БРЭ́СЦКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1905 у Брэсце па праекце інжынера А.​А.​Траццякова.

Першапачаткова П-падобны ў плане 2-павярховы аб’ём, пазней надбудаваны 3-і паверх. Гал. фасад мае 3-часткавую кампазіцыю, у цэнтры і па краях завершаны трохвугольнымі франтонамі над рызалітамі. Сцены дэкарыраваны цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завершаны магутным карнізам на кранштэйнах. У будынку размешчаны навуч. корпус пед. ін-та.

Брэсцкай мужчынскай гімназіі будынак.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры гістарызму. Арх. стылістыка будынка арыентавана на рус. класіцызм. Закладзены ў 1897 на ўшанаванне памяці рас. імператара Аляксандра III, пабудаваны ў 1898 (арх. С.​Шабунеўскі). Мураваны 2-павярховы П-падобны ў плане будынак. Буйныя чляненні гал. фасада і бакавых рызалітаў (больш высокія памяшканні на 2-м паверсе) надаюць будынку манументальнасць. Парадны ўваход гал. фасада вылучаны порцікам з элементамі карынфскага і дарычнага ордэраў і завершаны трохвугольным франтонам. У гады Вял. Айч. вайны часткова разбураны. Пры рэканструкцыі ў бакавых крылах надбудаваны 3-і паверх.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскай мужчынскай гімназіі будынак.

т. 5, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́К (замковы камень) у архітэктуры, камень ці цагліна (звычайна клінападобныя) у вяршыні аркі або скляпення. Дэкар. З. часам упрыгожвалі цэнтр. ч. плоскай перамычкі над аконным праёмам (будынак б. мужчынскай гімназіі ў Гомелі) або парталам. У бел. архітэктуры найб. шырока выкарыстоўваліся ў стылях класіцызму, неакласіцызму, мадэрн, у архітэктуры 1950-х г. З. часта аздаблялі арнаментам, арх. дэталямі (мадульёнамі і інш.), скульптурай.

Замок у афармленні акна будынка былой мужчынскай гімназіі ў Гомелі.

т. 6, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭ́НЦЫЯ СЕКСУА́ЛЬНАЯ,

здольнасць арганізма да сексуальных рэакцый. У сексалогіі ўжываецца выключна ў адносінах мужчынскай сексуальнасці. Уключае ступень напружанасці палавога члена, хуткасць з’яўлення эрэкцыі, магчымасць весці інтэнсіўнае палавое жыццё. Расстройствы П.с. вядуць да імпатэнцыі.

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОМАЛАГІ́ЧНЫЯ ХРАМАСО́МЫ,

парныя, адпаведныя храмасомы, якія маюць аднолькавы набор генаў, падабенства марфалагічных прыкмет і нармальна кан’югіруюць у меёзе. У дыплоідным наборы храмасомы прадстаўлены парамі гомалагічных храмасом, пры гэтым адна з іх прыўнесена мужчынскай гаметай, другая — жаночай. Гомалагічныя храмасомы могуць адрознівацца алелямі генаў і абменьвацца ўчасткамі ў працэсе кросінговеру.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІГО́ТА (ад грэч. zygotos злучаны разам),

клетка, утвораная зліццём мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет) у жывёльных і раслінных арганізмах; пачатковая стадыя развіцця зародка. Ядры гамет зліваюцца ў адно, але храмасомы кожнай гаметы зберагаюць сваю індывідуальнасць. З. мае двайны набор храмасом — дыплоідная фаза развіцця арганізма. Гл. таксама Дыплоід, Апладненне.

т. 7, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГЕЛЬМІ́НТЫКІ, антыгельмінтныя сродкі, проціглісныя сродкі,

лекавыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для лячэння гельмінтозаў. Бываюць прыроднага паходжання (цытвора, экстракт мужчынскай папараці) і сінтэтычныя (хлаксіл, дытразін і інш.). Вынішчаюць гельмінтаў, разбураючы покрывы іх цела (фенасал, гептылрэзарцын), або ўздзейнічаюць на нерв.-мышачную сістэму, прыгнечваюць рухальную актыўнасць паразітаў і забяспечваюць выдаленне іх з арганізма (сантанін, дытразін, піперазін, нафтамон і інш.).

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛО́ІД (ад грэч. diploos двайны + eidos від),

асобіна або клетка з двайным (поўным) наборам гамалагічных пар храмасом. Утвараецца ад зліцця 2 гаплоідных гамет (мужчынскай і жаночай), кожная з якіх мае па аднаму набору храмасом. Дыплоіднымі з’яўляюцца спарафіты вышэйшых раслін, пераважная большасць жывёл, гаметы паліплоідных арганізмаў (гл. Поліплаідыя) або гаметы, якія ўзніклі ў дыплоідных асобін з парушаным меёзам.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙДЫГ ((Leydig) Франц) (21.5.1821, г. Ротэнбург, Германія — 13.4.1908),

нямецкі гістолаг. Замежны чл.-кар. Пецярбург. АН (1897). Праф. ун-таў у Цюбінгене (1857) і Боне (1875). Навук. працы па параўнальнай гісталогіі органаў і тканак пазваночных жывёл і чалавека, гісталогіі беспазваночных. Разам з ням.гістолагам і эмбрыёлагам Р.​А.​Кёлікерам распрацаваў морфафізіял. класіфікацыю тканак (1857), апісаў від тканкі мужчынскай палавой залозы (прамежкавая тканка Л.).

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМФІМІ́КСІС (ад амфі... + грэч. mixis змяшэнне),

звычайны тып палавога працэсу ў жывёл і раслін, пры якім адбываецца зліццё ядраў мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет). Процілегласць апаміксісу. У вузкім сэнсе — зліццё дзвюх няродных гамет ад розных асобін (у адрозненне ад аўтаміксісу). У кветкавых раслін амфіміксіс адбываецца ў форме двайнога апладнення. Тэрмін «амфіміксіс» увёў ням. біёлаг А.​Вейсман (1892) для абазначэння аб’яднання спадчынных субстанцый дзвюх асобін пры апладненні.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)