АНТЫГЕЛЬМІ́НТЫКІ, антыгельмінтныя сродкі, проціглісныя сродкі,
лекавыя сродкі, якія выкарыстоўваюцца для лячэння гельмінтозаў. Бываюць прыроднага паходжання (цытвора, экстракт мужчынскай папараці) і сінтэтычныя (хлаксіл, дытразін і інш.). Вынішчаюць гельмінтаў, разбураючы покрывы іх цела (фенасал, гептылрэзарцын), або ўздзейнічаюць на нерв.-мышачную сістэму, прыгнечваюць рухальную актыўнасць паразітаў і забяспечваюць выдаленне іх з арганізма (сантанін, дытразін, піперазін, нафтамон і інш.).
т. 1, с. 395
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)