ТЭСТАСТЭРО́Н (ад лац. testis мужч. яечка + грэч. stereos цвёрды),

стэроідны мужчынскі палавы гармон пазваночных жывёл і чалавека з групы андрагенаў. Утвараецца ў семянніках, яечніках, наднырачніках, плацэнце, печані. Вызначае палавую дыферэнцыяцыю рэпрадуктыўных органаў і ўсяго арганізма па мужчынскім тыпе. У антагенезе ўдзельнічае ў развіцці мужчынскіх палавых органаў, другасных палавых адзнак, рэгулюе палавыя паводзіны, сперматагенез. У жаночых асобін Т., які выпрацоўваецца яечнікамі, садзейнічае развіццю малочных залоз (у час цяжарнасці яго канцэнтрацыя павялічваецца).

Метабалічныя пераўтварэнні Т. ажыццяўляюцца ў печані, нырках, кішэчніку, лёгкіх, скуры і інш. органах. Сакрэцыя залежыць ад сезонных і ўзроставых змен. Канцэнтрацыя ў плазме крыві мужчын 0,5—0,9 мкг/100 мл, у жанчын — 0,12 мкг/100 мл. За суткі ў арганізме мужчыны ўтвараецца каля 15 мг Т. Не назапашваецца ў арганізме, метабалізуецца ў андрастэрон, выводзіцца з мачой. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)