СТРАТЭ́Г (грэч. stratēgos ад stratos войска + agō вяду),
у старажытнагрэчаскіх полісах 6—1 ст. да н.э. военачальнік, надзелены шырокімі ваен. і паліт. паўнамоцтвамі. У Афінах існавала калегія з 10 С.: адзін — для камандавання гаплітамі (цяжкаўзброенай пяхотай), адзін — для падрыхтоўкі флоту, адзін — для аховы краіны, два — для аховы Пірэя, астатнія камандавалі войскамі ў паходах паводле строга вызначанай чаргі. Выбіраліся С. нар. сходам па аднаму ад кожнай філы (родаплемянное аб’яднанне) тэрмінам на 1 год (дазвалялася неаднаразовае выбранне — напр., Перыкл на працягу 15 гадоў). Пасада была безаплатнай. С. ўзначальвалі ваен.-паліт. саюзы (Фесалійскі, Эпірскі, Ахейскі і інш.). У Паўн. Прычарнамор’і калегіі С. вядомы ў Ольвіі і Херсанесе. Знешнім знакам адрознення С. былі асобая хламіда і вянок. Паводле некат. звестак, С. называліся военачальнікі таксама ў Егіпце і шэрагу краін М. Азіі. У сучасным значэнні С. — палкаводзец, кіраўнік буйных ваен. аперацый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПО́Ў Алег Канстанцінавіч (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),
расійскі артыст цырка, клоун. Нар.арт. Расіі (1958). Нар.арт.СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́ХАЎ Міхаіл Аляксандравіч (28.8.1891, С.-Пецярбург — 30.9.1955),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Засл. арт. Рэспублікі (1924). Пляменнік А.П.Чэхава. Скончыў Тэатр. школу А.Суворына ў Пецярбургу. Працаваў у т-ры Суворына. З 1913 акцёр Маскоўскага маст.т-ра, 1-й Студыі гэтага т-ра, пазней Маскоўскага маст.акад.т-ра 2-га (у 1924—27 маст. кіраўнік). З 1928 за мяжой (Германія, Латвія, Вялікабрытанія, ЗША): іграў у т-ры, здымаўся ў кіно, кіраваў тэатр. студыямі. Акцёр, надзелены вынаходлівасцю, абвостраным адчуваннем драматызму жыцця, схільны да экспрэсіяністычнага гратэску: Эрык XIV («Эрык XIV» А.Стрындберга), Гамлет, Мальволіо («Гамлет», «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Аблявухаў («Пецярбург» А.Белага) і інш. Даследаваў праблемы акцёрскай псіхатэхнікі; пераасэнсаваўшы законы тэатр. творчасці, адкрытыя К.Станіслаўскім, распрацаваў «тэорыю імітацыі» (магчымасці поўнага пераўвасаблення акцёра). Аўтар. кн. «Шлях акцёра» (1928), «Пра тэхніку акцёра» (1953).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРКО́ЎСКІ Іван Восіпавіч (12.5.1844, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 9.1.1902),
расійскі інжынер-тэхнолаг, вынаходнік і вучоны. Чл.Рас. фізіка-хім. і інш.навук. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі тэхнал.ін-т (1870). З 1873 працаваў на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы, з 1894 тэхн. кіраўнік на Неўскім мех. і суднабуд. з-дзе (Пецярбург). З 1897 на заводах у Арлоўскай губ. Атрымаў патэнт на вынаходства вадатрубнага паравога катла (1891), сканструяваў некалькі арыгінальных прылад, адну з якіх — гравітаскоп — выкарыстаў пры назіранні поўнага сонечнага зацьмення (7.8.1887). Аўтар «кінетычнай гіпотэзы», паводле якой усёпранікальны эфір складаецца з найпрасцейшых абс. цвёрдых атамаў, якія надзелены пэўнымі мех. ўласцівасцямі і аддзелены адзін ад аднаго вакуумам. На падставе гэтай гіпотэзы тлумачыў будову рэчыва, перыядычнасць уласцівасцей хім. элементаў, сусветнае прыцягненне, метэаралагічныя і інш. з’явы, падкрэсліваючы пры гэтым адзінства матэрыяльнага свету.
