КАЗЬЯ́НСКІ,
біялагічны заказнік на тэр. Шумілінскага і Полацкага р-наў Віцебскай вобл. Засн. ў 1960 як паляўнічы заказнік рэсп. значэння для захавання і ўзнаўлення запасаў паляўнічай фауны. Пл. 41,4 тыс. га (1997). Заказнік у міжрэччы Обалі і Сосніцы ў межах Полацкай нізіны. Расліннасць складаецца з відаў барэальнай і зах.-еўрап. флоры, якая належыць да Заходне-Дзвінскай акругі падзоны дубова-цемнахвойных падтаежных лясоў: хваёвыя (31%), бярозавыя (30%), чорна- і шэраальховыя (22%), яловыя (13%); папарацевыя, кіслічныя, чарнічныя, сніткавыя асакова-сфагнавыя, даўгамошныя і інш. тыпы лесу. Палавіна тэр. заказніка пад вярховымі балотамі, рэдкалеснымі пераходнабалотнымі згуртаваннямі; на буйнейшым балотным масіве Обаль-2 растуць унікальныя і рэдкія раслінныя згуртаванні, рэдкія і знікаючыя віды — бяроза карлікавая, марошка прыземістая, сфагнум Ліндберга. Вядомы 46 месцаў росту 22 відаў раслін, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі і 12 месцаў знаходжання 44 відаў жывёл, сярод якіх: барсук, беркут, бусел чорны, журавель шэры, курапатка белая, мядзведзь, няясыць даўгахвостая, падворлікі малы і вял., рысь, скапа і інш. Адзначаны месцы гнездаванняў вераценніка вял., дупеля, кулонаў вял. і сярэдняга, сяўца залацістага, турухтана, уліта вял. і інш. Шмат паляўнічых звяроў і птушак, найбуйнейшая на Беларусі папуляцыя белай курапаткі.
т. 7, с. 436
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)