КЖЫЖАНО́ЎСКІ Канстанцін, бел. скрыпач, педагог і кампазітар сярэдзіны 19 ст. Выкладаў музыку ў Мінскай мужчынскай гімназіі, прыватных пансіёнах. Выступаў у аматарскіх канцэртах як скрыпач і спявак. Сябраваў з С.​Манюшкам і В.​Дуніным-Марцінкевічам. Разам з Манюшкам стварыў музыку да спектакляў тэатра Дуніна-Марцінкевіча «Рэкруцкі набор» (1841) і «Ідылія» («Сялянка», 1852). У сваіх творах выкарыстоўваў нар. песенныя і танц. мелодыі. Сярод яго вучняў М.Ельскі.

А.​Д.​Капілаў.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЧЭ́ЎСКІ (Мікалай Фёдаравіч) (1824—1900),

бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1844). Працаваў губ. архітэктарам гарадоў Камянец-Падольскі (Украіна; 1848), Віцебск (1870—85), Разань (Расія; 1885—90). У Віцебску перабудаваў будынак б. паліцэйскага аддзялення пад гар. т-р (1870-я г.) і жылы дом — пад публічную б-ку (1883); паводле яго праектаў і пад яго кіраўніцтвам узведзены будынкі мужчынскай гімназіі (1880), бальніцы (1884), Віцебскага акруговага суда будынак, праведзена добраўпарадкаванне Замкавай гары (1881).

т. 8, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕА́НДР,

геаметрычны арнамент у выглядзе ламанай пад прамым вуглом лініі, якая ў цэлым глядзіцца як вузкая паласа аднолькавых звязаных паміж сабой матываў. Распрацаваны і шырока выкарыстоўваўся ў мастацтве Стараж. Грэцыі (арх. дэкор, вазапіс, аздабленне тканін і інш.), распаўсюдзіўся ў еўрап. мастацтве. На Беларусі найб. пашыраны ў пач. 20 ст. ў стылі мадэрн: арх. дэкор (фрыз будынка б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі), маст. ліццё (балконы б. дома губернатара ў Віцебску, жылыя дамы ў Гродне) і інш.

т. 10, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДЫ́РКА (Уладзімір Кандратавіч) (22.9.1877, с. Дахноўка Чаркаскай вобл., Украіна — 15.3.1938),

бел. матэматык. Праф. (1931). Скончыў Кіеўскі (1900) і Маскоўскі (1902) ун-ты. З 1902 у Мінскай мужчынскай гімназіі, з 1918 у Мінскім ін-це нар. адукацыі, з 1920 у БПІ, з 1922 у БДУ. Удзельнік навук. семінараў пад кіраўніцтвам Д.​Гільберта (1928, Гётынген, Германія). Навук. працы па аналітычнай геаметрыі. Аўтар манаграфіі «Цыркулярныя крывыя трэцяга парадку» (1928—32). Неабгрунтавана рэпрэсіраваны ў 1937. Рэабілітаваны.

Літ.:

В.​К.​Дыдырко // Вест. БГУ. Сер. 1. 1978. № 3.

А.​А.​Гусак.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НІЙ,

1) у рымскай міфалогіі добры дух, звышнатуральная істота, якая ахоўвае чалавека на працягу ўсяго жыцця, пазней бог мужчынскай сілы. Лічылася, што кожны мужчына мае свайго генія. Асабліва шанавалі генія галавы сям’і: у дзень яго нараджэння генію прыносілі дары-ахвяраванні. У эпоху імперыі асаблівае значэнне набыў культ генія Рыма і імператара (увёў Аўгуст). Генію Рыма быў прысвечаны шчыт на Капітоліі з надпісам «ці мужу, ці жанчыне», бо імя і пол генія ўтойваліся, каб яго не пераманьвалі ворагі.