Літ.:
Гапоненка В.А. У пошуках гармоніі сусвету: Іван Яркоўскі. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІНТЫЛІЯ́Н Марк Фабій (Marcus Fabius Quintilianus; каля 35, г. Калагурыс, цяпер Калаора, Іспанія — каля 96),
старажытнарымскі тэарэтык аратарскага мастацтва, педагог. Быў адвакатам, настаўнікам рыторыкі. Адкрыў першую дзярж. рытарскую школу. За вял.пед. заслугі ўпершыню ў гісторыі Стараж. Рыма атрымаў тытул ганаровага консула. Сярод яго вучняў быў Пліній Малодшы. З твораў К. захавалася толькі праца «Institutio oratoria» («Пра адукацыю аратара», 12 кніг, каля 95) — практычны дапаможнік для ўсебаковага навучання аратара з дзіцячага ўзросту. Паводле К., дзіця трэба выхоўваць ад моманту нараджэння. Пачынаць навучанне раіў да 7 гадоў, адначасова фарміраваць мараль і густ дзіцяці. Лічыў, што ўсе дзеці, за рэдкім выключэннем, надзелены здольнасцю вучыцца. Ад настаўнікаў патрабаваў грунтоўнай адукацыі, высокіх маральных якасцей. Гал. абавязкам настаўніка лічыў прывіццё любові да навучання, таму прапаноўваў заахвочваць вучняў пахвалой, узнагародамі. Заклікаў выхоўваць у дзіцяці дабрыню, асуджаў цялесныя пакаранні, выступаў за грамадскі характар навучання і інш.Пед. ідэі К. набылі асаблівую папулярнасць у эпоху Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЫЗВАЛЕ́ННЯ ПАЛЕСЦІ́НЫ (АВП),
галоўная арг-цыя палесцінскага нац.-выз. руху. Створана ў 1964. Уключае большасць арг-цый Палесцінскага руху супраціўлення і грамадска-паліт. аб’яднанняў, якія актыўна змагаюцца за правы араб. народа Палесціны. Мае ўзбр. сілы, прадстаўніцтвы больш як у 100 краінах, чл. Лігі араб. краін, Арг-цыі «Ісламская канферэнцыя», з 1974 — адзіны законны прадстаўнік араб. народа Палесціны ў ААН. Вышэйшы орган — Нац. савет Палесціны (НСП, склікаецца раз у год, лічыцца палесцінскім парламентам у выгнанні), які ў 1988 прыняў рашэнне пра стварэнне Дзяржавы Палесціна на тэр.зах. берага р. Іардан і сектара Газа. Паліт. і арганізац. кіраўніцтва АВП ажыццяўляе яе Выканком (надзелены НСП паўнамоцтвамі часовага палесцінскага ўрада); з 1969 старшыня Выканкома АВП Я.Арафат. Гал.інфарм. агенцтва АВП выдае штотыднёвік «Філастын ас-Саура» («Рэвалюцыйная Палесціна»).
Палітыка АВП доўгі час будавалася на ўзбр. барацьбе супраць Ізраіля за вызваленне акупіраваных ім тэрыторый і непрыняцці рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 пра стварэнне на тэр. Палесціны яўр. і араб. дзяржаў. З канца 1980 — пач. 1990-х г. стала на шлях перагавораў і пошуку мірнага ўрэгулявання палесцінскай праблемы: прызнала рэзалюцыі Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 і Савета Бяспекі ад 22.11.1967 і 22.10.1973; паводле Вашынгтонскай дэкларацыі 1993 прадугледжана часовае палесцінскае самакіраванне на тэр.