КАРЛ МАРТЭ́Л (Carolus Martellus, ад позналац. martellus молат; каля 688—22.10.741),
маярдом (правіцель) Франкскай дзяржавы [715—741], палкаводзец. Зроду Піпінідаў (пазней наз. Каралінгамі). Сын і пераемнік Піліна Герыстальскага (п. у 714), бацька Піпіна Кароткага, дзед Карла Вялікага. Разбіў сілы знаці Нейстрыі (716—717), што паўстала, герцагаў Аквітаніі і ўладальнікаў Праванса, падпарадкаваў і абклаў данінай зарэйнскія стараж.-герм. плямёны фрызаў (733—734), саксаў, алеманаў, бавараў. Каб прыцягнуць на службу ў сваё войска васалаў, правёў бенефіцыяльную рэформу (замена алода бенефіцыем). У выніку вырашальнай бітвы пры Пуацье (732) спыніў прасоўванне арабаў у Еўропу. Клапаціўся аб асвеце і прапагандзе хрысціянства.
т. 8, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПСКІ УРБАНІЯ́НСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна са старэйшых рымска-каталіцкіх навуч. устаноў. Засн. ў 1622 папам Грыгорыем XV як Кангрэгацыя прапаганды веры, якая падпарадкоўвала місіянерскую дзейнасць царквы цэнтральнай папскай уладзе. Яго пераемнік Урбан VIII стварыў у 1627 Папскую калегію прапаганды веры (прапаганда і падрыхтоўка місіянераў, іх адукацыя і выхаванне); мела факультэты тэалогіі і філасофіі. У 1933 папа Пій XI стварыў і ўключыў у калегію прапаганды веры Папскі навук. місіянерскі ін-т з правам прысваення акад. ступеняў з галіны місіялогіі і царк. права. У 1962 папа Іаан XXIII узняў ранг «Урбаніяны» і прысвоіў ёй сучасную назву.
т. 12, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬМАХА́ДЫ,
дынастыя берберскіх эміраў, якая правіла ў Марока і арабскай Іспаніі ў 1147—1269.
Засн. ў выніку дзейнасці ісламскай секты на чале з Ібн Тумартам, які змагаўся супраць рэліг. плыні Альмаравідаў. Пасля смерці Ібн Тумарта (1128) яго пераемнік Абд аль-Мумін [1133—63] скінуў Альмаравідаў (1147), і дзяржава Альмахадаў распасцерлася на ўсю Паўн.-Зах. Афрыку. На працягу 12 ст. эміры з Альмахадаў заваявалі араб. Іспанію, іх дзяржава дасягнула эканам. і культ. росквіту. Паражэнне ад хрысц. каралёў Кастыліі, Навары і Арагона ў 1212 паклала пачатак выцясненню Альмахадаў з Іспаніі; імкненне да самастойнасці намеснікаў падарвала іх магутнасць у Афрыцы. У 1269 Альмахады разгромлены Мерынідамі.
т. 1, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІМ ЕН САМ (н. 20.12.1927, г. Пусан, Карэя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў Сеульскі ун-т. З 1954 дэпутат Нац. асамблеі. У 1970-я г. ўзначальваў памяркоўную апазіцыю рэжыму прэзідэнта Пак Чжон Хі (лідэр Новай дэмакр. партыі). Пасля прыходу да ўлады Чон Ду Хвана (1979) пазбаўлены права займацца паліт. дзейнасцю. З 1985 разам з Кім Тэ Чжунам узначальваў рух за дэмакратызацыю ў краіне, пасля разрыву з ім (1987) далучыўся да прэзідэнта Ро Дэ У (з 1990 яго пераемнік на пасадзе лідэра Дэмакр. ліберальнай партыі). У 1993—98 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Праводзіў курс на барацьбу з карупцыяй у дзярж. апараце.
В.У.Адзярыха.
т. 8, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СПАРТАКА́ САЮ́З»
(«Spartakusbund»),
арганізацыя германскіх леварадыкальных сацыял-дэмакратаў, якая існавала ў пач. 20 ст. Пераемнік узніклай на мяжы 1915—16 унутры Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі леварадыкальнай групы вакол Р.Люксембург, К.Лібкнехта і Ф.Мерынга (з 1916 наз. «Група Спартак»; з крас. 1917 у складзе Незалежнай сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, НСДПГ). Утвораны 11.11.1918 у час Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі на базе «Групы Спартак». Выступаў за радыкалізацыю рэвалюцыі (укараненне сістэмы саветаў і інш.), удзельнічаў у арганізаваным ім няўдалым паўстанні («Паўстанне Спартака») у снеж. 1918 — студз. 1919. Пасля выхаду з НСДПГ (снеж. 1918) спартакісты і інш. заснавалі 30.12.1918—1.1.1919 Камуніст. партыю Германіі.
