ЛАНДСКНЕ́ХТЫ
(ням. Landsknecht ад Land зямля, краіна + Knecht парабак, салдат),
нямецкая наёмная пяхота 15—17 ст., якая прыходзіла на службу з уласнай зброяй (алебардамі, аркебузамі, мячамі, доўгімі пікамі). З’явіліся ў Швабіі (Паўд. Германія), арганізацыйна і структурна аформіліся пры герм. імператару Максіміляне І у час італьян. войнаў 1494—1559. З 16 ст. былі таксама ў арміях Францыі, Аўстрыі, Іспаніі, ВКЛ і інш. еўрап. дзяржаў. У баі дзейнічалі пераважна падраздзяленнямі па 500 чал. адной чатырохвугольнай калонай, клінам або трохвугольнікам. Страцілі значэнне пасля Трыццацігадовай вайны 1618—48 з утварэннем у еўрап. краінах пастаянных нац. армій. У л-ры Л. часам называюць замежных наёмнікаў.
т. 9, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)