зах. берага р. Іардан сектара Газа. АВП і Ізраіль заявілі пра ўзаемнае прызнанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́РБЕРЫ, Херберт Чэрберы (Herbert Cherbury) Эдвард (3.3.1583, Эйтан-он-Северн, графства Шропшыр, Вялікабрытанія — 20.8.1648), англійскі філосаф, гісторык, паэт, грамадскі дзеяч; заснавальнік англ.дэізму. Ірл. (1624) і англ. (1629) пэр. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1618—22 пасол у Францыі. У час грамадз. вайны 1642—46 у Англіі выступаў на баку раялістаў, але ў 1644 быў вымушаны капітуляваць. У гал.філас. працы «Пра ісціну» (1624) сцвярджаў, што вечная і універсальная ісціна даступная пазнанню, бо кожны чалавек надзелены Богам прыроджанымі псіхічнымі здольнасцямі, правільнае развіццё якіх прыводзіць да спасціжэння «агульных ідэй». Распрацаваў вучэнне пра «натуральную рэлігію розуму», у аснове якой ляжаць 5 «агульных ідэй»: існуе вышэйшае быццё; яго трэба шанаваць; дабрадзейнае жыццё — гал. форма шанавання; чалавек атрымлівае збаўленне праз раскаянне; пасля смерці кожнага чакае ўзнагарода ці пакаранне. На яго думку, ісціна («агульныя ідэі») была ўласціва раннім формам рэлігіі да часу спекуляцый на рэліг. ідэях з боку духавенства («Пра рэлігію язычнікаў», апубл. 1663). Аўтар «Аўтабіяграфіі» (1624, апубл. 1764), гіст. працы «Жыццё і цараванне караля Генрыха VIII» (1649), паэт.кн. «Выпадковыя вершы» (апубл. 1665) і інш.Рэліг.-філас. ідэі Ч. разглядалі П.Гасендзі, Р.Дэкарт; яго вучэнне паўплывала на станаўленне кембрыджскай школы платанізму і шатландскай школы ў філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРО́КІ БІБЛЕ́ЙСКІЯ,
рэлігійна-палітычныя прапаведнікі ў стараж.-яўр.Ізраільскім царстве і Іудзейскім царстве ў 8—4 ст. да н.э. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. лічылася, што П.б. надзелены дарам успрымаць божыя пасланні і паведамляць іх людзям, што яны як пасрэднікі паміж богам і людзьмі могуць прадказваць ад імя бога будучыню, у т. л. засухі, голад, рэліг. і паліт. падзеі, чалавечыя лёсы. З 8 ст. да н.э. прарокі становяцца таксама паліт. прамоўцамі і прапаведнікамі. Яны выкрывалі людскія заганы (сквапнасць, распусту, імкненне да раскошы), выступалі супраць войнаў, прыгнёту, абеззямельвання сялян, прадказвалі перамогу сац. справядлівасці ў будучым, калі «людзі перакуюць мячы на аралы» (Ісая). Іх рэліг.-паліт. прамовы, пропаведзі і аракулы (прароцтвы) напачатку перадаваліся вусна, потым іх запісвалі і збіралі ў зборнікі, якія паступова аб’ядноўваліся ў асобныя кнігі прарокаў у Бібліі, канчаткова адрэдагаваныя ў час праўлення Ахеменідаў (6—5 ст. да н.э.). Жыццё і дзейнасць П.б. ахутваліся шматлікімі міфамі і легендамі аб здзейсненых імі цудах. Найб. вядомыя П.б.: Ілія і яго вучань Елісей (9 ст. да н.э.), Амос, Осія, Ісая, Міха (8 ст. да н.э.), Іерэмія, Сафонія, Навум, Авакум (7 ст. да н.э.), Іезекііль, Агей, Захарыя (6 ст. да н.э.). П.б. зрабілі вял. ўплыў на рэліг.-паліт. мысленне. Да іх ідэй звярталіся хрысц. ерэтычныя рухі сярэднявечча, ідэолагі сял. войнаў і інш.нар. рухаў, сацыялісты-утапісты.
