УЭ́ЛЦІ (Welty) Юдора (13.4.1909, г. Джэксан, штат Місісіпі, ЗША — 23.7.2001),

амерыканская пісьменніца. Скончыла Жаночы ун-т штата Місісіпі, у 1929 атрымала ступень бакалаўра. Друкавалася з 1936. Вядомасць прынёс зб. навел «Зялёная заслона» (1941), у якім жыццё жыхароў поўдня апісана з іроніяй, падчас з насмешкай, але заўсёды з выразнай сімпатыяй. У рамане «Заручыны ў Дэльце» (1946) праз успрыманне 9-гадовай дзяўчынкі паказаны калект. партрэт сямейнага клана жыхароў поўдня, у рамане «Нерашучае сэрца» (1954) будні правінцыяльнага гарадка. Аўтар раманаў «Прайграныя бітвы» (1970), «Дачка аптыміста» (1972), аповесці «Жаніх-разбойнік» (1942), зб-каў навел «Залатыя яблыкі» (1949), «Нявеста з Інісфалена» (1955), аўтабіяграфіі «Вытокі аднаго пісьменніцкага жыцця» (1984) і інш.

А.​В.​Спрынчан.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮ́РГЕР (Bürger) Готфрыд Аўгуст (31.12.1747, Мольмерсвендэ, каля г. Гарцгеродэ, Германія — 8.6.1794),

нямецкі паэт. Прадстаўнік руху «Бура і націск», блізкі да «гётынгенскай садружнасці паэтаў». Родапачынальнік ням. і еўрап. літ. балады. Прыхільнік нац. самабытнага мастацтва, адзін з першых увёў нар. песенны лад у ням. паэзію. Лепшыя балады Бюргера напісаны ў 1773—75: «Граф-разбойнік», «Сон беднай Зусхен», «Дзікі паляўнічы», «Ленора». Вяршыня паліт. лірыкі — верш «Селянін — свайму найсвятлейшаму тырану». Бюргеру належыць адна з апрацовак паданняў пра барона Мюнхгаўзена (1786). Аўтар эсэ «Аб распаўсюджанасці паэзіі ў народзе» (1777—78), эпіграм.

Тв.:

Рус. пер. — Ленора // Зарубежная поэзия в переводах В.​А.​Жуковского. М., 1985. Т. 2;

Удивительные путешествия на суше и на море, военные походы и веселые приключения барона фон Мюнхгаузена... М., 1985.

Літ.:

Лозинская Л.Я. Бюргер // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.

Г.​В.​Сініла.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЛЬБАК Майсей Саламонавіч (20 або 25.3.1896, г. Смаргонь Гродзенскай вобл. — 29.10.1937),

яўрэйскі пісьменнік. Настаўнічаў у Смаргоні, Мінску, Вільні. У 1920—27 жыў у Вільні, Берліне. З 1928 у Мінску, працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, АН Беларусі. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Друкаваўся з 1916. Пісаў на яўр. мове. Аўтар кніг паэзіі «Вершы» (1920), «Новыя вершы» (1922), «Паэмы і вершы» (1929), цыкла «Беларусь» (1921), сатыр. антыфаш. паэмы «Дзісенскі Чайльд-Гарольд» (1933), раманаў абстрактна-філас. «Месія сына Эфроіма» і «Панядзелак» (абодва 1924), «Зельманцы» (кн. 1—2, 1931—35), п’ес «Разбойнік Бойтрэ», «Веньямін Магідаў» (абедзве паст. 1937) і інш. Перакладаў на яўр. мову творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Гогаля. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.​Агняцвет, З.​Бядуля, В.​Вольскі, Х.​Жычка, І.​Калеснік, Г.​Кляўко, У.​Паўлаў, Я.​Семяжон.

Тв.:

Бел. пер. — Зельманцы. Мн., 1960;

Выбранае. Мн., 1970;

Рус. пер. — Стихотворения;

Поэмы. М., 1969.