т. 15, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУХ УЗБРО́ЕНЫХ СІЛ,
апазіцыйны паліт. рух у асяроддзі партуг. афіцэраў, які падрыхтаваў і ажыццявіў Партугальскую рэвалюцыю 1974. Узнік у вер. 1973 як лабісцкая арг-цыя прафес. вайскоўцаў; з канца 1973 палітызаваўся, да сак. 1974 наз. Рух капітанаў. У сак.—крас. 1974 «цэнтр. камісія» руху распрацавала план узбр. выступлення супраць аўтарытарнага рэжыму М.Каэтану (пераемнік дыктатара А.Салазара). Абапіраўся на капітанаў (каля 2 тыс. чал. у 1974) і інш. афіцэраў партуг. узбр. сіл. Пасля перамогі рэвалюцыі (крас. 1974) праграма руху (у т. л. дэмакратызацыя дзярж. ладу, спыненне вайны у афр. калоніях Партугаліі) прызнана праграмай Часовага ўрада Партуг. Рэспублікі. У снеж. 1975 рэарганізаваны, страціў паліт. значэнне.
Літ.:
Гл. пры арт. Партугальская рэвалюцыя 1974.
У.Я.Калаткоў.
т. 13, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦ ІО́СІФ I (Franz Joseph; 18.8.1830, Вена — 21.11.1916),
імператар Аўстрыі і кароль Венгрыі [1848—1916]. З дынастыі Габсбургаў. Пляменнік і пераемнік імператара Фердынанда I. Ураду Ф.І. I удалося ліквідаваць рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі і Венгрыі, але быў вымушаны выдаць шэраг канстытуцыйных актаў (1851, 1860, 1861). У выніку паражэння Аўстрыі ў аўстра-італа-французскай вайне 1859 адмовіўся ад улады над Паўн. Італіяй, а пасля паражэння краіны ў аўстра-прускай вайне 1866 і пад націскам нацыяналіст. сіл Венгрыі пайшоў на ўтварэнне Аўстра-Венгрыі (1867). Заключыў аўстра-германскі дагавор 1879. Саперніцтва Аўстра-Венгрыі з Расіяй на Балканах стала адной з гал. прычын 1-й сусв. вайны. Яго імем наз. Франца Іосіфа Зямля.
т. 16, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІТ Флавій Веспасіян (Titus Flavius Vespasianus; 30.12.39—13.9.81),
рымскі імператар [79—81]. З дынастыі Флавіяў. Сын і пераемнік Веспасіяна. У час Іудзейскай вайны 66—73 камандаваў легіёнам у арміі бацькі. Пасля абвяшчэння Веспасіяна імператарам (69) прыняў ад яго камандаванне ў Палесціне. У 70 задушыў паўстанне іудзеяў і разбурыў Іерусалім. З 71 прэфект прэтарыянскай гвардыі і суправіцель Веспасіяна. У 73—74 цэнзар, правіў у згодзе з сенатам. Ц. расходаваў значныя сродкі на ліквідацыю вынікаў вывяржэння Везувія 24.8.79, мору і пажару ў Рыме ў 80, буд-ва тэрмаў. Памёр ад ліхаманкі.
Літ.:
Светоний Г.Т. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат. М., 1990;
Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995.
т. 17, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́ТАРСКАЕ ПРА́ВА (лац. jus praetorium),
прававая сістэма ў Стараж. Рыме, што складалася з рашэнняў (эдыктаў) прэтараў — службовых асоб, якія ажыццяўлялі пераважна судовыя, прававыя функцыі. Рашэнні прэтараў заўсёды насілі працэсуальны, а не матэрыяльны характар, бо яны не мелі права адмяняць або змяняць законы. Прэтарскі эдыкт дзейнічаў на працягу года, але кожны новы яго пераемнік пры складанні свайго эдыкта выкарыстоўваў найб. важныя прававыя ўстанаўленні папярэднікаў, фактычна спыняючы дзеянне састарэлых норм. З сярэдзіны 2 ст. да н.э. прэтары атрымалі права складаць у ходзе суд. працэсу абавязковую для суддзяў юрыд. інструкцыю. т.зв. фармулярны працэс. П.п. істотным чынам рэфармавала ін-ты прыватнага права, напр., валоданне, дагавор, права на спадчыну. У 4—5 ст. н.э. адбылося збліжэнне П.п. і цывільнага права, што прывяло да поўнай іх аднастайнасці.
т. 13, с. 96
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́КАЦЫ (Rákóczi) Дзьёрдзь I (8.6.1593, г. Серэнч, Венгрыя — 11.10.1648),
князь Трансільваніі ў 1630—48. Пераемнік Г.Бетлена. У 1643 заключыў антыгабсбургскі саюз са Швецыяй, у 1645 і з Францыяй і ўключыўся ў Трыццацігадовую вайну 1618—48. У лют. 1644 на чале 30-тыс. войска рушыў у паход супраць Габсбургаў, у ходзе якога заняў б.ч. Славакіі, у 1645 злучыўся са швед. войскамі, якія трымалі ў аблозе г. Брно. У снеж. 1645 заключыў у г. Лінц (Аўстрыя) мірны дагавор з венг. каралём Фердынандам III Габсбургам, паводле якога прызнана далучэнне да Трансільваніі 5 заваяваных Р. венг. камітатаў (адм. адзінак) і прадастаўлена свабода веравызнання на падуладных Габсбургам венг. землях. Устанавіў сяброўскія сувязі з Б.Хмяльніцкім. Заахвочваў развіццё гарнарудных промыслаў, рамяства і гандлю. Заснаваў ун-т у г. Шарашпатак (Венгрыя).
т. 13, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)