узаемавызначальныя і ўзаемавыключальныя філас. паняцці, якія характарызуюць меру падуладнасці з’яў рэчаіснасці розуму чалавека; вызначаюць пазнанне і дзейнасць чалавека. Рацыянальнае (ад лац. rationalis разумны) — тое, што адносіцца да сферы розуму (развагі), што ім пазнана, абгрунтавана. Для рацыянальнага пазнання характэрна спасціжэнне рэчаіснасці ў адпаведнасці з законамі логікі, нормамі і правіламі мыслення, вынікам чаго з’яўляюцца мэтазгодныя ідэі, здольныя знайсці практычнае ўвасабленне. Вылучаюцца 2 формы рацыянальнага: развагавае (пазнанне адноснага) і разумовае (пазнанне абсалютнага; гл.Развага і розум). Рацыянальнае звычайна супрацьпастаўляюць і рацыянальнаму, і пачуццёваму. Ірацыянальнае (ад лац. irrationalis неразумны, несвядомы) — тое, што выходзіць па-за межы розуму і несумяшчальнае з ім; выступае асновай некаторых філас. кірункаў, напр., інтуітывізму, валюнтарызму і інш. Паняцце ірацыянальнага мае важнае значэнне ў гнасеалагічным плане, яно звязана з немагчымасцю суб’екта спасцігнуць «канчатковую» ісціну. Аднак у працэсе развіцця практыкі, пазнання і мыслення спектр ірацыянальнага ў пазнанні звужаецца. Паняцці Р. і і. атрымліваюць рознабаковую трактоўку і знаходзяць увасабленне ў філас. кірунках, тыпах тэарэт. асэнсавання рэчаіснасці — рацыяналізме і ірацыяналізме.
Літ.:
Порус В.Н. Парадоксальная рациональность. М., 1999;
Рациональность на перепутье. Кн. 1—2. М., 1999;
Иванов А.В. Пути противостояния современному иррационализму // Вест. Моск. ун-та. Сер. 7. Философия. 2000. №6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕЧАРЫ́НКІ,
вечары бел. нацыянальнай культуры, якія праводзіліся з пач. 20 ст. да 1920-х г. на Беларусі і па-за яе межамі. Садзейнічалі прапагандзе бел. мастацтва, арг-цыі аматарскіх гурткоў, станаўленню бел.прафес.т-ра, разгортванню культ.-асв. работы, уздыму нац.-вызв. руху. Наладжваліся бел. творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, рамеснікамі, сялянамі ў Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Радашковічах і Красным (Маладзечанскі р-н), Карэлічах, Празароках (Глыбоцкі р-н) і інш., а таксама ў Пецярбургу, Ніжнедняпроўску (Украіна), Сібіры і інш. мясцінах, дзе жылі беларусы. Праводзіліся па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, аматарскіх тэатр. калектываў у Мінску і Вільні (гл.Першая беларуская вечарынка). У Пецярбургу Беларускія вечарынкі праводзіў Бел.навук.-літ. гурток студэнтаў ун-та. У праграме Беларускіх вечарынак былі спектаклі («Паўлінка» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Пра шкоду тытуню» А.Чэхава, «Разумны і дурань» І.Карпенкі-Карага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі), харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў. Беларускія вечарынкі былі папулярныя ва ўсёй Беларусі, іх традыцыі пакладзены ў аснову дзейнасці Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Форму вечарынак выкарыстоўвалі многія бел.тэатр. калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́Н (Plōtinos каля 205, Лікопаль, Егіпет — 270),
