ДЫБЕ́НКА (Павел Яфімавіч) (28.2.1889, с. Людкаў Чарнігаўскай вобл., Украіна — 29.7.1938),

савецкі ваен. дзеяч. Камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1922). З 1911 матрос Балт. флоту, у 1915—17 праследаваўся ўладамі за рэв. дзейнасць. Старшыня Цэнтрабалта (1917), удзельнічаў у падрыхтоўцы Кастр. рэвалюцыі 1917 (арыштаваў ген. П.М.Краснова). Чл. 1-га сав. ўрада, адзін з арганізатараў сав. ВМФ. З 1918 на камандных пасадах у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны (ваяваў пераважна на Украіне), каманд. войскамі Сярэднеазіяцкай, Прыволжскай і Ленінградскай ваен. акруг (1928—38). Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў пра рэв. рух на Балт. флоце.

т. 6, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЦЬКО́ (Павел Пятровіч) (14.2.1901, в. Калядзічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 14.12.1986),

дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст. Чл. КПЗБ з 1924. Ствараў арг-цыі КПЗБ і КСМЗБ у Палескім ваяв. У 1925—27 зняволены польск. ўладамі ў турму. Уцёк праз Германію і Францыю на Кубу. У 1927—37 на падп. рабоце ў Кампартыі Кубы. Удзельнік нац.-рэв. вайны ў Іспаніі 1937—38. З канца 1938 у Францыі, потым зноў на Кубе, дзе працаваў у апараце ЦК Кампартыі. У час 2-й сусв. вайны матрос гандл. флоту ЗША, які дастаўляў грузы ў СССР. З 1949 на радзіме, зведаў ганенні.

М.​П.​Клімец.

т. 3, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК.

Створаны ў Гомелі ў 1968 з групы лялечнікаў, якая з 1963 працавала пры Гомельскім абл. драм. т-ры. Адкрыўся спектаклем «Снягурчына школа» Г.​Ландаў. У спектаклях т-ра выкарыстоўваюцца лялькі розных сістэм (трысцінавыя, пятрушкі, планшэтныя, плоскасныя, маскі); прыём адкрытага валодання лялькай спалучаецца з дзеяннем акцёра ў жывым плане. У рэпертуары т-ра: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Каб не змаўкаў жаваранак» і «Чортаў скарб» А.​Вольскага, «Свецяць зорачкі калядныя» (інсцэніроўка У.​Матроса), «Кветка папараці» Г.​Каржанеўскай, «Казка пра храбрага салдата» Я.​Шварца, «Казка пра цара Салтана» паводле А.​Пушкіна, «Чалавек з хвастом» Р.​Остэра, «Бука» М.​Супоніна, «Запалка-невялічка» Г.​Сцяфанава, «Халоднае сэрца» Ю.​Каранца, «Здарэнне ў лялечным тэатры» А.​Барысавай, «Алі-баба і разбойнікі» У.​Маслава, «Калабок» Я.​Патрыка, «Я — кураня, ты — кураня» Г.​Усач і Я.​Чапавецкага, «Аперацыя — ліквідацыя» М.​Азава і В.​Міхайлоўскага, «Мой тата — воўк» У.​Арлова і інш. Гал. рэжысёры: В.​Чарняеў (1968—85), У.​Матрос (з 1986), гал. мастакі: А.​Чабатароў (1968—78), Н.​Баяндзіна (з 1980).

Гомельскі абласны тэатр лялек. Сцэна са спектакля «Я — кураня, ты — кураня» Г.​Усач і Я.​Чапавецкага.

