі (вершы «Я перажыў і многае і многіх», «Сцяжынка», «Сябрам» і інш.). Адстойваў эстэт. прынцыпы рамантызму; адзін з першых спрабаваў асэнсаваць развіццё рус. грамадзянскай паэзіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прытрымліваўся кансерватыўных грамадскіх поглядаў.
Тв.:
Полн. собр. соч. Т. 1—12. СПб., 1878—96;
Соч. Т. 1—2. М., 1982;
Записные книжки. М., 1992.
т. 4, с. 340
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)