ЧЭ́ХАЎ Міхаіл Аляксандравіч (28.8.1891, С.-Пецярбург — 30.9.1955),
расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Засл. арт. Рэспублікі (1924). Пляменнік А.П.Чэхава. Скончыў Тэатр. школу А.Суворына ў Пецярбургу. Працаваў у т-ры Суворына. З 1913 акцёр Маскоўскага маст. т-ра, 1-й Студыі гэтага т-ра, пазней Маскоўскага маст. акад. т-ра 2-га (у 1924—27 маст. кіраўнік). З 1928 за мяжой (Германія, Латвія, Вялікабрытанія, ЗША): іграў у т-ры, здымаўся ў кіно, кіраваў тэатр. студыямі. Акцёр, надзелены вынаходлівасцю, абвостраным адчуваннем драматызму жыцця, схільны да экспрэсіяністычнага гратэску: Эрык XIV («Эрык XIV» А.Стрындберга), Гамлет, Мальволіо («Гамлет», «Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Аблявухаў («Пецярбург» А.Белага) і інш. Даследаваў праблемы акцёрскай псіхатэхнікі; пераасэнсаваўшы законы тэатр. творчасці, адкрытыя К.Станіслаўскім, распрацаваў «тэорыю імітацыі» (магчымасці поўнага пераўвасаблення акцёра). Аўтар. кн. «Шлях акцёра» (1928), «Пра тэхніку акцёра» (1953).
Літ.:
Громов В. Михаил Чехов. М., 1970.
т. 17, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)