старажытнагрэчаскі філосаф, паслядоўнік філас. ідэй Платона і заснавальнік неаплатанізму. Вучыўся ў Амонія Сака ў Александрыі. З 244 у Рыме, выкладаў філасофію. На падставе выбраных платонаўскіх тэкстаў распрацаваў уласную сістэму філас. поглядаў, у цэнтры якой паняцце аб неспасціжным і невыразным боскім першаадзіным пачатку ўсяго існага; яго ён называў дабром і параўноўваў з сонцам. Прынцыпу дабра супрацьпастаўляў прынцып зла, што ўвасабляецца ў цёмнай і пазбаўленай выгляду матэрыі, якая служыць ніжэйшай мяжой усёй структуры быцця. Структуру быцця падзяляў паводле крытэрыяў «там» і «тут». У такой форме супрацьпастаўляюцца сапраўды існае, розум у якасці адзінага самаст. стваральніка «першавобразаў», з аднаго боку, і «тутэйшы свет», дзе выступаюць толькі падабенствы, — з другога. Адначасова сцвярджаў, што толькі пачуццёвы космас знаходзіцца ў пэўным месцы, а свет, які спасцігаецца розумам, — усюды. У зямной частцы універсуму пастаянна адбываецца ўзнікненне і знікненне; вечны характар маюць усе праявы зла (узаемазнішчэнне жывёл і людзей, войны, злачынствы і г.д.). Але ў аснове зямнога свету ляжыць разумны план, які ідзе ад бога, а чалавечая душа заўсёды захоўвае магчымасць адысці ад усяго «тутэйшага» і вярнуцца да свайго сапраўднага прызначэння, якое П. бачыў у развіцці духоўных сіл і ўзыходжанні да першаадзінага, г.зн. да бога. У поглядах П. ёсць элементы містычнай дыялектыкі. Яго філас. вучэнне — пачатак апошняга этапа ў працэсе развіцця ант. філасофіі. Фрагментарныя запісы П. пасмяротна выдадзены яго вучнем Парфірыем, які падзяліў іх на 6 аддзелаў, а кожны аддзел — на 9 частак (адсюль назва ўсіх 54 трактатаў П. — «Энеады», г.зн. «Дзевяткі»).
Літ.:
Лосев А.Ф. История античной эстетики: Поздний эллинизм. М., 2000;
Яго ж. словарь античной философии: Избр. ст.М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭЛІГЕ́НЦЫЯ (ад лац. intelligens разумны, дасведчаны),
сацыяльная група (слой) людзей, прафесійна занятых складанай творчай працай, развіццём і пашырэннем культуры. Тэрмін «І.» ўпершыню ўведзены ў 1860-я г.рус. пісьменнікам П.Дз.Бабарыкіным. Перадумовай узнікнення І. быў падзел працы, асабліва аддзяленне разумовай ад фізічнай, які гістарычна адбыўся яшчэ ва ўмовах рабаўладання, феадалізму і ўзмацняўся ў працэсе фарміравання і развіцця індустр. грамадства. На гэтай аснове павялічвалася і большала колькасць і роля І., якая вылучалася ў асобную групу (інжынеры, юрысты, урачы, работнікі культуры, навукі і інш.). На этапе навук.-тэхн. рэвалюцыі і пераходу да постіндустр. грамадства ўдзельная вага І. ў некат. галінах прам-сці склала 30—50% працуючых. Пашыраецца слой адм.-кіраўнічых работнікаў, работнікаў сродкаў масавай інфармацыі і інш. І. неаднародная па сваім сац. паходжанні, статусе і сац.-паліт. арыентацыі; выконвае функцыі тэарэт. асэнсавання і выпрацоўкі канцэпцый развіцця грамадства, культуры, вытв. сіл, асветы, а таксама арганізацыі розных сацыяльных ін-таў. На Захадзе больш пашыраны тэрмін «інтэлектуальны», ён ужываецца і як сінонім І.
