вобласць прасторы, з кожным пунктам якой звязаны некаторыскаляр. Матэматычна вызначаецца скалярнай функцыяй φ(М), залежнай ад каардынат пераменнага пункта М дадзенай вобласці. Напр., поле т-р унутры дадзенага цела, поле шчыльнасцей. Асн. характарыстыка С.п. — градыент; матэм. апарат вывучэння С.п. — вектарнае злічэнне. С.п. ў фізіцы — поле фізічнае, якое апісваецца скалярнай функцыяй, інварыянтнай адносна павароту восей каардынат. Адрозніваюць уласна С.п. (знак функцыі поля не мяняецца пры прасторавай інверсіі) і псеўдаскалярнае поле (калі знак мяняецца). У квантавай тэорыі поля квантамі С.п. з’яўляюцца часціцы з нулявым спінам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАБАКО́ВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая не мае двух розных бакоў, чым і адрозніваецца, напр., ад сферы, куба ці квадрата. Размешчаная ў прасторы аднабаковая паверхня з зафіксаваным на ёй пунктам неперарыўнай дэфармацыяй абарачальна ператвараецца ў такую, на якой праз гэты пункт будзе праходзіць некаторы замкнёны шлях (абход), уздоўж якога можна пабудаваць нармаль, што неперарыўна мяняе свой кірунак да паверхні; праходзячы гэты шлях, нармаль вяртаецца ў зыходны пункт з напрамкам, процілеглым першапачатковаму. Характарыстыка аднабаковай паверхні — яе неарыентаванасць (гл.Арыентацыя). Для трохмернай прасторы сапраўдна і адваротнае: кожная неарыентаваная паверхня будзе аднабаковай паверхняй. Прыклады аднабаковай паверхні: Мёбіуса ліст, Клейна паверхня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАВІ́НСКІ Густаў (псеўд.Млотак; 1837, Ваўкавыскі пав. — 1905),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. Былы вайсковец. Вясной 1863 сфарміраваў і ўзначаліў Ваўкавыскі паўстанцкі атрад, 14.5.1863 удзельнічаў у баі супраць урадавых войск у Міхалінскіх лясах (паблізу г. Бяроза Брэсцкай вобл.). 3.6.1863 разам з Гродзенскім атрадам А.Лянкевіча ўдзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863. Некаторы час пры атрадзе С. знаходзіўся гал. штаб Гродзенскага ваяв. на чале з А.Духінскім і В.Урублеўскім. У жн. 1863 прызначаны Урублеўскім ваен. начальнікам Ваўкавыскага пав. Увосень 1863 распусціў свой атрад і выехаў за мяжу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАЛА́ЎР (лац. baccalaureus літар. васальны землеўладальнік),
першая вучоная ступень у большасці краін. Прысвойваецца пасля заканчэння 4-гадовага навучання першага ўзроўню, паспяховай здачы дзярж. экзаменаў і абароны выпускной работы (бакалаўр навук, бакалаўр эканомікі). У сярэдневяковых ун-тах Зах. Еўропы надавалася студэнтам пасля завяршэння першага этапу адукацыі. У Расіі некаторы час бакалаўрамі называлі выкладчыкаў духоўных акадэмій; у канцы 18 ст. гэтае званне атрымлівалі выпускнікі Настаўніцкага ін-та пры Маскоўскім ун-це. У Францыі (з 1808) надаецца пасля заканчэння поўнай сярэдняй школы і дае права паступлення ва ун-т. Дыплом бакалаўра звычайна эквівалентны дыплому, які атрымліваюць выпускнікі бел.ВНУ з 4-гадовым тэрмінам навучання пасля здачы дзярж. экзаменаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЙМЕ́ННІК,
часціна мовы, якая паказвае на прадметы і якасці, не называючы іх. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка. Паводле суадносін з інш. часцінамі мовы З. падзяляюць на назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя; паводле значэння — на асабовыя (я, мы, ты, вы), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, наш, твой), пытальна-адносныя (хто, што, каторы), указальныя (гэты, той, такі), азначальныя (сам, увесь, кожны, іншы), адмоўныя (ніхто, нішто), няпэўныя (нехта, некаторы, нейкі). У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і дадатковых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАРЫ (ад лац. quantum колькі),
у матэматычнай логіцы, аператары, што выяўляюць пры вылічэннях колькасную характарыстыку аб’ектаў, пра якія гаворыцца ў выказваннях, або іх прэдыкатаў.
