НІМРУ́Д (стараж. Кальху, бібл. Калах),
адна са сталіц Асірыі. Знаходзіцца непадалёк ад г. Масул (Ірак). Засн. Салманасарам I (1274—45 да н.э.), перажыў перыяд заняпаду, адноўлены і пашыраны Ашурнасірпалам ІІ (883—859 да н.э.), у 612 да н.э. захоплены мідыйцамі. Археал. раскопкі праводзіліся ў 1845—51 і 1949—63. Выяўлены цытадэль з храмамі, зікуратам і палацамі. Знойдзены вял. крылатыя быкі з каменю, рэльефы і пліткі са слановай косці, якія ўпрыгожвалі царскую мэблю, дробная касцяная скульптура 8 ст. да н.э.
І.М.Язэпенка.
т. 11, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)