Фарміраванне нац. І. ў Беларусі адбывалася ў рэчышчы агульных заканамернасцей, хоць мела адметную спецыфіку, абумоўленую тым, што на працягу многіх стагоддзяў Беларусь знаходзілася ў складзе іншых дзяржаў. Вытокі бел. І. ў глыбокай старажытнасці і звязаны з перыядам станаўлення Полацкага, Тураўскага, Пінскага і інш. княстваў Кіеўскай Русі. У эпоху ВКЛнац. І. была прадстаўлена нешматлікім сац. слоем паліт. дзеячаў, духавенства, вучоных, філосафаў, мастакоў, архітэктараў і інш. Аб’яднанне ВКЛ з Польшчай (1569) і стварэнне Рэчы Паспалітай прывяло да актыўнага фарміравання ў Беларусі польскамоўнай І. У 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі склаўся самаст.сац. слой І., якая развівала нац. л-ру, мастацтва, тэатр, актыўна ўдзельнічала ў грамадска-паліт. жыцці. У пач. 1920-х г. І. ў БССР складала каля 6 тыс.чал. (0,1% агульнай колькасці насельніцтва), у 1926—40 тыс.чал., у 1939—156 тыс.чал. Інтэнсіўна І. фарміравалася ў пасляваен. перыяд. У 1989 на 1 тыс.чал. ва ўзросце 15 гадоў і старэй прыпадала 108 чал. з вышэйшай і 494 чал. з незакончанай вышэйшай і сярэдняй (агульнай і спец.) адукацыяй. У 1996 з 4360,3 тыс.чал., занятых у эканоміцы Рэспублікі Беларусь, у сферах, звязаных з разумовай працай, было 1016,4 тыс.чал. (23,3%).
Літ.:
Социальное развитие советской интеллигенции М., 1986;
Вехи: Интеллигенция в России: Сб. ст., 1909—1910. М., 1991;
Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРША́К (Самуіл Якаўлевіч) (3.11.1887, г.Варонеж, Расія — 4.7.1964),
расійскі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў рас. дзіцячай л-ры. Вучыўся ў Лонданскім ун-це (1913—14). У 1892—94 жыў у Віцебску. У 1920 арганізаваў у Краснадары адзін з першых рас. дзіцячых т-раў. Друкаваўся з 1904. Вершы для дзяцей «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэт.зб-кі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950, Дзярж. прэмія СССР 1951), аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавяданне пра невядомага героя» (1937), паэт. энцыклапедыя «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’есы-казкі «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922, паст.Бел. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Церамок» (1941, паст. Гомельскім абл. т-рам лялек, 1962), «Дванаццаць месяцаў» (1943, Дзярж. прэмія СССР 1946) і інш. адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, Добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кн. «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У Вял.Айч. вайну ствараў сатыр. вершы і подпісы да паліт. плакатаў (Дзярж. прэмія СССР 1942). Аўтар кн. успамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зб-ка артыкулаў пра літ. майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш. Майстар маст. перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С.Маршака» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), вершы Р.Бёрнса, У.Блейка, Дж.Радары, Дж.Кітса, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я.Коласам. П’есы-казкі М. ставіліся ў т-рах Беларусі: «Цудоўны кошык» паводле М. (1945), «Разумны казёл» (1953), «Кошчын дом» (1957, 1980) у Дзярж. т-ры лялек; «Фініст — Ясны Сокал» (1968), «Гора-няшчасце» (1969, абедзве з В.Васільевай) у Дзярж.рус.драм. т-ры; опера-казка І.Польскага на лібрэта М. «Церам-церамок» (1961) у т-ры оперы і балета. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.Астрэйка, П.Броўка, В.Вітка, К.Кірэенка, М.Лужанін, М.Маляўка, У.Шахавец, А.Якімовіч, і інш. Ленінская прэмія 1963.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М., 1968—72;
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1990;
Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987;
Бел.пер. — Вайна з Дняпром. Мн., 1934;
Пошта. Мн., 1937;
Мы ваенныя. Мн., 1941;
Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947;
Містэр Твістэр. 2 выд.Мн., 1952;
Круглы год. Мн., 1953.