2) Чалавек, якому ўласціва найвышэйшая ступень творчай даравітасці, таленавітасці. Гл. таксама Геніяльнасць.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНО́М (англ. genome ад грэч. genos род, паходжанне),

адзінарны (гаплоідны) набор храмасом з лакалізаванымі ў ім генамі; асн. генет. і фізіял. сістэма дадзенага віду арганізмаў. У адрозненне ад генатыпа геном уяўляе сабой характарыстыку віду, а не асобнага арганізма. У гаплафазе дыплоіда кожная клетка мае 1 геном, у дыплафазе — 2 (адзін уведзены ў зіготу жаночай, другі — мужчынскай гаметай). Выключэнне складаюць паліплоідныя формы. Пры аддаленай гібрыдызацыі магчыма атрыманне алапаліплоідаў (напр., гібрыды ад скрыжавання пшаніцы і жыта), якія нясуць розныя геномы. Для вызначэння колькасці і падабенства геномаў у розных відаў выкарыстоўваюць геномны аналіз.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́КСЕМБУ́РГІ (ням. Luxemburger),

дынастыя каралёў Германіі і імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў 1308—13, 1346—1400, 1410—37, каралёў Чэхіі ў 1310—1437 і Венгрыі ў 1387—1437, графаў (герцагаў) Люксембурга (да 15 ст.). Найб. значныя прадстаўнікі: Генрых VII (гл. Генрых, герм. правіцелі), Ян (чэш. кароль у 1310—46), Карл IV (Карэл I Чэшскі), Вацлаў IV, Сігізмунд I. З 1310 эканам. і паліт. цэнтрам Л. была Чэхія, яны найб. узмацніліся пры Карле IV. У 1437 дынастыя спынілася ў мужчынскай лініі, спадчына Л. перайшла да Габсбургаў.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁТР II Аляксеевіч

(23.10.1715, С.-Пецярбург — 29.1.1730),

расійскі імператар [1727—30]. З дынастыі Раманавых. Сын царэвіча Аляксея Пятровіча і прынцэсы Соф’і Шарлоты Бланкенбургскай, унук Пятра I. Пасля ўступлення на прастол (май 1727) афіц. абвешчаны паўналетнім, але рэальная ўлада знаходзілася ў руках А.Д.Меншыкава, а пасля яго ссылкі (вер. 1727) — групоўкі старой маскоўскай знаці (князі Далгарукія, Галіцыны і інш.), пад уплывам якой П. II абвясціў сябе праціўнікам пераўтварэнняў Пятра I. Ліквідаваліся створаныя Пятром I установы, імператарскі двор пераехаў у Маскву, дзе П. II памёр ад воспы. З яго смерцю спынілася дынастыя Раманавых па мужчынскай лініі.

т. 12, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТАРЫЯНІ́ЗМ [ад імя англ. каралевы Вікторыі (1837—1901), у час праўлення якой укараняліся негатыўныя адносіны да любых праяўленняў сексуальнага жыцця чалавека],

кірунак маралі, які заключаецца ў пурытанска-аскетычных адносінах да палавога жыцця, адмаўленні значэння пачуццёвасці ва ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны. Паводле яго ўсе плоцевыя пачуцці аб’яўляліся ганебнымі і нават думкі пра секс лічыліся амаральнымі і грэшнымі. Жанчыне прадпісвалася браць шлюб з адзінай мэтай — нараджаць і расціць дзяцей, а любыя праяўленні яе сексуальнай зацікаўленасці лічыліся недапушчальнымі. Да праяўленняў мужчынскай сексуальнасці прыхільнікі віктарыянізму ставіліся больш памяркоўна. Віктарыянізм садзейнічаў пашырэнню фрыгіднасці ў жанчын і псіхагеннай імпатэнцыі ў мужчын.

т. 4, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛА́НТ,

1) у старажытнагрэчаскай міфалогіі — асілак (тытан), які трымаў на сваіх плячах небасхіл. Атлант — бацька сямі плеяд і німфы Каліпсо. Паводле міфаў Персей ператварыў Атланта ў скалу.

2) У архітэктуры атлант — апора ў выглядзе мужчынскай статуі, што падтрымлівае перакрыцці будынка, балкона, порціка і інш. Такія атланты вядомы з антычнасці (храм Зеўса Алімпійскага ў г. Агрыджэнта, Італія, 5 ст. да нашай эры), пашыраны ў архітэктуры 17 — пач. 20 ст. (атланты ратушы ў Тулоне, Францыя, 1656—57; атланты порціка Новага Эрмітажа ў С.-Пецярбургу, 1844—49) і інш.

Атлант ратушы ў Тулоне. Скульптар П.​Пюжэ. 1656—57.

т. 2, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)