СТРАВІ́НСКІ Густаў (псеўд. Млотак; 1837, Ваўкавыскі пав. — 1905),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі. Былы вайсковец. Вясной 1863 сфарміраваў і ўзначаліў Ваўкавыскі паўстанцкі атрад, 14.5.1863 удзельнічаў у баі супраць урадавых войск у Міхалінскіх лясах (паблізу г. Бяроза Брэсцкай вобл.). 3.6.1863 разам з Гродзенскім атрадам А.Лянкевіча ўдзельнічаў у Мілавідскай бітве 1863. Некаторы час пры атрадзе С. знаходзіўся гал. штаб Гродзенскага ваяв. на чале з А.Духінскім і В.Урублеўскім. У жн. 1863 прызначаны Урублеўскім ваен. начальнікам Ваўкавыскага пав. Увосень 1863 распусціў свой атрад і выехаў за мяжу.
Г.В.Кісялёў.
т. 15, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)