т. 9, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎ Вячаслаў Аляксандравіч (н. 13.8.1942, с. Вясёлае Паўлаўскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1968). З 1969 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчасць адметная глыбокай распрацоўкай псіхалогіі характараў, выкарыстаннем шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў — ад публіцыстыкі да камернай лірыкі. Рэжысёр кінафільмаў «Зімародак» (1972), «Хлеб пахне порахам» (сцэн. І.​Шамякіна, 1974) і «Сын старшыні» (сцэн. М.​Матукоўскага, 1976; за ўсе прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Абочына» (1978), «Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі» (паводле А.​Пушкіна, 1989), «Душа мая Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999); тэлефільмаў — «Бераг прынцэсы Люські» (1969), «Ціхія троечнікі» (1980), «Фруза» (паводле В.​Быкава, 1981), «Бацькі і дзеці» (паводле І.​Тургенева, 1984; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Вялікая прыгода» (1985), «Дзяржаўная граніца» (фільм 5-ы — «Год сорак першы», 1986), тэлесерыяла «Дуброўскі» (паводле Пушкіна, 1989).

А.​А.​Карпілава.

В.А.Нікіфараў.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАЎЧАВА́ДЗЕ Ілья Рыгоравіч (8.11.1837, с. Кварэлі, Грузія — 12.9.1907),

грузінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1857—61). Працаваў суддзёй і інш., быў старшынёй Т-ва пашырэння пісьменнасці сярод грузін, праўлення Груз. драм. т-ва. Чл. Дзярж. савета (1906). Адзін з заснавальнікаў (з А.Цэрэтэлі) груз. рэв.-дэмакр. плыні 1860—70-х г. «Цергдалеўлебі». Літ. дзейнасць з 1857. Паэзія Ч. прасякнута гуманіст. матывамі, грамадз. пафасам. Пісаў вершы-замалёўкі роднай прыроды. У паэме «Пустэльнік» (1883) тэма грамадз. служэння. Саслоўна-класавыя супярэчнасці груз. грамадства ў паэмах «Здань» (1859, апубл. 1872—73), «Некалькі малюнкаў, або Выпадак з жыцця разбойніка» («Разбойнік Како», 1860), аповесцях «Ці ж ён чалавек?» (1859—63), «Апавяданне жабрака» (1859, апубл. 1873). Аповесць «Атарава ўдава» (1887) пра жыццё вёскі пасля адмены прыгоннага права. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Х.​Жычка.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—2. Тбилиси, 1978;

Стихотворения и поэмы. Л., 1979.

І.Р.Чаўчавадзе.

т. 17, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬБРАХТ (Olbracht) Іван [сапр. Земан

(Zeman) Каміл; 6.1.1882, г. Семілі, Чэхія —30.12.1952], чэшскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Чэхаславакіі (з 1946). Вучыўся ў Берлінскім і Карлавым (Прага) ун-тах. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. Сваёй творчасцю развіваў традыцыі крытычнага рэалізму. Першы зб. апавяд. «Пра злых адзіночак» (1913). Аўтар псіхал. раманаў «Самы цёмны астрог» (1916),

«Дзіўнае сяброўства акцёра Есенія» (1919). Вынік наведвання ў 1920 Расіі — зб. рэпартажаў «Замалёўкі сучаснай Расіі» (1920—21). Вядомасць прынёс раман «Ганна-пралетарка» (1928) пра рэв. падзеі ў Чэхаславакіі. Гал. прынцыпам новай эпікі лічыў міф: раман «Мікола Шугай, разбойнік» (1933, экранізацыя 1947), зб. апавяд. «Яўрэйскае мястэчка ў даліне» (1937). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Ю.​Лявонны.

Тв.:

Бел. пер. — Ганна-пралетарка. Мн., 1932;

Рус. пер. — Путешествие за познанием. Страна Советов 1920 г. М., 1967;

У кн.: Майерова М., Ольбрахт И. Избранное. М., 1973.

А.​У.​Вострыкава.

