АБО́ЗНЫ,
1) пасада ў войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. Прызначаўся гетманам, з 1776 — каралём. Займаўся раскватараваннем войскаў: выбарам месца пад лагер, яго ўмацаваннем. Галоўных абозных было 2 — каронны (польскі) і літоўскі.
2) Выбарная вайск. пасада на Украіне ў 17—18 ст. Генеральныя абозныя арганізоўвалі гетманскае войска, забяспечвалі яго харчаваннем і фуражом, кіравалі артылерыяй, удзельнічалі ў перагаворах, расследавалі злачынствы, палкавыя былі нам. казацкіх палкоўнікаў, узначальвалі палкавую артылерыю.
3) Ніжэйшы чын пры ваен. гужавым транспарце і абозах у дарэв. Расіі і інш. краінах.
т. 1, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РНІК, мернічы, мерчы, геаметр,
службовая асоба ў ВКЛ у 16—18 ст., якая займалася вызначэннем межаў і вымярэннем зямельных участкаў, з’яўлялася членам падкаморскага суда. Пасада М. стала асабліва пашыранай з пачаткам валочнай памеры. Звычайна М. назначалі з шляхціцаў, аселых у адпаведным павеце (гл. таксама Каморнік). У 18 ст. ўведзена пасада генеральнага М. ВКЛ. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі (канец 18 ст.) мерніцтвам займаліся рас. землямеры, якія былі дзярж. службоўцамі. М. да часу скасавання Статута ВКЛ у 1840 выконвалі другарадныя дапаможныя абавязкі.
Я.К.Анішчанка.
т. 10, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНДА́НТ (франц. commandant ад лац. commendo даручаю),
1) пасада ва ўзбр. сілах, напр., К. гарнізона.
2) Кіраўнік дома, інтэрната, што належаць якой-н. установе.
т. 7, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ХМІСТР (ням. Wachtmeister),
званне (чын) і пасада малодшага каманднага саставу ў кавалерыі і коннай артылерыі рус. арміі, а таксама жандармерыі. У інш. родах войск адпавядаў чыну фельдфебеля.
т. 4, с. 46
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАМА́Р (ад грэч. paramonarios прыслужнік),
праваслаўны царкоўны служка ніжэйшага рангу. Званіў у званы, запальваў у храме свечкі і лампады: прыслужваў пры набажэнствах. Пасада скасавана ў 19 ст.
т. 12, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЎНІ́ЧЫ,
пасада (урад) у ВКЛ. Загадваў велікакняжацкімі піўніцамі, сачыў за якасцю і пастаўкамі піва да стала вял. князя ВКЛ. Першы вядомы П. — Мікіта Мікалаевіч (1546).
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 12, с. 392
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХО́НТ, архант (грэч. archōn),
вышэйшая службовая асоба ў стараж.-грэч. полісах. У Афінах гэтая пасада з’явілася ў 11 ст. да н.э., калі замест басілея (цара) тут пачалі правіць пажыццёвыя архонты. З 8 ст. да н.э. іх улада скарацілася да 10 гадоў, з 7 ст. да н.э. — да 1 года. Кандыдатаў у архонты вызначаў арэапаг. З 487—486 да н.э. архонта выбіралі па жэрабю. З 7 ст. да н.э. ўлада належала 9 архонтам: эпанім кіраваў выканаўчай уладай, басілей выконваў рэліг. функцыі, палемарх быў военачальнікам, 6 фесмафетаў займаліся суд. справамі. Усе разам складалі калегію архонта. У 5 ст. да н.э. пасада архонта страціла паліт. значэнне.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́ЛЬД (ням. Herold ад позналац. Heraldus),
службовая асоба пры манаршых і буйных феадальных дварах Зах. Еўропы. У раннім сярэдневякоўі выконваў функцыі парламенцёра. З 12 ст. герольды кіравалі правядзеннем рыцарскіх турніраў, у час якіх абвяшчалі ўдзельнікаў з апісаннем іх гербаў і радаводаў. З 14 ст. пасада герольда сталая, іх абавязкам было складанне гербоўнікаў, радаводаў, гербаў для асоб, якім падаравана шляхецтва, кіраванне і ўдзел у ганаровых цырымоніях. Падзяляліся на рангі, найвышэйшы — «гербавы кароль». Пасада герольда існуе ў некат. сучасных краінах. У Расіі функцыі герольда ў 1722—1917 выконваў герольдмайстар, для ўдзелу ва ўрачыстых цырымоніях у 19 — пач. 20 ст. прызначаліся спец. герольды.
т. 5, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСТО́ЛІ,
пасада ў ВКЛ. Вядома з сярэдзіны 15 ст. Намеснік стольніка, дапамагаў яму сервіраваць велікакняжацкі стол. З часам яго функцыі становяцца намінальнымі. З сярэдзіны 17 ст. вядомы павятовыя П.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 11, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСУ́ДАК,
намеснік, потым памочнік суддзі земскага, які рыхтаваў справы да суда. Пасада ўведзена ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66. Выбіраўся шляхтаю. Разам з пісарам уваходзіў у склад суда.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 11, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)