Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯХО́ТА, інфантэрыя,
старэйшы род сухапутных войск, прызначаны для абароны сваёй тэрыторыі, нанясення паражэння праціўніку ў баі і авалодання яго тэрыторыяй. П. як род войск ёсць ва ўзбр. сілах многіх краін, у т. л. ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ. У арміях некат. дзяржаў існуюць матарызаваная, паветрана-дэсантная П. (гл.Паветрана-дэсантныя войскі) і марская пяхота. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь войскі, аналагічныя П., называюцца мотастралковымі войскамі.
П. вядома з часоў рабаўладальніцкага ладу; найб. развіццё атрымала ў арміях Стараж. Грэцыі і асабліва Рыма. Падзялялася на лёгкую, сярэднюю і цяжкую. Была ўзброена коп’ямі, мячамі, лукамі і інш. У Зах. Еўропе (6—7 ст.) П. складалася гал. чынам з пешага апалчэння. З утварэннем буйных феад. дзяржаў і з’яўленнем рыцарскай конніцы (гл.Рыцар, Рыцарства) роля П. паменшылася. У Кіеўскай і Полацкай Русі (9—11 ст.), ВКЛ (13—15 ст.) П. складала значную ч. войска. У 16 ст. значэнне П. павялічылася, але кавалерыя ў 2 разы пераўзыходзіла яе колькасна. У Еўропе, у т. л. ў ВКЛ, значную ролю адыгрывала наёмная П. (гл.Ландскнехты). У наёмныя пяхотныя фарміраванні ўваходзілі мушкецёры (да 2/3 асабовага складу) і пікінёры (капейшчыкі). Арганізац. адзінкай іх былі рэгіменты (палкі) і швадроны («сквадроны»). Падобную арганізац. структуру мелі драгуны (конная П., вядома ў ВКЛ з 1618); яны выкарыстоўвалі коней толькі для мабільнага перамяшчэння. З 16—17 ст., калі ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя арміі (гл.Наёмніцтва), роля П. павялічылася (складала асн. колькасную і ўдарную сілу войска). У 1-ю і 2-ю сусв. войны П. ва ўсіх арміях была самай шматлікай. Са з’яўленнем новых родаў і спец. войск (авіяцыя, танк., хім. войскі і інш.) удзельная вага П. зменшылася, аднак яна заставалася адным з гал. родаў войск.
Сучасная П. мае на ўзбраенні ракеты, танкі, артылерыю, браніраваныя машыны і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск здольна выконваць пастаўленыя задачы ў пешых баявых парадках, на БМП, бронетранспарцёрах і інш.
Да арт.Пяхота. Пяхотнікі Вялікага княства Літоўскага 17 ст. Мал. С.Харэўскага.Савецкая пяхота ў наступленні ў час аперацыі «Баграціён». Чэрвень 1944.Да арт.Пяхота. Мотастралкі Узброеных Сіл Беларусі на вучэннях. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Марская пяхота 7/37
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКА́Я ПЯХО́ТА,
род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.
Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл.Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т. л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс.чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял.Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.
Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т. л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс.чал., 1998).
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;
Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;
Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Да арт.Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАПЯХО́ТА, матарызаваная пяхота,
сучасная назва пяхоты ва ўзбр. сілах ФРГ, Бельгіі, Нідэрландаў і інш.; у ЗША, Францыі і інш. — механізаваныя войскі, у краінах СНД — мотастралковыя войскі, якія ўваходзяць у склад сухапутных войск. Мотапяхотныя (матарызаваныя) злучэнні адрозніваюцца ад звычайных пяхотных высокай ступенню матарызацыі. Упершыню асобныя матарызаваныя падраздзяленні з’явіліся ў час 1-й сусв. вайны; значнае пашырэнне атрымалі ў 2-ю сусв. вайну. Гл. таксама Пяхота.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Веліты (лёгкая пяхота) 6/292
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ВОЙСК (сіл),
састаўная частка віду ўзбр. сіл, якая ўключае часці і злучэнні, што маюць зброю, ваен. тэхніку і тактыку дзеянняў, уласцівую толькі ім. Падзел войск на роды існуе ў большасці краін свету. З часоў старажытнасці найб. вядомыя Р.в. — пяхота, кавалерыя, з 16 ст. — артылерыя. З развіццём зброі і ваен. тэхнікі з’явіліся новыя Р.в., у т. л. ў ВМФ (ВМС) роды сіл: падводныя і надводныя, марская авіяцыя, марская пяхота і інш. Ва Узбр. Сілах Беларусі да Р.в. адносяцца мотастралк., танк., ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. і інш. войскі, а таксама роды авіяцыі (аб. Р.в. узбр. сіл, у т. л. Беларусі, гл. адпаведныя арт.). У баі Р.в. цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і са спец. войскамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРВАЛА́НТ (ад франц. corps корпус, асобны атрад + volant лятучы),
вайсковае злучэнне, аснову якога складала конніца, а таксама пяхота і лёгкая артылерыя. Прызначаўся гал. чынам для дзеянняў у тыле праціўніка, перахопу яго камунікацый, удараў у флангі баявых парадкаў і для праследавання. Шырока выкарыстоўваўся ў войсках 18—19 ст. У Расіі створаны Пятром I у 1701. Паспяхова дзейнічаў у час Паўночнай вайны 1700—21, вызначыўся ў бітве пад Лясной 1708.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,
спецыяльныя агульнавайсковыя, артыл., інж. і інш. часці і злучэнні, прызначаныя для вядзення дзеянняў у горнай мясцовасці. У некат. арміях горныя войскі наз. альпійскімі (Францыя, Італія), горнапяхотнымі (ФРГ і інш.), горнастралковымі (СССР да сярэдзіны 1950-х г.). Камплектуюцца пераважна з жыхароў горных раёнаў; забяспечваюцца спец. абмундзіраваннем і амуніцыяй; пяхота горных войскаў можа мець палегчанае ўзбраенне, артыл. часці — горную артылерыю і мінамёты палегчанай канструкцыі, прыстасаваныя для руху ў гарах на ўючных жывёлах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУКІ́ (ад венг. hajdúk пехацінцы),
1) удзельнікі ўзбр. барацьбы паўд.-слав. народаў і венграў супраць турэцкіх захопнікаў у 15—19 ст. У час рус.-тур. вайны 1877—78 разам з рус. войскамі змагаліся за вызваленне Балгарыі. Подзвігі гайдукоў услаўлены ў эпасе паўд. славян.
2) Лёгкаўзброеныя воіны, якія былі на службе ў венг. і польск. памешчыкаў у 16—17 ст., т.зв.венг.пяхота, уведзеная Стафанам Баторыем.
3) У Расіі пры Пятру I конныя панскія лёкаі.
Літ.:
Гусарова Т.П. Хайдуки в Венгрии // Вопр. истории. 1991. № 1.