«БУЛЬБЯНЫ́Я» ЗАБАСТО́ЎКІ 1906,
выступленні батракоў і падзёншчыкаў на Беларусі ў рэвалюцыю 1905—07. Пачаліся ўвосень 1906 з прычыны нізкай платы за ўборку бульбы. Найб. актыўна праходзілі ў Слуцкім, Ігуменскім, Навагрудскім, Віленскім, Ашмянскім, Пружанскім пав. Бастуючыя патрабавалі павялічыць падзённую плату і не дапускалі да работы сялян, нанятых у інш. паветах. Землеўладальнікі вымушаны былі пайсці на ўступкі. Адначасова паліцыя арыштоўвала кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў забастовак. У Віленскі пав. былі прысланы казакі. Пад канец 1906 забастоўкі задушаны.
т. 3, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ДЭН (Eden) Роберт Энтані, лорд Эйван (Avon; 12.6.1897, Уіндлстан, графства Дарэм, Вялікабрытанія — 14.1.1977), дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, адзін з лідэраў Кансерватыўнай партыі. Адукацыю атрымаў у Ітане і Оксфардскім ун-це. У 1935—38, 1940—45, 1951—55 міністр замежных спраў, у 1939—40 міністр па справах калоній, у 1955—57 прэм’ер-міністр. Адзін з ініцыятараў англа-франка-ізраільскага ўварвання ў Егіпет у 1956. Пасля яго правалу вымушаны пайсці ў адстаўку. У 1961 атрымаў тытул лорда.
т. 7, с. 169
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯДКО́Ў (Ігар Аляксандравіч) (11.4.1934, г. Смаленск, Расія — 27.12.1994),
рускі крытык і літ.-знавец. Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). У 1957—76 у газ. «Северная правда» (Кастрама). Літ. дзейнасць пачаў у 1958. Даследаваў сучасную прозу. Аўтар кн. «Васіль Быкаў» (1980), у якой падрабязна прааналізаваў творчасць бел. пісьменніка, рэцэнзій на аповесці В.Быкава «Дажыць да світання» і «Пайсці і не вярнуцца», раман «Карнікі» А.Адамовіча.
Тв.:
Возвращение к себе. М., 1978;
Во все концы дорога далека. Ярославль, 1981.
т. 6, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАЗІ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,
фармальнае адрозненне моўных адзінак, якому адпавядае адрозненне ў семантыцы. Так, бел. словы «лес» і «лёс» адрозніваюцца гукамі [э] і [о], што сігналізуе пра розніцу ў значэнні. У граматыцы семантычнае адрозненне рэалізуецца ў супрацьпастаўленні формаў (напр.: ‘цяперашні час’ і ‘прошлы час’ — «будуе» і «будаваў»); наяўнасць апазіцыі — абавязковая ўмова існавання граматычнага значэння. У лексіцы апазіцыя семантычных кампанентаў рэалізуецца ў лексемах (напр.: «прыйсці» — ‘пачаць знаходзіцца’ і «пайсці» — ‘перастаць знаходзіцца’ ў пэўным месцы). Упершыню паняцце апазіцыі распрацавана М.С.Трубяцкім.
А.А.Кожынава.
т. 1, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁРКСКІ ДАГАВО́Р,
паміж Расіяй і Германіяй, падпісаны 24.7.1905 Мікалаем II і Вільгельмам II (па ініцыятыве апошняга) на царскай яхце каля в-ва Б’ёркё ў Балтыйскім м. (каля Выбарга). Прадугледжваў узаемную дапамогу бакоў у выпадку нападу на адзін з іх 3-й дзяржавы, супярэчыў існуючым рас.-франц. адносінам і ваен. пагадненням. Сілы не набыў. Рашучае пярэчанне супраць Б’ёркскага дагавора старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ і міністра замежных спраў У.М.Ламздарфа вымусіла Мікалая II у ліст. 1905 пайсці на фактычнае скасаванне Б’ёркскага дагавора, што канчаткова аформлена ў жн. 1907.