т. 5, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЁ ((Milhaud) Дарыюс) (4.9.1892, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 22.6.1974),

французскі кампазітар, дырыжор, муз. крытык. Чл. франц. Акадэміі прыгожых мастацтваў (1956). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі ў Ш.​М.​Відора (кампазіцыя), П.​Дзюка (дырыжыраванне), у «Схола кантарум» у В. д’Эндзі. У 1916—18 працаваў у Бразіліі. Адзін з чл. «Шасцёркі». Удзельнічаў у рабоце Нар. муз. федэрацыі. У 1939—45 у ЗША. У 1945—62 праф. Парыжскай кансерваторыі. У творчасці напачатку захапляўся фармальным наватарствам, праціўнік рамантызму. Пазней прыйшоў да больш ураўнаважанага стылю. У яго музыцы, нярэдка політанальнай, рытмічна імпульсіўнай, дакладна прасочваецца фалькл. аснова. Сярод твораў: оперы «Эўменіды» (3-я частка трылогіі «Арэстэя» паводле Эсхіла, нап. 1922, трылогія поўнасцю з муз. М. паст. ў 1963), «Няшчасці Арфея» (паст. 1926), «Бедны матрос» (паст. 1927), 3 оперы-мінуткі — «Выкраданне Еўропы» (паст. 1927), «Пакінутая Арыядна» і «Вызваленне Тэсея» (паст. 1928), «Хрыстафор Калумб» (паст. 1930), «Максімілян» (паст. 1932), «Балівар» (паст. 1950), «Давід» (паст. 1955), «Злачынная маці» (паст. 1966); балеты «Бык на даху» (паст. 1920), «Стварэнне свету» (паст. 1923), «Блакітны экспрэс» (паст. 1924), «Званы» (паст. 1946), «Галіна птушак» (1959, паст. 1965); кантаты; хар. сімфонія «Мір на зямлі» (1963); 12 сімфоній (1939—61); канцэрты для інструментаў з арк., камерна-інстр. ансамблі; п’есы для фп.; для аргана; для голасу і фп.; музыка для т-ра і кіно. Аўтар кніг, у т. л. мемуараў (1949).

Літ.:

Филенко Г. Мийо // Музыка XX в.: Очерки. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;

Кокорева Л. Д.​Мийо: Жизнь и творчество. М., 1986.

т. 10, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў ЗША 1861—65, Сецэсійная вайна, Другая Амерыканская рэвалюцыя,