Літ.:
Я думал, чувствовал, я жил: Воспоминания о Маршаке [2 изд.] М., 1988;
Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр.тв.Мн., 1978. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (франц. rationalisme ад лац. rationalis разумны),
філасофскі кірунак, які прызнае розум асновай пазнання і паводзін людзей. Адрозніваюць анталагічны, гнасеалагічны і тэалагічны Р. Паводле анталагічнага Р. быццё разумнае, у яго аснове знаходзіцца разумовы пачатак — «ідэі» ў вучэнні Платона, разумная манада ў дактрыне Г.Лейбніца, разумнае «Я» ў І.Фіхтэ, панлагізм Г.Гегеля, які ўяўляў увесь свет як самаразвіццё абсалютнай ідэі. Гнасеалагічны Р. — адзін з пануючых кірункаў у філасофіі 16—17 ст. Прадстаўлены Р.Дэкартам, Лейбніцам, Б.Спінозай, якія лічылі, што безумоўна дакладныя веды могуць быць атрыманы пры дапамозе дэдуктыўных метадаў, найб. моцна развітых у матэматыцы. З іх пункту погляду, вопыт і заснаваны на ім эмпірызм абмежаваны і толькі розум здольны стаць крыніцай ісцін, якія валодаюць уласцівасцямі ўсеагульнасці і неабходнасці, Р. стаў пануючым метадам мыслення эпохі Асветніцтва. У 16—17 ст. распаўсюдзіўся ў працах бел. мысліцеляў Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, Сімяона Полацкага. Ідэі Р. атрымалі развіццё ў вучэнні І.Канта, які лічыў, што, хаця сапраўдныя веды рэальнага свету «рэчаў у сабе» недасягальныя, можна атрымаць дакладныя веды пра з’явы, феномены ў свеце, якім мы яго пазнаём. Гэта становіцца магчымым дзякуючы таму, што фенаменальны свет асэнсоўваецца ў рамках апрыёрнай структуры, якая ствараецца розумам, напр., апрыёрнымі формамі ўспрыняцця прасторы. У філасофіі Гегеля ў якасці зыходнага першапачатку і сутнасці свету прызнаецца абсалютная ідэя — абсалютны розум, які паслядоўна ператвараецца ва ўласнае быццё напачатку ў форме прыроды, а затым і грамадства і прыходзіць да пазнання самога сябе. У гэтай дактрыне развіццё свету ўяўляецца як чыста лагічны рацыянальны працэс («усё сапраўднае разумнае, усё разумнае сапраўднае»), а яго гнасеалагічны Р. набывае рысы анталагічнага Р. і ператвараецца ў панлагізм. Гегелеўскі Р. паўплываў на К.Маркса, і фактычна філасофія марксізму рацыяналістычная. На аснове крытыкі гегельянства ў 19 ст. магутнае развіццё атрымліваюць процілеглыя Р. ідэі ірацыяналізму. Поўнасцю Р. не быў адхілены. Уласцівыя яму ідэі, акрамя марксізму, развіваліся ў 20 ст. ў філасофіі неапазітывізму, у вучэннях структуралізму, у сацыялагічных дактрынах М.Вебера, Ю.Хабермаса, Т.Парсанса і інш. Разам з анталагічным і гнасеалагічным у 17 ст. ўзнік і атрымаў развіццё ў 20 ст.тэалагічны Р. (Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, К.Ранер і інш.), паводле якога можна прыняць толькі тыя догматы веры, што ўзгадняюцца з логікай і довадамі розуму. Р. наз. таксама ўсеагульную веру ў здольнасць розуму пазнаць і растлумачыць навакольны свет і чалавека ў ім, вырашыць усе праблемы іх узаемадзеяння. Гл. таксама Крытычны рацыяналізм.
Літ.:
Кант И. Критика чистого разума // Соч.М., 1964. Т. 3;
Фейерабенд П. Избр. труды по методологии науки: Пер. с англ. и нем М., 1986;
Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. Мн., 1991;