т. 3, с. 136
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́СТАЎ II (Адольф) (Gustaf II Adolf; 9.12.1594, Стакгольм — 6.11.1632),
кароль Швецыі [1611—32], вял. палкаводзец. З дынастыі Ваза. Сын караля Карла IX. У пач. праўлення быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі арыстакратыі, вяртаючы дваранам казённыя землі. Правёў шэраг рэформ (дзярж. кіравання, судовага ладу, ваенную). Спрыяў развіццю прам-сці, асабліва горна-металургічнай. Стварыў магутную пастаянную армію, упершыню ў Еўропе ўвёў палкавую артылерыю. Вёў войны з Даніяй, Расіяй, Польшчай, захапіўшы вял. тэр., удзельнічаў з 1630 у Трыццацігадовай вайне 1618—48 на баку антыгабсбургскай кааліцыі. Загінуў у бітве пры Лютцэне.
т. 5, с. 547
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́КУПЫ,
катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і ВКЛ. 1) Паводле Рускай Праўды З. станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і павінны былі працаваць у яго гаспадарцы, пакуль не вернуць яе. У адрозненне ад поўных халопаў З. маглі звярнуцца ў суд са скаргамі на пана, з дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу З. у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф, а З. станавіўся вольным.
2) У ВКЛ 14—16 ст. З. — даўжнікі феадалаў, якія закладвалі сваю асобу ў няволю, пакуль не адпрацуюць доўг у гаспадарцы пана. З сярэдзіны 16 ст. з запрыгоньваннем асн. масы сялянства З. паступова знікаюць.
т. 6, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЦЫ́ЙСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1846,
антыфеадальнае паўстанне польск. і ўкр. сялян у Галіцыі. Пачалося 18.2.1846, ахапіла Харкаўскую, Бохенскую, Ясельскую, Сандзецкую, Саноцкую і Самборскую акругі. Паўстанцы разграмілі каля 200 панскіх двароў, усюды спынілі выкананне феад. павіннасцей; былі арганізаваны ўзбр. сял. атрады (Якуба Шэлі, Карыгі і інш.). Ва Усх. Галіцыі найб. актыўныя выступленні сялян былі ў наваколлі Дабраміля. Хоць паўстанне ў крас. было жорстка задушана, аўстр. ўрад вымушаны быў пайсці на некат. ўступкі: паменшана паншчына, адменена падводная павіннасць, сялянам дазволена падаваць скаргі на памешчыкаў непасрэдна акруговым старастам, пашыраны правы сялян на зямлю. Галіцыйскае паўстанне было адной з перадумоў рэвалюцыі 1848—49 у Аўстрыі і адной з прычын адмены прыгонніцтва ў Галіцыі ў крас. 1848.
т. 4, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НКІН (Евель Мордухавіч) (26.10.1922, в. Шчадрын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.5.1996),
бел. мастак кіно. Засл. дз. маст. Беларусі (1968). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1943). З 1946 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Лепшыя работы адметныя кампазіцыйнай завершанасцю, трапнай характарыстыкай вобразаў. Мастак-пастаноўшчык фільмаў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954, з А.Грыгар’янцам), «Нашы суседзі» (1957), «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958), «Апошні хлеб» (1963), «Крыніцы» (1965), «Я родам з дзяцінства» (1967), «Вайна пад стрэхамі» (1971), «Заўтра будзе позна» (СССР — Чэхаславакія, 1973), «Хлеб пахне порахам» (1974), тэлефільмаў «Кафедра» (1982), «Яго батальён» (1988), «Пайсці і не вярнуцца» (1989). Працаваў таксама ў галіне станковай і кніжнай графікі.
Л.Ф.Салавей.
т. 5, с. 28
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Аляксандр Якаўлевіч) (20.1.1922, в. Харнінская Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. —15.1.1998),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Казахстана (1964), засл. дз. маст. Беларусі (1985). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1956). Працаваў на кінастудыі «Казахфільм». Паставіў фільмы «Далёка ў гарах» (1958), «Сказанне пра маці» (1963, Дзярж. прэмія Казахстана 1966). З 1968 на кінастудыі «Беларусьфільм». Асн. месца ў творчасці займае тэма Вял. Айч. вайны. Паставіў тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975), «Яго батальён» (1989); кінафільмы «Заўтра будзе позна» (1973, разам з М.Цяпакам з Чэхіі), «Вясельная ноч» (1981), «Асабістыя рахункі» (1982), «Пайсці і не вярнуцца» (1989), дакумент. фільм «Ад слова «жыць» (1983, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Обергаўзене). У 1981—86 першы сакратар праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі.
т. 8, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)