РАС-ША́МРА, Рас-эш-Шамра,

шматпластавы археал. помнік на ўзгорку за 12 км на Пн ад г. Латакія (Сірыя). Раскопкамі 1929—39 і 1948—63 тут адкрыты рэшткі паселішчаў, якія датаваны ад 7—6-га тыс. да н.э. да 5—3 ст. да н.э., у т. л. стараж. г. Угарыт. Выяўлены палацавы комплекс (каля 9 тыс. м²), храмы клінапісныя архівы і бібліятэкі. шмат вырабаў з каштоўных металаў і слановай косці.

т. 13, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРЫ́МДЭ-БЕНІ́-САЛА́МЕ,

неалітычнае паселішча 4180 да н.э. на зах. беразе дэльты Ніла (Егіпет), за 51 км на ПнЗ ад Каіра. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Жыллём служылі ветравыя заслоны з трыснягу і хаціны-ямы. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы. Знойдзены крамянёвыя сярпы, наканечнікі стрэл, пірамідальныя і сферычныя булавы, прымітыўныя сякеры, прасліцы, рыбалоўныя кручкі, касцяныя прылады, упрыгожанні з гліны, слановай косці, ракавін і інш. Керамічны посуд нізкай якасці з дамешкам саломы, часта ўкрыты ангобам.

т. 10, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГМАЛІЁН,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі скульптар, цар в-ва Кіпр, які закахаўся ў выразаную ім са слановай косці статую дзяўчыны-прыгажуні Галатэі. У адказ на маленне П. багіня Афрадыта ажывіла статую. У пераносным сэнсе П. — чалавек, закаханы ў свой твор. Сюжэт «П. і Галатэя» неаднаразова выкарыстаны ў л-ры (Ж.​Ж.​Русо, Б.​Шоу і інш.) і мастацтве (Ф.​Бушэ, Э.​М.​Фальканэ і інш.).

Пігмаліён і Галатэя. Скульптар Э.​М.​Фальканэ. 1763.

т. 12, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМРА́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямёнаў эпохі энеаліту (2-я пал. 5 — пач. 4-га тыс. да н.э.) у Верхнім і Сярэднім Егіпце. Назва ад паселішча каля мяст. Эль-Амра (Егіпет). Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй і паляваннем. Для амрацкай культуры характэрны чырвоны глянцаваны посуд, на якім белай фарбаю нанесены «крыжалінейны» арнамент. Прылады працы вырабляліся з крэменю, косці, сустракаюцца медныя рэчы (шпількі, гарпуны, пацеркі). Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы, у магілы клалі посуд, упрыгожанні, грабяні, статуэткі са слановай косці.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНАГІ́Я (ад грэч. panagia прасвятая),

1) нагрудны медальён-абразок з выявай Маці Божай або Ісуса Хрыста. Лічыцца знакам архірэйскага і свяціцельскага сану. Бываюць круглай, авальнай, ромбападобнай, квадратнай формы, выкананыя з металу (літыя і чаканеныя, з эмаллю, сканню, чэрню), слановай косці, дрэва, мяккіх парод каменю.

2) Іканаграфічны тып Маці Божай, выяўленай у выглядзе аранты (у поўны рост з паднятымі да ўзроўню твару рукамі і звернутымі да гледача далонямі) з выявай Хрыста-дзіцяці ў медальёне на грудзях.

Панагія. Візантыя. 10 ст.

т. 12, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІМРУ́Д (стараж. Кальху, бібл. Калах),

адна са сталіц Асірыі. Знаходзіцца непадалёк ад г. Масул (Ірак). Засн. Салманасарам I (1274—45 да н.э.), перажыў перыяд заняпаду, адноўлены і пашыраны Ашурнасірпалам ІІ (883—859 да н.э.), у 612 да н.э. захоплены мідыйцамі. Археал. раскопкі праводзіліся ў 1845—51 і 1949—63. Выяўлены цытадэль з храмамі, зікуратам і палацамі. Знойдзены вял. крылатыя быкі з каменю, рэльефы і пліткі са слановай косці, якія ўпрыгожвалі царскую мэблю, дробная касцяная скульптура 8 ст. да н.э.

І.​М.​Язэпенка.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЙПУ́Р,

горад на Пн Індыі. Адм. ц. штата Раджастхан. Засн. ў 1728. 1458,2 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Гандл.-прамысл. цэнтр. Прам-сць: баваўняная, гарбарна-абутковая, харч., шкляная, керамічная, эл.-тэхнічная. Маст. промыслы (вытв-сць ювелірных вырабаў і тканін з залатым і сярэбраным аздабленнем, чаканка, разьбярства па слановай косці, мармуры і інш. камянях). Турызм. Ун-т. Цэнтр культуры народа раджастхані. Арх. помнікі 18 ст.: Хава-Махал («Палац Вятроў»), абсерваторыя Джантар-Мантар, палац Чандра-Махал (у ім маст. Музей махараджы Джайпура) і інш.

т. 6, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСЬ, віціліга (лац. vitiligo хвароба скуры, лішай),

набытая хвароба скуры чалавека, якая выяўляецца дысхраміяй (дэпігментаваныя плямы розных памераў і формы). Узнікненню П. садзейнічаюць нервова-эндакрынныя парушэнні, хранічныя запаленчыя захворванні ўнутр. органаў, інтаксікацыя са зніжэннем забяспечанасці арганізма меддзю, цынкам і інш. Складае 3—4% ад усіх дэрматозаў. Прыкметы: асобныя ці множныя плямы колеру алебастру або слановай косці, схільныя да павелічэння, пры пашыраных формах скура набывае снежна-белы колер, валасы на плямах абясколерваюцца. П. можа спалучацца са склерадэрміяй, колападобным аблысеннем і інш. Лячэнне комплекснае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 12, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНІ́ЦА ВЯЛІ́КАЯ,

курган 2-й пал. 4 ст. за 8 км на Пд ад г. Фанагорыя на Таманскім п-ве (Расія). Выш. 15 м, перыметр 340 м. Радавы некропаль заможнай сям’і з племя сіндаў, у якой некаторыя жанчыны былі жрыцамі. Выяўлены 3 каменныя скляпы, 2 магілы з каменных плітаў з трупапалажэннем і некалькі пахаванняў з трупаспаленнем. У адным са скляпоў кіпарысавых саркафагаў, арнаментаваных слановай косцю, пахаваны воін у залатым вянку, з каштоўнымі рэчамі і зброяй, у другім — жрыца ў адзенні, аздобленым шматлікімі залатымі ўпрыгожаннямі; трэці склеп спустошаны. Знойдзены таксама размаляваныя вазы, тэракотавыя і касцяныя фігуркі.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНІ́Н-СІ́ЦІ (Benin City),

горад у паўд. ч. Нігерыі. Адм. ц. штата Бендэл. Засн. ў 12 ст. У сярэднія вякі (Вял. Бенін) і да канца 19 ст. сталіца дзяржавы Бенін. 203 тыс. ж. (1991). Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Прадпрыемствы па перапрацоўцы натуральнага каўчуку, вырабе шын, алейныя і лесапільныя з-ды, дрэваапр. і мэблевыя ф-кі. Вытв-сць сінт. дываноў. Гандл. цэнтр (пальмавыя ядры і алей, арэхі кола, какава, каўчук, каштоўная драўніна). Разьбярства па дрэве, слановай косці і інш. саматужныя рамёствы. Паблізу нафтапромыслы. Унікальная калекцыя бронзавай скульптуры 15—17 ст. Ун-т. Этнагр. музей.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)