Найб. важнае значэнне маюць К. агульнасці (у звычайнай мове ім адпавядаюць словы «ўсе», «усякі», «кожны», «любы», «бясконца многа» і інш.) і К. існавання («некаторы», «некалькі», «існуе», «адзіны» і інш.). У лагічных вылічэннях К. пераўтвараюць свабодныя пераменныя ў звязаныя. Аперацыю выкарыстання К. наз. падвядзеннем пад К. (вывядзеннем з-пад К.) ці квантарыфікацыяй. Над выразамі з К. можна рабіць усе аперацыі злічэння прэдыкатаў, размяркоўваць К. па членах складанага выразу, перастаўляць іх і інш. ў адпаведнасці з законамі матэматычнай логікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЖАЛУДЫ́ (Balanomorpha і Venucomorpha),
2 надсямействы вусаногіх ракападобных жывёл падатр. тарацыкавых. Больш за 400 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах да глыб. 160 м. Жывуць на дне, прымацоўваюцца да цвёрдага субстрату (скалы, канструкцыі) або да прадметаў ці жывёл (кіты, чарапахі і інш.), днішчаў суднаў (адмоўна ўплываюць на іх мараходныя якасці). Устойлівыя да неспрыяльных умоў асяроддзя, могуць некаторы час абыходзіцца без вады.
Вышыня вапністага пласціністага доміка-ракавіны, што ўкрывае цела, да 25 см, шыр. да 10 см. Кормяцца планктонам, водарасцямі, якія фільтруюць праз ракавіну з дапамогай 6 пар двухгалінастых ножак. Пераважна гермафрадыты, развіццё з лічынкай. Некат, ядомыя. Гл. таксама Вусаногія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕ́ВАЛАД,
князь Герцыке — полацкага ўдзела ў Ніжнім Падзвінні ў 13 ст. Вёў актыўную барацьбу супраць крыжакоў. У 1203 зрабіў паход на Рыгу. У 1209 крыжакі захапілі Герцыке і аддалі яго ў леннае валоданне У., аднак і пасля гэтага У. не пераставаў змагацца супраць іх. У 1214 У. мужна абараняўся ад нападу крыжакоў, якія імкнуліся захапіць Герцыке, і карыстаўся падтрымкай літоўцаў. Некаторы час яшчэ валодаў горадам і часткай удзела. Апошні раз упамінаецца ў 1225 як васал рыжскага біскупа Альберта.
Літ.:
Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. 2 изд. М.; Л., 1938;
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬЕВА Настасся Якаўлеўна, бел. этнограф, фалькларыст і краязнавец 2-й пал. 19 ст. У 1874—80 жыла на Палессі, некаторы час працавала валасным пісарам у в. Грабаў (Петрыкаўскі р-н Гомельскай вобл.). Супрацоўнічала з Мінскім губернскім стат. к-там, Т-вам аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. Даследавала побыт, матэрыяльную культуру, абрады, фальклор сялян, вывучала гісторыю і этнаграфію вёсак Мазыршчыны. Аўтар артыкулаў «Кароткі нарыс вёскі Грабава Мазырскага павета», «Сялянскія памінкі ў Мазырскім павеце» (абодва 1877), «Веснавыя песні і абрады ў вёсках Мазырскага павета» (1878), «Легенды і павер’і ў Мінскай губерні», «Кірмашы ў Мазырскім павеце» (абодва 1879), «Знахары», «Вытрымкі з жыцця беларускай жанчыны» (абодва 1880) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЛУ́КТА,
у беларусаў бандарная пасудзіна для запарвання бялізны. Звычайна мела кадзепадобную форму, да 1 м у вышыню, на трох ножках (утвараліся даўжэйшымі клёпкамі). Бялізну складвалі ў Ж. і залівалі шчолакам або перасыпалі попелам (найлепшым лічыўся попел бярозавай драўніны), потым залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы, якая закрывалася коркам, а бялізну паласкалі ў балеі ці ночвах. Часам у сял. гаспадарцы выкарыстоўвалі і больш архаічны від Ж. — кадаўб, зроблены са ствала дрэва без днішча, які ставілі ў цэбар ці кадку. У сял. побыце Ж. выкарыстоўвалі да сярэдзіны 20 ст.
В.С.Цітоў.
Выдзеўбаная жлукта-кадаўб без дна ў цэбры. Вёска Запярынне Пухавіцкага раёна Мінскай вобл.