ЧАРНЫШЭ́ЎСКІ Мікалай Гаўрылавіч (24.7.1828, г. Саратаў, Расія —29.10.1889),
рускі філосаф, пісьменнік, літаратурны крытык. Магістр (1855). Вучыўся ў Саратаўскай духоўнай семінарыі (1842—45), скончыў Пецярбургскі ун-т (1850). Працаваў выкладчыкам л-ры ў Саратаўскай гімназіі. З 1853 у Пецярбургу: супрацоўнічаў у час. «Отечественные записки», гал. рэдактар час. «Современник». У 1862 арыштаваны за дачыненне (не даказанае) да напісання пракламацыі «Панскім сялянам ад іх дабрадзеяў паклон», а ў 1864 прыгавораны сенацкім судом да катаргі і вечнага пасялення ў Сібіры. У 1883 пераехаў у Астрахань, потым у Саратаў. Светапогляд Ч. фарміраваўся пад уплывам ідэй класічнай ням. філасофіі (Г.Гегель, Л.Феербах), англ.паліт. эканоміі (Д.Рыкарда), франц. утапічнага сацыялізму (Ш.Фур’е і інш.), а таксама В.Р.Бялінскага, А.І.Герцэна, П.Леру, П.Ж.Прудона. У асн.філас. працы «Антрапалагічны прынцып у філасофіі» (1860) сцвярджаў, што чалавек мае адну рэальную натуру — матэрыяльную. У адрозненне ад Феербаха бачыў у чалавеку не толькі родавае, але і сац.-гіст. стварэнне. Лічыў, што на аснове сял. абшчыны, злучанай з навук.-тэхн. дасягненнямі Захаду, Расія ў стане перайсці да сацыялізму; шляхам да такога пераходу лічыў сац. рэвалюцыю. У рамане «Што рабіць?» (1863) даў вобразны малюнак «светлай і цудоўнай» будучыні чалавецтва — сацыялізму, які грунтуецца на грамадскай уласнасці. Эстэтыку разглядаў як «сістэму агульных прынцыпаў мастацтва ўвогуле і паэзіі ў асаблівасці». На яго думку, творы мастацтва ўзнікаюць на глебе сапраўдных патрэбнасцей чалавека (праўды, любові і паляпшэння быту), таму прадметам мастацтва можа і павінна стаць рэальная рэчаіснасць, а не штосьці абсалютнае і недасягальнае. У яго этычных поглядах узвялічваецца праца і людзі працы, асуджаецца марнае жыццё, адстойваецца разумны эгаізм асобы. Развітыя Ч. рэаліст. традыцыі ў разуменні суадносін мастацтва і рэчаіснасці паўплывалі на творчасць многіх бел. пісьменнікаў і дзеячаў мастацтва пач. 20 ст. Пад ідэйным уплывам Ч. фарміраваўся светапогляд К.Каліноўскага. Сярод вучняў і паслядоўнікаў Ч. былі браты А.Д. і Б.Д. Трусавы і інш. Ідэйная спадчына Ч. стала адной з тэарэт. крыніц станаўлення бел. эстэтыкі; у 1920-я г. яе вывучалі С.Вальфсон, І.Герчыкаў і інш.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—16. М., 1939—53.
Літ.:
Демченко А.А. Н.Г.Чернышевский: Науч. биогр. Ч. 1—4. Саратов, 1978—94;
Н.Г.Чернышевский в воспоминаниях современников. М., 1982.