І.Ольбрых. Партал дома Э.​Людвіга ў г. Дармштат. 1900—01.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЭ́ЖНЫ Васіль Трафімавіч (1780, с. Усцівіца Вялікабагачанскага р-на Палтаўскай вобл., Украіна —3.7.1825),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1799—1801). Служыў чыноўнікам у Грузіі, у 1803—21 у Пецярбургу. Раннія творы (гіст.-гераічныя паэмы, трагедыі) арыентаваны на паэтыку класіцызму. Цыкл аповесцей «Славянскія вечары» (ч. 1, 1809; поўнае выд. 1826) звязаны з рус. перадрамантызмам; у ім спалучэнне гіст. фактаў і вымыслу, паэтызацыя легендарных герояў Кіеўскай Русі. Найб. значны твор — раман «Расійскі Жылблаз, або Прыгоды князя Гаўрылы Сіманавіча Чысцякова» (ч. 1—3, 1814, арыштаваны; цалкам выд. 1938) — сатыр. карціна жыцця сталіцы і правінцыі Расіі 18 ст. Аўтар раманаў «Чорны год, або Горскія князі» (выд. 1829), «Арыстыён, або Перавыхаванне» (1822), на ўкр. тэматыку «Бурсак» (1824), «Два Іваны, або Схільнасць да цяжбаў» (1825), «Гаркуша, маларасійскі разбойнік» (незавершаны), аповесцей «Любаслаў» (1818), «Аляксандр» (1819), зб. «Новыя аповесці» (1824). Як бытаапісальнік Н. быў папярэднікам «натуральнай школы» і М.​Гогаля.

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1983.

Літ.:

Переверзев В.Ф. У истоков русского реалистического романа. 2 изд. М., 1965.

Л.​В.​Календа.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ПЕК (Čapek) Карал (9.1.1890, Мале-Сватанёвіцы, Чэхія — 25.12.1938),

чэшскі пісьменнік. Скончыў Пражскі ун-т (1915). Друкаваўся з 1907. Зведаў уплыў філасофіі рэлятывізму і прагматызму (трактат «Прагматызм, ці Філасофія прагматычнага жыцця», 1917). У зб-ках апавяд. «Распяцце» (1917), «Пакутлівыя апавяданні» (1921) і інш. пошук крытэрыю ісціны, роздум над філас. праблемамі. Сусв. вядомасць прынеслі напісаныя ў жанры антыутопіі сац.-фантаст. п’есы «R.U.R.» (1920), «Сродак Макрапуласа» (1922), раманы «Фабрыка Абсалюту» (1922), «Кракаціт» (1924). Філас. пераадоленне рэлятывізму ў раманетрылогіі «Гардубал», «Метэор» і «Звычайнае жыццё» (1933—34). Вяршыня яго творчасці — раман «Вайна з саламандрамі» (1936), у якім сатыра на мілітарызм, фаш. расавыя тэорыі. Антыфаш. і антываен. накіраванасць і пошукі ідэалу «цэльнага чалавека» ў аповесці «Першая выратавальная» (1937) і п’есах «Белая хвароба» (1937), «Маці» (1938). Аўтар кніг дарожных нататкаў, зборнікаў гумарыст. апавяданняў і нарысаў, твораў для дзяцей і інш. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Я.​Курто, А.​Чаркасаў. На бел. сцэне паводле аднайм. п’ес Ч. пастаўлены спектаклі «Сродак Макрапуласа» (1983, Дзярж. рус. драм. т-р), «Разбойнік» (1997).

Тв.:

Бел. пер. — Казкі і вясёлыя гісторыі. Мн., 1997;

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—7. М., 1974—77.

Літ.:

Никольский С.В. Карел Чапек — фантаст и сатирик. М., 1973;

Малевич О.М. Карел Чапек;

Критико-биогр. очерк. 2 изд. М., 1989;

Карел Чапек в воспоминаниях современников: Пер. с чеш. М., 1990;

Токсина И.В. Карел Чапек: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

А.​У.​Вострыкава.

К.Чапек.

т. 17, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́НА,

руская нар. эпічная песня пра подзвігі герояў (волатаў-асілкаў), манум. вобразы якіх увасабляюць лепшыя рысы народа, яго сілу, працавітасць, вернасць роднай зямлі. Акрамя «багатырскіх» былін значную ч. быліннага эпасу складаюць творы сац.-бытавога зместу, казачныя, навелістычныя, быліны-скамарошыны. Частка іх на мяжы паміж уласна былінай і баладай.