Літ.:
Рижский М.И. Библейские пророки и библейские пророчества. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́МІНЫ,
расійскія акцёры, браты. Нарадзіліся ў г. Чыта (Расія). Юрый Мяфодзьевіч (н. 18.6.1935). Нар.арт. Расіі (1974). Нар.арт.СССР (1988). Чл.-кар.Рас. акадэміі адукацыі (1992). Праф.Тэатр. вучылішча імя М.Шчэпкіна (1986). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1957). З 1957 у Малым т-ры (з 1988 маст. кіраўнік). У 1990—91 міністр культуры Расіі. Ігра адметная глыбокім драматызмам пры мяккасці, лірычнасці акцёрскай манеры: Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана), Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Мікалай II («... і Аз ваздам» С.Кузняцова) і інш. Займаецца рэжысурай. Зняўся ў фільмах: «Бяссонная ноч» (1960), «Вясна на Одэры» (1968), «Чырвоная палатка» (1970, СССР—Італія), «Дэрсу Узала» (1976), «Блуканне па пакутах» (1977), «Крык цішыні» (1982), «Ад’ютант яго правасхадзіцельства» (1970, Дзярж. прэмія Расіі, 1971), «ТАСС упаўнаважаны заявіць», «Тайна вілы «Грэта» (абодва 1984), «Прывал вандроўнікаў» (1991), «У пачатку было слова», «Сны пра Расію» (абодва 1992) і інш.Віталь Мяфодзьевіч (н. 12.12.1941). Нар.арт. Расіі (1992). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). У 1963—85 і з 1988 у Малым т-ры. Пераважна характарны акцёр, надзеленыдрам. талентам. Камед. ролям уласцівы вытанчанасць, лёгкасць, імпульсіўнасць: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Фіеска («Змова Фіескі ў Генуі» Ф.Шылера), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля) і інш. З 1963 здымаецца ў кіно: «Жанчыны» (1966), «Старэйшая сястра» (1967), «Салют, Марыя!» (1971), «Сібірыяда» (1979), «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1979—83), «Сільва» (1981), «Пікавая дама» (1982), «Вяртанне з арбіты» (1984), «Чалавек, які закрыў горад» (1983), «Зімовая вішня-1» (1985), «Ён, яна і дзеці» (1986), «Зімовая вішня-2» (1990), «Чорны квадрат» (1992), «Зімовая вішня-3» (1995) і інш.
Літ.:
Москалева И. Ю.Соломин. М., 1974;
Закржевская Л. В.Соломин. М., 1979.
Да арт.Саломіны. Юрый Мяфодзьевіч і Віталь Мяфодзьевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУБЯЦКО́Й Яўген Мікалаевіч (5.10.1863, Масква — 23.1.1920),
расійскі філосаф, правазнавец і грамадскі дзеяч. Брат С.М.Трубяцкога. Д-р філасофіі (1897). Скончыў Маскоўскі ун-т (1885). З 1892 у Кіеўскім ун-це (з 1897 праф.), з 1905 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў канстытуцыйна-дэмакр. партыі (выйшаў з яе ў 1905). У 1906—10 гал. рэдактар час. «Московский еженедельник». У 1907—08 чл.Дзярж. савета. Адзін з заснавальнікаў выд-ва «Шлях» (1910—17). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 адзін з ідэолагаў белага руху. Яго філас. погляды склаліся пад уплывам «філасофіі ўсеадзінства» У.С.Салаўёва. Гнасеалагічная канцэпцыя Т. грунтуецца на ідэі існавання абсалютнай звышіндывід. свядомасці, якая змяшчае вечныя ісціны і ўяўляе сабой сінтэз часовага і вечнага. Крытэрыем аб’ектыўнасці пазнання чалавека лічыў яго здольнасць да пераадолення фрагментарнасці індывід. ведаў і набліжэння да абсалютнай свядомасці («Метафізічныя перадумовы пазнання: Спроба пераадолення Канта і кантыянства», 1917). Сцвярджаў, што свет адносна незалежны ад Бога, таму што, паводле Божай ідэі, надзелены свабодай волі («Сэнс жыцця», 1918). На яго думку, свет з’яўляецца месцам самавызначэння асобы, ажыццяўлення яе свабоды выбару паміж 2 магчымасцямі: станоўчай (імкненне да рэалізацыі Божай ідэі) і адмоўнай (супраціўленне і процідзеянне Божай ідэі). Абсалютызацыя ролі свабоды асобы характэрна і для яго правазнаўчых поглядаў. Вызначаў права як сукупнасць норм, якія забяспечваюць і адначасова абмяжоўваюць знешнюю свабоду асобы. Права, на яго думку, з’яўляецца гал. фактарам узнікнення цывілізацыі. Абгрунтаваў неабходнасць гіст. падыходу да вывучэння права, які ўлічвае эвалюцыю ўласцівых розным народам на розных гіст. этапах уяўленняў пра межы свабоды асобы і ідэальную пабудову грамадства. Яго погляды паўплывалі на развіццё рус.рэліг. філасофіі (М.А.Бярдзяеў, С.М.Булгакаў, П.А.Фларэнскі і інш.).
Тв.:
Три очерка о русской иконе. М., 1991;
Смысл жизни. М., 1994;
Избранное. М., 1995;
Миросозерцание В.С.Соловьева. Т. 1—2. М., 1995;
Из прошлого: Воспоминания. Из путевых заметок беженца. Томск, 2000;