ЯРКО́ЎСКІ Іван Восіпавіч (12.5.1844, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 9.1.1902),
расійскі інжынер-тэхнолаг, вынаходнік і вучоны. Чл. Рас. фізіка-хім. і інш. навук. т-ваў. Скончыў Пецярбургскі тэхнал. ін-т (1870). З 1873 працаваў на Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы, з 1894 тэхн. кіраўнік на Неўскім мех. і суднабуд. з-дзе (Пецярбург). З 1897 на заводах у Арлоўскай губ. Атрымаў патэнт на вынаходства вадатрубнага паравога катла (1891), сканструяваў некалькі арыгінальных прылад, адну з якіх — гравітаскоп — выкарыстаў пры назіранні поўнага сонечнага зацьмення (7.8.1887). Аўтар «кінетычнай гіпотэзы», паводле якой усёпранікальны эфір складаецца з найпрасцейшых абс. цвёрдых атамаў, якія надзелены пэўнымі мех. ўласцівасцямі і аддзелены адзін ад аднаго вакуумам. На падставе гэтай гіпотэзы тлумачыў будову рэчыва, перыядычнасць уласцівасцей хім. элементаў, сусветнае прыцягненне, метэаралагічныя і інш. з’явы, падкрэсліваючы пры гэтым адзінства матэрыяльнага свету.
Літ.:
Гапоненка В.А. У пошуках гармоніі сусвету: Іван Яркоўскі. Мн., 1993.
П.Г.Космач.
т. 18, кн. 1, с. 299
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)