КА́РПАЎ (Аляксандр Якаўлевіч) (20.1.1922, в. Харнінская Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. —15.1.1998),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Казахстана (1964), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1956). Працаваў на кінастудыі «Казахфільм». Паставіў фільмы «Далёка ў гарах» (1958), «Сказанне пра маці» (1963, Дзярж. прэмія Казахстана 1966). З 1968 на кінастудыі «Беларусьфільм». Асн. месца ў творчасці займае тэма Вял.Айч. вайны. Паставіў тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Яго батальён» (1989); кінафільмы «Заўтра будзе позна» (1973, разам з М.Цяпакам з Чэхіі), «Вясельная ноч» (1981), «Асабістыя рахункі» (1982), «Пайсці і не вярнуцца» (1989), дакумент. фільм «Ад слова «жыць» (1983, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене). У 1981—86 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЫ́НЕВА (Пенка Асенава) (н. 15.9.1942, с. Дзімча Велікатырнаўскай акр., Балгарыя),
балгарская перакладчыца. Скончыла Кіеўскі ун-т (1965). На балг. мову пераклала творы І.Мележа «Подых навальніцы» (1974), В.Быкава «Яго батальён» (1977) і «Пайсці і не вярнуцца» (1980), К.Чорнага «Млечны шлях», У.Караткевіча «Лісце каштанаў» (абодва 1978), «Чорны замак Альшанскі» (1983), апавяданне «Залаты бог» для яго аднатомніка «Паром на бурнай рацэ» (1982), І.Навуменкі «Развітанне ў Кавальцах», Б.Сачанкі «Аксана» (абодва 1978), В.Казько «Высакосны год» і «Цвіце на Палессі груша» (1980), апавяданні Я.Брыля і А.Марціновіча для анталогіі «Пад пошум дубоў» (1981), М.Стральцова, Чорнага і інш., кн. А.Адамовіча, Брыля і У.Калесніка «Я — з вогненнай вёскі...» (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АКСАМІ́ТНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ» 1989у Чэхаславакіі,
умоўная назва працэсу пераходу ад камуніст. ладу, што існаваў з 1948, да дэмакр. праўлення. Адбылася ў ліст.—снеж. ў мяккай, спакойнай форме (адсюль і назва). Масавыя выступленні 17—26 ліст. працоўных, студэнтаў за ўстанаўленне дэмакратыі і паліт. плюралізму ўзначалілі апазіц. рухі Грамадзянскі форум на чале з В.Гавелам і Грамадскасць супраць насілля. Камуністы вымушаны былі пайсці на перагаворы з апазіцыяй. У выніку ўлада перайшла да прадстаўнікоў апазіцыі. Нац. сход выключыў з канстытуцыі краіны артыкулы аб кіруючай ролі камуніст. партыі і марксісцка-ленінскай ідэалогіі. У снеж. 1989 прэзідэнтам краіны абраны Гавел, старшынёй нац. сходу — А.Дубчак, сфарміраваны ўрад нац. адзінства на чале з М.Чалфам. Парламенцкія выбары ў чэрв. 1990 замацавалі перамогу дэмакр. сіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГЕО́РГІЙ (Karađorđe),
Георгій Чорны (сапр.Георгій Петравіч; 14.11.1768, с. Вішавац, Сербія — 25.7.1817), дзеяч сербскага нац.-вызв. руху, заснавальнік дынастыі Карагеоргіевічаў. Удзельнік антытур. паўстання 1787, пасля паражэння якога ўцёк у аўстр. ўладанні; за адмову пайсці з ім забіў бацьку (паводле інш. звестак, айчыма, адсюль мянушка «чорны»). У аўстра-тур. вайну 1788—90 узначальваў сербскі добраахвотніцкі атрад, які ваяваў на баку Аўстрыі. На чале атрада гайдукоў далучыўся да Першага сербскага паўстання 1804—13, выбраны яго кіраўніком. У 1808 прызнаны ўрадавым саветам, а ў 1811 і ўсімі паўстанцамі «вярх. сербскім правадыром» (фактычна князем). Імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. улады, у знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пасля разгрому паўстання ў 1813 уцёк у Аўстрыю, у 1814 — у Бесарабію. У 1817 тайна вярнуўся ў Сербію, дзе забіты паводле загаду Мілаша Абрэнавіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл.Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́СКЕ ((Noske) Густаў) (9.7.1868, г. Брандэнбург, Германія — 30.11.1946),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1886 член С.-д. партыі Германіі, у 1893—1918 рэдагаваў шэраг с.