МІКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад мікра... + эвалюцыя),

сукупнасць эвалюцыйных працэсаў, якія адбываюцца ў папуляцыях віду і вядуць да змены іх генафондаў і ўтварэння новых відаў. У сучасным сэнсе тэрмін «М.» ўведзены рас. вучоным М.​У.​Цімафеевым-Расоўскім (1938). Мутацыі — адзіная крыніца з’яўлення якасна новых прыкмет, адбор — адзіны творчы фактар М., які накіроўвае элементарныя эвалюц. змяненні па шляху фарміравання адаптацый арганізмаў да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя. На характар працэсаў М. ўплываюць колькасныя ваганні папуляцый, абмен генет. інфармацыяй паміж імі, іх ізаляцыя і дрэйф генаў. М. вядзе або да змены ўсяго генафонду біял. віду як цэлага (філетычная эвалюцыя) або (калі папуляцыя ізаляваная) да яе адасаблення ад зыходнага віду ў якасці новай формы. Гл. таксама Відаўтварэнне, Макраэвалюцыя.

т. 10, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНЫ ГРУЗ,

наяўнасць у папуляцыі (віду) лятальных і інш. адмоўных мутацый, якія пры пераходзе у гомазіготны стан выклікаюць гібель асобін або зніжэнне іх жыццяздольнасці; у шырокім сэнсе — зніжэнне (сапраўднае або патэнцыяльнае) прыстасаванасці папуляцыі, што ўзнікае пры наяўнасці генетычнай зменлівасці. Тэрмін увёў амер. генетык Г.​Мёлер у 1940-я г. Крыніцамі генетычнага грузу служаць мутацыйныя і сегрэгацыйныя працэсы. Адпаведна адрозніваюць мутацыйны, збалансаваны (сегрэгацыйны) і субстытуцыйны (пераходны) генетычны груз. Кожная папуляцыя нясе ў сабе генетычны груз, частка якога адбываецца за кошт паўторнай мутацыі, частка — за кошт эфекту звышдамінавання. У абодвух выпадках гомазіготы (гл. Гомазіготнасць) маюць адмоўнае праяўленне. Аднак паняцце шкоднасці мутацый адноснае, таму што генетычны груз можа адначасова быць і генетычным рэзервам эвалюцыі дзякуючы падтрымцы генетычнай разнастайнасці папуляцый. Вывучэнне генетычнага грузу ў выглядзе шкодных мутацый у чалавека (спадчынныя хваробы) мае важнае значэнне для вырашэння практычных пытанняў мед. генетыкі.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬЯ́НСКІ,

біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл. Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс. га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)