Як жанр аформілася ў 10—13 ст., што супадае з часам росквіту Кіеўскай дзяржавы і пачаткам феад. раздробленасці Стараж. Русі. Назва «быліна» выкарыстоўвалася побач з нар. назвамі «старына», «старынка» і ў навук. ўжытак уведзена І.​П.​Сахаравым у 1840-я г. Па месцах дзеяння герояў падзяляюцца на кіеўскія і наўгародскія (быліна пра Ілью Мурамца звязаны з Кіевам, пра Садко — з Ноўгарадам). Кіеўскі цыкл найб. багаты. Ён звязаны з падзеямі пры двары кн. Уладзіміра Краснага Сонейка: быліна пра Дабрыню Мікітавіча, Ілью Мурамца, Алёшу Паповіча, Вальгу і Мікулу і інш. Гістарызм гэтых былін, як і фалькл. твораў наогул, пазбаўлены канкрэтызацыі, дакладнага датавання. Быліны ўзаемадзейнічалі з інш. фалькл. жанрамі — казкамі, баладамі, легендамі. Тэксты былін запісаны ад нар. выканаўцаў у 18—20 ст. Цяпер былінная традыцыя нават у асн. раёнах яе бытавання (на еўрап. Поўначы Расіі) амаль знікла.

Былінныя вобразы і матывы сустракаюцца таксама ў бел. чарадзейных казках (Ілья Мурамец, Салавей-разбойнік), у баладах (сястра Алёшы Паповіча) і інш. Таму некаторыя даследчыкі лічаць, што быліны былі пашыраны і на Беларусі. Аднак адсутнасць іх у нар. рэпертуары беларусаў і ўкраінцаў можа абазначаць, што быліны бытавалі ў вузкім коле княжацкіх дружыннікаў, а ў нар. асяроддзі з’явіліся пазней.

Публ.:

Былины. Т. 1—2. М., 1958.

Літ.:

Астахова А.М. Былины: Итоги и проблемы изучения. М.; Л., 1966.

Л.​М.​Салавей.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЧО́НЫХ Аляксей Елісеевіч (21.2.1886, в. Олеўка Херсонскага р-на, Украіна — 17.6.1968),

рускі паэт, тэарэтык футурызму. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1906). З 1907 у Маскве, пісаў пейзажы, рабіў літаграфічныя партрэты, шаржы для сатыр. часопісаў. Друкаваўся з 1909. У 1910-я г. пазнаёміўся з У.​Маякоўскім і В.​Хлебнікавым, якія паўплывалі на раннюю творчасць К. У 1912 далучыўся да літ.-маст. групы кубафутурыстаў. Першыя зб-кі «Гульня ў пекле» (з Хлебнікавым) і «Старадаўняе каханне» (абодва 1912). Спрабаваў стварыць новую паэт. мову — заум, якую выводзіў ад нар. замоў, гласалій сектантаў, прамовы і дзіцячай мовы: тэарэт. зб-кі «Слова як такое», «Д’ябал і моватворцы» (абодва 1913), «Тайныя заганы акадэмікаў» (1916), «Зрухалогія рускага верша» (1922), «Апакаліпсіс у рускай літаратуры» (1923) і інш. Паэт. зб-кі «Памада», «Узарваль», кн. «Пачнем наракаць» (усе 1913) — узоры гукавой і графічнай заумі. Распрацаваў паэт. тэорыю зруху (кн. «Малахолія ў капоце», зб. вершаў «Лакіраванае трыко», абодва 1919). Аўтар п’ес (п’еса-опера «Перамога над сонцам», паст. 1913, у 1920 паст. К.​Малевічам у Віцебску; «Хуліганы ў вёсцы», 1927, і інш.), фабульных крымін. раманаў у вершах («...Разбойнік Ванька-Каін і Сонька-Манікюрка», 1925; «...Дунька-Рубіха», 1926), кніг любоўнай лірыкі «Іраніяда» і «Рубініяда» (абедзве 1930). Першы даследаваў творчасць У.​Маякоўскага («Вершы У.​Маякоўскага. Выпыт», 1914). Склаў бібліяграфію Б.​Пастарнака (1933), М.​Асеева (1934), выдаваў літ. спадчыну (Хлебнікава і інш.). Пасля 1934 не друкаваўся.

Тв.:

Четыре фонетических романа [Стихи]. М., 1990;

Кукиш пошлякам: Фактура слова;

Сдвигология русского стиха;

Апокалипсис в русской литературе. М., 1992. Наш выход: [К истории рус. футуризма]. М., 1996.

Літ.:

Лившиц Б. Полутороглазый стрелец. Л., 1989;

Алексей Крученых в свидетельствах современников. Мюнхен, 1994.

т. 8, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)