Адбылася каля в.Палонка (паміж Слонімам і Ляхавічамі) 28 чэрв. ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Пасля заключэння 3.5.1660 Аліўскага міру 1660 са Швецыяй войска Рэчы Паспалітай на чале з П.Я.Сапегам і С.Чарнецкім перайшло ў наступленне: з Брэста праз Слонім яны рушылі на дапамогу гарнізону Ляхавіцкага замка, які быў абложаны рас. войскамі І.А.Хаванскага. Даведаўшыся пра гэта, Хаванскі з большай часткай сваёй арміі выступіў ім насустрач. Пад Палонкай яны сустрэліся. Хаванскі з конніцай стаў на правым флангу, на левым — кн. В.Шчарбаты, пасярэдзіне — рэйтары і пяхота. У цэнтры баявога пастраення войска Рэчы Паспалітай размясцілася дывізія Чарнецкага (4 тыс.чал.), па флангах — харугвы Сапегі, А.Г.Палубінскага і С.Кміціча (6 тыс.чал.). Атака гусараў Рэчы Паспалітай была такой імклівай, што рас.пяхота паспела зрабіць толькі адзін залп і была змята. Паспяховай была атака гусараў і панцырных на рас. конніцу. Пасля гэтага быў нанесены супольны ўдар па астатняй рас. пяхоце. Бітва скончылася поўным разгромам войск Хаванскага: загінула каля 2 тыс.чал. пяхоты, яшчэ больш коннікаў; мноства ратнікаў, у т. л. Шчарбаты, трапіла ў палон. Хаванскі з рэшткамі войска адступіў да мяст. Ляхавічы, зняў аблогу яго замка і пачаў імклівы адыход на Полацк. Войску Рэчы Паспалітай дасталіся вял. трафеі. П.б. — першая буйная перамога войска Рэчы Паспалітай, якая засведчыла пераход да яго стратэгічнай ініцыятывы.
Літ.:
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995. С. 96—97.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВА́Я АБАРО́НА,
сілы і сродкі флоту, берагавыя ўмацаванні, прызначаныя для абароны ваенна-марскіх партоў, узбярэжжа, астравоў, праліваў ад нападу праціўніка з мора, сушы, паветра. Пачала фарміравацца ў 14 ст. з выкарыстаннем артылерыі, якая да сярэдзіны 20 ст. складала аснову берагавой абароны. Выкарыстоўваліся таксама марская пяхота, стралковыя і інж.-сапёрныя часці, зенітная артылерыя, караблі і катэры прыбярэжнага дзеяння, фартыфікацыйныя збудаванні і мінныя загароды. У 2-й пал. 20 ст. ў сувязі са стварэннем берагавых ракетна-артыл. войскаў берагавая абарона ажыццяўляюць сіламі сухапутных войскаў, войскаў ППА, ВПА і ВМФ. У некат. краінах берагавая абарона ўскладзена на ваенна-марскія сілы, у ЗША, напр., — на ваенна-марскія акругі і сухапутныя войскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.
Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс.чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДСКНЕ́ХТЫ (ням. Landsknecht ад Land зямля, краіна + Knecht парабак, салдат),
нямецкая наёмная пяхота 15—17 ст., якая прыходзіла на службу з уласнай зброяй (алебардамі, аркебузамі, мячамі, доўгімі пікамі). З’явіліся ў Швабіі (Паўд. Германія), арганізацыйна і структурна аформіліся пры герм. імператару Максіміляне I у час італьян. войнаў 1494—1559. З 16 ст. былі таксама ў арміях Францыі, Аўстрыі, Іспаніі, ВКЛ і інш.еўрап. дзяржаў. У баі дзейнічалі пераважна падраздзяленнямі па 500 чал. адной чатырохвугольнай калонай, клінам або трохвугольнікам. Страцілі значэнне пасля Трыццацігадовай вайны 1618—48 з утварэннем у еўрап. краінах пастаянных нац. армій. У л-ры Л. часам называюць замежных наёмнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),
1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.Вісконці, А. да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.Калеоні, Ф.Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.
