пяхо́та, -ы, ДМ -хо́це, ж.

Род войск, якія дзейнічаюць у пешым страі.

Марская п.

|| прым. пяхо́тны, -ая, -ае.

П. полк.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

пяхо́та

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. пяхо́та
Р. пяхо́ты
Д. пяхо́це
В. пяхо́ту
Т. пяхо́тай
пяхо́таю
М. пяхо́це

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

пяхо́та ж. пехо́та

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пяхо́та, ‑ы, ДМ ‑хоце, ж.

Род войска, якое дзейнічае пешым парадкам. Служыць у пяхоце. Марская пяхота. □ Калі артылерысты перанеслі агонь углыбіню, у бой пайшлі топкі і пяхота. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пяхота 8/666

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯХО́ТА, інфантэрыя,

старэйшы род сухапутных войск, прызначаны для абароны сваёй тэрыторыі, нанясення паражэння праціўніку ў баі і авалодання яго тэрыторыяй. П. як род войск ёсць ва ўзбр. сілах многіх краін, у т. л. ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ. У арміях некат. дзяржаў існуюць матарызаваная, паветрана-дэсантная П. (гл. Паветрана-дэсантныя войскі) і марская пяхота. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь войскі, аналагічныя П., называюцца мотастралковымі войскамі.

П. вядома з часоў рабаўладальніцкага ладу; найб. развіццё атрымала ў арміях Стараж. Грэцыі і асабліва Рыма. Падзялялася на лёгкую, сярэднюю і цяжкую. Была ўзброена коп’ямі, мячамі, лукамі і інш. У Зах. Еўропе (6—7 ст.) П. складалася гал. чынам з пешага апалчэння. З утварэннем буйных феад. дзяржаў і з’яўленнем рыцарскай конніцы (гл. Рыцар, Рыцарства) роля П. паменшылася. У Кіеўскай і Полацкай Русі (9—11 ст.), ВКЛ (13—15 ст.) П. складала значную ч. войска. У 16 ст. значэнне П. павялічылася, але кавалерыя ў 2 разы пераўзыходзіла яе колькасна. У Еўропе, у т. л. ў ВКЛ, значную ролю адыгрывала наёмная П. (гл. Ландскнехты). У наёмныя пяхотныя фарміраванні ўваходзілі мушкецёры (да ​2/3 асабовага складу) і пікінёры (капейшчыкі). Арганізац. адзінкай іх былі рэгіменты (палкі) і швадроны («сквадроны»). Падобную арганізац. структуру мелі драгуны (конная П., вядома ў ВКЛ з 1618); яны выкарыстоўвалі коней толькі для мабільнага перамяшчэння. З 16—17 ст., калі ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя арміі (гл. Наёмніцтва), роля П. павялічылася (складала асн. колькасную і ўдарную сілу войска). У 1-ю і 2-ю сусв. войны П. ва ўсіх арміях была самай шматлікай. Са з’яўленнем новых родаў і спец. войск (авіяцыя, танк., хім. войскі і інш.) удзельная вага П. зменшылася, аднак яна заставалася адным з гал. родаў войск.

Сучасная П. мае на ўзбраенні ракеты, танкі, артылерыю, браніраваныя машыны і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск здольна выконваць пастаўленыя задачы ў пешых баявых парадках, на БМП, бронетранспарцёрах і інш.

Да арт. Пяхота. Пяхотнікі Вялікага княства Літоўскага 17 ст. Мал. С.​Харэўскага.
Савецкая пяхота ў наступленні ў час аперацыі «Баграціён». Чэрвень 1944.
Да арт. Пяхота. Мотастралкі Узброеных Сіл Беларусі на вучэннях. 1999.

т. 13, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пяхо́та ж. вайск. Infanteríe f -, Fúßvolk n -(e)s;

марска́я пяхо́та Maríne¦infanterie f -

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Пяхо́та: на пяхо́ту ’пехатой, пешшу’ (Цых.), ’род войска’ (ТСБМ, Ласт.), пях́отай ’пешшу’ (валож., Жыв. сл.), пяхо́там ’тс’ (Жд.), пехото́м ’тс’ (ПСл), пяхто́м ’тс’ (Сцяшк. Сл.), укр. піхо́та ’пяхота’, рус. пехо́та ’тс’, польск. piechota ’хаджэнне пешкі; пешае войска’, чэш. pěchota ’пешае войска’. Прасл. дыял. *pěxota, вытворнае ад *pěxъ ’пешы’ (Фасмер, 3, 254), гл. пехата. Відаць, не можа разглядацца асобна ад славен. pehóta ’стома’, якое Бязлай (3, 21) параўноўвае з харв. дыял. pijèhati ’дыхаць, храпці’. Тады, відаць, першапачаткова гукапераймальнае, параўн. чэш. pěch ’трамбоўка’, pěchovati ’трамбаваць, піхаць’. Банькоўскі (2, 546) прапануе выводзіць з *pěxъ ’павольнае і мернае апусканне таўкача ў ступе’, што адлюстравалася ў пех ’чалавек, якога трэба папіхаць да справы’ (Нас.), чэш. pěchem ’паволі’, балг. пех ’марудны, цяжкі’ і звязана з пхаць, піхаць (гл.). Па семантычных і фармальных прыкметах цяжка выводзіць з і.-е. *pēd‑s, параўн. і.-е. *pēd‑ ’нага, ступак’, параўн. Махэк₂, 446; Варбат, Этимология–1971, 18. Гл. таксама пешы (ш < х, параўн. пе́хам ’пешкі’, гл.). У значэнні ’род войска’ запазычана праз польскую з чэш. pěchota або непасрэдна з рус. пехо́та, што замянілі ў XVIII ст. германізм інфантэрыя (з ісп. infantería, ад infante ’хлопец, пахолак, які пешкі суправаджаў рыцара на кані’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марская пяхота 7/37

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАРСКА́Я ПЯХО́ТА,

род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.

Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл. Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т. л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс. чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял. Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.

Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т. л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс. чал., 1998).

Літ.:

Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;

Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;

Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.

У.​Я.​Калаткоў, Р.​К.​Паўловіч.

Да арт. Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 10, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)