-д. газет. У 1906—18 дэп. рэйхстага, дзе лічыўся спецыялістам па ваен., марскіх і калан. пытаннях. У Лістападаўскую рэвалюцыю 1918 губернатар г. Кіль, потым чл. Савета нар. упаўнаважаных, адказны за армію і флот (снеж. 1918 — люты 1919); кіраваў задушэннем паўстання «Спартака саюза» ў Берліне (студз. 1919) і ліквідацыяй Брэменскай сав. рэспублікі. У лют. 1919 — сак. 1920 міністр рэйхсвера, за пасіўнасць у час Капаўскага путчу 1920 членамі сваёй партыі змушаны пайсці ў адстаўку. У 1920—33 обер-прэзідэнт прускай прав. Гановер. У 1939 і 1944 зняволены нацыстамі. Аўтар твораў «Якім я стаў» (1919), «Ад Кіля да Капа. Да гісторыі германскай рэвалюцыі» (1920), «Перажытае з узвышэння і падзення дэмакратыі» (1947) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГІ́НСКАГА ПЛАН 1811,
праект аднаўлення ВКЛ у складзе Рас. імперыі, прапанаваны сенатарам М.К.Агінскім імператару Аляксандру I. Адлюстраваў імкненне бел.-літ. шляхты да адм. і прававой самастойнасці краю і гатоўнасць цара пайсці на пэўную лібералізацыю палітыкі ў зах. губернях, каб нейтралізаваць пранапалеонаўскія настроі мясц. знаці. Прадугледжваў заснаванне з Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губ., Беластоцкай вобл. і Цярнопальскай акр. асобнай правінцыі пад назвай ВКЛ з гал. горадам Вільня і пад кіраваннем імператарскага намесніка; стварэнне ў краі вышэйшых дзярж. судовых і інш. органаў. Планавалася склікаць сойм, увесці канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Пад націскам кансерватыўных колаў, якія ўбачылі ў адраджэнні ВКЛ пагрозу тэр. цэласнасці Расіі, Аляксандр I не змог зацвердзіць Агінскага план 1811, але ўсё ж праект садзейнічаў прымірэнню ўрада з мясц. шляхтай напярэдадні вайны 1812: былі прыняты законы 1811 аб падатковых ільготах і інш.
узброенае выступленне апазіц. сіл у Нікарагуа ў маі—ліп. 1979, якое прывяло да падзення дыктатуры А.Самосы Дэбайле. Падрыхтавана ў выніку актывізацыі дзеянняў (з 1977) партыз. атрадаў Сандзінісцкага фронту нацыянальнага вызвалення і згуртавання інш.апазіц. сіл пасля інспіраванага ўладамі забойства нікарагуанскага выдаўца газет П.Дж.Чаморы (1978). У маі 1979 сандзіністы (гал. сіла рэвалюцыі) пачалі ген. наступленне на сталіцу, у ходзе якога яны занялі больш за 20 гарадоў, 12 чэрв. атакавалі сталічны аэрапорт Манагуа. Пад іх ударамі фактычна перастала існаваць Нац. гвардыя — гал. апора Самосы. 4 чэрв. ў краіне пачалася ўсеаг. забастоўка, ЗША (знешнепаліт. саюзнік нікарагуанскага рэжыму) рэкамендавалі Самосе пайсці ў адстаўку, і 17 ліп. дыктатар пакінуў краіну. У вызваленую да 19 ліп. сталіцу 20 ліп. прыбыў Часовы дэмакр. ўрад нац. адраджэння (створаны 17 ліп. з прадстаўнікоў апазіц. сіл краіны) на чале з Д.Артэгам Сааведрам, які пачаў радыкальныя сац.-эканам. пераўтварэнні.
Літ.:
Никарагуа: путь борьбы и победы: [Сб.]. М., 1984;
Идейное наследие Сандино: (Сб. док. и материалов): Пер. с исп. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧО́Ў (Емяльян Іванавіч) (каля 1742, б. станіца Зімавейская-на-Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 21.1.1775),
кіраўнік сялянскай вайны 1773—75. Данскі казак, харунжы (1770). Удзельнік Сямігадовай 1756—63 і рус.-тур. 1768—74 войнаў. У 1771 уцёк ад ваен. службы на р. Церак, там выбраны станічным атаманам. У лют. 1772 арыштаваны, уцёк да старавераў у Ветку на Гомельшчыне, у ліст. — на р. Яік (цяпер Урал), дзе агітаваў казакаў пайсці на вольныя землі за р. Кубань. Арыштаваны, засуджаны на катаргу. У маі 1773 уцёк з казанскага астрога на Яік, дзе паводле дамоўленасці з групай казакоў абвясціў сябе імператарам Пятром III (вер. 1773). Выступаў з утапічнай ідэяй «справядлівага» казацка-сял. царства. У час сял. вайны непісьменны П. паказаў вял. арганізатарскія і ваен. здольнасці. Жорстка распраўляўся з дваранамі і ўсімі, хто не прызнаваў яго імператарам. Пасля канчатковага паражэння ад урадавых войск П. 19.9.1774 схоплены групай сваіх прыбліжаных і неўзабаве выдадзены ўладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве.
Літ.:
Буганов В.И. Пугачев. М., 1984.
М.Г.Нікіцін.
Е.І.Пугачоў. З партрэта невядомага мастака. 18 ст.