2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),
старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым. войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс.рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫБРА́НЦЫ,
ваенна-служылая група сельскага насельніцтва ў Польшчы і ВКЛ у 16—18 ст. У Польшчы пяхота з выбранцаў створана ў 1578 па ініцыятыве караля Стафана Баторыя на ўзор венгерскай пяхоты, у ВКЛ — у 1595. Набіралі выбранцаў пераважна ў каралеўскіх маёнтках (1 чал. ад 20 двароў). За службу яны і іх сем’і вызваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцей, прывілеі выбранцаў («выбранецкае права») пашыраліся і на іх нашчадкаў. У 1-й пал. 17 ст. магнаты ВКЛ стваралі атрады выбранцаў і ў прыватных войсках, набіраючы іх з дробнай шляхты, «вольных людзей» і сялян. У пач. 17 ст. ў войску ВКЛ было 12 рот выбранцаў (больш за 1 тыс.чал.). У 2-й пал. 17 ст. выбранцы засталіся толькі на Случчыне, яны неслі службу ў слуцкім гарнізоне і ў залежнасці ад вайск. звання мелі зямельныя надзелы ад 0,5 да 1,5 валокі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай 1793 і скасавання слуцкага гарнізона частка выбранцаў даказала свае правы на дваранства, астатнія — на вольнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКІЯ КАЛО́НІІ Ў ПАЎНО́ЧНЫМ ПРЫЧАРНАМО́Р’І,
умацаваныя гандлёвыя і ваенна-адм. пункты на паўн. узбярэжжы Чорнага м. ў 13—15 ст.Засн. купцамі Генуі. Цэнтр — г. Кафа (сучасная Феадосія). У 1266 генуэзцы дамагліся ад стаўленіка Залатой Арды ў Крыме перадачы ім у валоданне Кафы, у 1357 выцесніўшы венецыянцаў, захапілі Чэмбалу (Балаклаву), у 1365 — Салдаю (Судак). Узніклі іх калоніі Баспора (на месцы сучаснага г. Керч), Тана (у вусці Дона), агенцтвы меліся ў г. Матрэга, Копа (каля Краснадара) і інш. Тут жылі грэкі, італьянцы, армяне, татары, рускія і інш. З сярэдзіны 14 ст. і да 1475 генуэзцы фактычна кантралявалі гандаль у Азова-Чарнаморскім бас. У 14—15 ст. у Маскве існавала карпарацыя купцоў («суражане»), якія спецыялізаваліся на гандлі з генуэзскімі калоніямі. У 1380 генуэзская пяхота ўдзельнічала на баку Мамая ў Кулікоўскай бітве 1380. Пасля падзення Візантыі (1453) міжнар. становішча калоній пагоршылася, у 1475 яны захоплены і разбураны Турцыяй і яе васалам Крымскім ханствам. Захаваліся рэшткі крапасных сцен, вежаў і палацаў генуэзцаў у Феадосіі, Балаклаве, Судаку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЁМНІЦТВА,
спосаб камплектавання ўзбр. сіл, заснаваны на прыцягненні на ваен. службу асоб паводле найму. Зарадзілася ў Стараж. Егіпце, калі ў войска пачалі прымаць прадстаўнікоў інш. краін. Наёмныя арміі мелі Персія, Карфаген, Стараж. Рым і інш. У эпоху феадалізму з 11 ст. асобныя феадалы, а з 14 ст. каралі і князі шэрагу краін Еўропы выкарыстоўвалі наёмнае войска для ўмацавання сваёй ўлады. З 15 ст. Н. (гл.Ландскнехты) стала пашыраным спосабам камплектавання ўзбр. сіл. Напр., у войску ВКЛ служылі наёмнікі з Германіі, Венгрыі і інш. (венг. конніца і пяхота, ням. і швейцарскія мушкецёры, рэйтары, аркебузёры і інш.). У 17—18 ст. ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя наёмныя арміі. У канцы 18 — пач. 19 ст. ў шэрагу краін уведзена ўсеагульная воінская павіннасць (у Расіі да 1874 дзейнічала сістэма рэкруцкай павіннасці). У наш час нац.ўзбр. сілы шэрагу краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.) камплектуюцца шляхам Н. і вярбоўкі. У арміях і інш.узбр. фарміраваннях некат. краін (напр., Францыі) выкарыстоўваюцца замежныя наёмнікі (гл.Легіён). Кантрактная сістэма, якая па сутнасці з’яўляецца Н., значна пашырана ў шэрагу дзяржаў свету, у т. л. яе асобныя элементы ёсць ва Узбр. Сілах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРХГО́ЛЬМСКАЯ БІ́ТВА 1605.
Адбылася ў час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 каля в. Кірхгольм (сучасны г. Саласпілс, Латвія). У жн. 1605 шведскі кароль Карл IX з 12-тысячнай арміяй падступіў да Рыгі і пачаў аблогу горада. На дапамогу абаронцам Рыгі выступіла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.К.Хадкевічам. Харугвы ВКЛ спыніліся лагерам за 13 км ад Рыгі каля в. Кірхгольм. На досвітку 27 вер. да іх падышла армія Карла IX (6840 чал. пяхоты, 450 коннікаў і 11 гармат). Хадкевіч меў 4350 чал., з іх 3310 коннікаў. Пасля доўгага процістаяння гетман зрабіў манеўр: лёгкая конніца адступіла, што вымусіла шведаў перайсці ў наступленне і пакінуць зручныя пазіцыі. Але калі швед.пяхота з гарматамі спусцілася з узвышша, па ёй з флангаў ударылі рэйтары Хадкевіча. У выніку швед. войска парушыла самкнуты строй і стала безабаронным перад конніцай ВКЛ. Гусары В.Войны атакавалі корпус пяхоты, а конніца Т.Дамбровы і полк Я.П.Сапегі — рэйтараў; шведы пачалі ўцякаць. У пагоню кінуліся татарскія харугвы, якія вартавалі абоз Хадкевіча. Шведы страцілі каля 6 тыс. забітымі, усе гарматы і 60 харугваў; быў паранены і Карл IX. У войску ВКЛ загінула каля 100 чал. і некалькі сотняў атрымалі раны.
Літ.:
Чаропка В. Бітва пад Кірхгольмам // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3.