КАТЭХАЛАМІ́НЫ,

фізіялагічна актыўныя рэчывы, што выконваюць ролю хім. пасрэднікаў (медыятараў і нейрагармонаў) у міжклетачных узаемадзеяннях; вытворныя піракатэхіну. Да прыродных К. адносяцца адрэналін, дафамін і норадрэналін. Метабалічны папярэднік К.-дыоксіфенілаланін (L-ДОФА). Спецыялізаваныя для сакрэцыі К. нейроны маюць жывёлы з нерв. сістэмай. Найб. колькасць іх сінтэзуюцца і назапашваецца ў мазгавым слоі наднырачнікаў. К. адыгрываюць важную ролю ў нейрагумаральнай рэгуляцыі і нерв. трофіцы, удзельнічаюць у абмене рэчываў і прыстасавальных рэакцыях арганізма, забяспечваюць пастаянства ўнутр. асяроддзя і фізіял. функцый (гамеастаз). Парушэнні абмену К. ці іх неадэкватная сакрэцыя — адзін з патагенет. механізмаў некат. захворванняў.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАСАКРЭ́ЦЫЯ (ад нейра... + сакрэцыя),

утварэнне і выдзяленне спецыялізаванымі нерв. клеткамі (т.зв. нейрасакраторнымі) нейрагармонаў. Нейрагармоны, звязаныя з бялкамі-носьбітамі (нейрафізінамі і інш.), звычайна ўтвараюцца ў цытаплазме клетак (радзей у ядры), выдзяляюцца пераважна праз нерв. канцы (тэрміналі) у гемалімфу, кроў, тканкавую або спіннамазгавую вадкасць і рэгулююць функцыі вісцэральных органаў, у т. л. эндакрынных залоз, і ц. н. с. Самі нейрасакраторныя клеткі, як і звычайныя нейроны, здольныя генерыраваць патэнцыял дзеяння і распаўсюджваць імпульс па аксонах да іх канцоў, пад уплывам якога нейрагармон — бялок-носьбіт выдзяляецца ў навакольнае асяроддзе. Функцыян. актыўнасць клетак кантралюецца класічнымі нейронамі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭНАКАРТЫКАТРО́ПНЫ ГАРМО́Н, картыкатрапін (АКТГ),

гармон пярэдняй долі гіпофіза, які стымулюе функцыю кары наднырачнікаў (выпрацоўку картызону). Поліпептыд складаецца з 39 рэшткаў амінакіслот. Выдзяленне АКТГ рэгулюецца гармонам гіпаталамуса кортыкаліберынам. На яго сакрэцыю ўплываюць антыдыурэтычны гармон, катэхаламіны, вазаактыўны інтэрстынальны пептыд, картызол, ангіятэнзін. Пры дзеянні АКТГ на кару наднырачнікаў стымулюецца яе рост, паскараецца сінтэз бялку і РНК, павялічваецца сінтэз і сакрэцыя стэроідаў наднырачнікаў, што паскарае пераўтварэнне халестэролу ў прэгненалон. АКТГ у вял. колькасці можа выклікаць актывацыю ліпазы і ўзмацненне ліполізу, стымуляваць сакрэцыю інсуліну падстраўнікавай залозай. Прэпараты АКТГ атрымліваюць з гіпофіза свіней, авечак; выкарыстоўваюць як лек сродкі пры захворванні сістэмы крыві, рэўматоідным артрыце, падагры, розных алергічных хваробах і інш.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛАКТЫ́Н, пралакцін

[ад лац. pro для + lac (lactis) малако],

лактагенны гармон,

гармон пазваночных жывёл і чалавека, які выпрацоўваецца клеткамі пярэдняй ч. адэнагіпофіза. Паводле хім. прыроды — бялок, мае 198 амінакіслотных астаткаў, структурна блізкі да гармону росту і плацэнтарнага лактагеннага гармону. У млекакормячых жывёл стымулюе развіццё малочных залоз, лактацыю, рост унутр. органаў, праяўленне мацярынскага інстынкту; у пацукоў і мышэй уплывае на функцыянаванне жоўтага цела яечнікаў (адсюль больш ранняя назва П. — лютэатропны гармон). У птушак рэгулюе сакрэцыю малачка клеткамі валляка, стымулюе абмен тлушчу, рост пер’я, унутр. органаў, выседжванне яец, выкормліванне патомства. У ніжэйшых пазваночных П. кантралюе осмарэгуляцыю, водна-салявы абмен, пігментацыю скуры, міграцыю ў перыяд размнажэння. Сакрэцыя П. рэгулюецца гіпаталамічнымі рылізінг-гармонамі, эстрагенамі і інш.

С.​С.​Ермакова.

т. 12, с. 550

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс, які бесперапынна адбываецца ў нефрыдыях або іншых выдзяляльных органах беспазваночных і ў нырках пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае выпрацоўку мачы і мочавыдзяленне. Складаецца з працэсаў ультрафільтрацыі, рэабсорбцыі (зваротнае ўсмоктванне) і канальцавай сакрэцыі. Пачатковы этап М. (ультрафільтрацыя плазмы крыві) адбываецца ў ныркавых клубочках (са 100 л вадкасці, што праходзіць праз клубочкі ныркі чалавека, у мачу ператвараецца 1 л). У першаснай мачы ёсць амаль усе рэчывы плазмы крыві, акрамя бялкоў. Большая ч. вады і неабходных для арганізмаў рэчываў (амінакіслоты, глюкоза, вітаміны і інш.) зваротна ўсмоктваецца ў канальцах. У прасвет нефрона адбываецца сакрэцыя арган. к-т, іонаў вадароду, некат. прадуктаў абмену, чужародных рэчываў і інш. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца праз ныркі эферэнтнымі нервамі і гармонамі (напр., альдастэрон, паратгармон).

Літ.:

Наточин Ю.В. Ионорегулирующая функция почки. Л., 1976.

С.​С.​Ермакова.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)