узброены канфлікт паміж паўд. і паўн. штатамі ЗША. Выклікана абвастрэннем у 1850-я г. праблемы рабства неграў (узбр. барацьба паміж фермерамі і плантатарамі-рабаўладальнікамі за свабодныя землі ў Канзасе, узмацненне абаліцыянізму, у т. л. паўстанне Дж.Браўна і інш.). Непасрэдная прычына — рэакцыя рабаўладальнікаў паўд. штатаў на выбранне прэзідэнтам ЗША кандыдата ад Рэсп. партыі (засн. ў 1854) А.Лінкальна, які выступаў супраць рабства. Убачыўшы ў гэтым пагрозу свайму панаванню ў федэральных органах улады (плантатары належалі да Дэмакр. партыі) і існаванню сістэмы рабства ў краіне, улады штатаў Паўд. Караліна, Місісіпі, Фларыда, Алабама, Джорджыя, Луізіяна, Тэхас у канцы 1860 — пач. 1861 па чарзе здзейснілі сецэсію (аддзяленне) ад амер. федэрацыі. Гэтыя рабаўладальніцкія штаты ў лют. 1861 у г. Мантгомеры ўтварылі Канфедэрацыю (з 20.7.1861 яе сталіца г. Рычманд) на чале з прэзідэнтам Дж.​Дэвісам, у крас.чэрв. 1861 да яе далучыліся Віргінія, Арканзас, Паўн. Караліна, Тэнесі — усяго 11 з 34 штатаў ЗША. Паводле прынятай у Канфедэрацыі канстытуцыі асновай яе эканам. і паліт. ладу абвешчана рабства. Пры садзейнічанні ўрада прэзідэнта ЗША Дж.​Б’юкенена ў перыяд паміж выбраннем (6.11.1860) і ўступленнем на пасаду Лінкальна (4.3.1861) сецэсіяністам перададзена 500 тыс. ружжаў, 15 тыс. з 16 367 федэральных вайскоўцаў адпраўлены далёка на Захад. 12—14.4.1861 сецэсіяністы абстралялі стратэг. федэральны форт Самтэр каля г. Чарлстан і прымусілі капітуляваць яго гарнізон. 15.4.1861 Лінкальн абвясціў паўд. штата мяцежнымі і прызваў 75 тыс. добраахвотнікаў (усяго за час вайны амаль 2,9 млн. чал.), 19 і 27 крас. распарадзіўся аб марской блакадзе ўзбярэжжа Канфедэрацыі. На 1-м (т.зв. канстытуцыйным) этапе вайны (1861—62), калі асн. баявыя дзеянні разгарнуліся на тэр. штата Віргінія на напрамку Вашынгтон—Рычманд, паўночнікі з-за недахопу сіл не здолелі акружыць тэр. Канфедэрацыі і прымусіць мяцежнікаў да міру (план «Анаконда»). Яны недаацанілі праціўніка (6.3.1861 Дэвіс прызваў 100 тыс. добраахвотнікаў, за вайну — 1,9 млн. чал.), дзейнічалі недастаткова рашуча і пацярпелі буйныя паражэнні каля Манасаса (21.7 і 30.8.1861), Фрэдэрыксберга (11—13.12.1862) і інш. На З і Пд у даліне Місісіпі федэральныя часці пад камандаваннем генералаў У.Гранта і Б.​Батлера ва ўзаемадзеянні з эскадрай камадора Д.​Фарагута вясной 1862 занялі Мемфіс, Карынф і Новы Арлеан. Пад уплывам радыкальных рэспубліканцаў, хваляванняў на фронце і ў тыле ўрад Лінкальна ў 1862 выдаў білі аб канфіскацыі маёмасці мяцежнікаў, пакаранні смерцю за здраду ЗША, Гомстэд-акт, пракламацыю аб вызваленні рабоў у мяцежных штатах (з 1.1.1863). У ходзе 2-га этапа (1863—65) федэральныя ўзбр. сілы, у складзе якіх ваявала нямала рабочых, фермераў, імігрантаў (немцы, ірландцы, італьянцы, венгры, палякі, рускія, канадцы, кітайцы і інш.), сацыялістаў (гл. І.Вейдэмеер), папоўнены таксама неграмі (186 тыс. чал., яшчэ 250 тыс. у тылавых часцях). Пасля бітваў каля Гетысберга (1—3.7.1863) і Чатанугі (23—25.11.1863), авалодання ключавым портам Віксберг на Місісіпі (4.7.1863) ваен. ініцыятыва перайшла да федэральнага боку. У 1863 у Сан-Францыска і Нью-Йорк 2 эскадры накіравала Расія, якая з часоў Крымскай вайны 1853—56 сапернічала з Вялікабрытаніяй і Францыяй (апошнія падтрымлівалі мяцежнікаў). Гэта садзейнічала ўзмацненню міжнар. пазіцый урада Лінкальна. У выніку наступлення (пачалося ў маі 1864) паводле распрацаванага Грантам (з сак. 1864 галоўнакаманд.) ген. плана, асабліва т.зв. «маршу да мора» цераз тэр. штата Джорджыя, федэральныя арміі расчлянілі тэр. Канфедэрацыі, 3.4.1865 занялі Рычманд. 9.4.1865 у пас. Апаматакс галоўнакаманд. мяцежнікаў ген. Р.​Лі падпісаў акт аб капітуляцыі. Рэшткі ўзбр. сіл Канфедэрацыі супраціўляліся да 2.6.1865. Грамадз. вайна была найб. кровапралітнай у гісторыі ЗША (з абодвух бакоў загінула каля 620 тыс. чал.). У выніку перамогі паўночнікаў у гэтай вайне, якая была 1-й фазай другой Амер. рэвалюцыі (2-я фаза — Рэканструкцыя Поўдня 1865—77), адноўлена ў былым складзе штатаў дзяржава, ліквідавана рабства неграў, вырашана зямельнае пытанне. Гл. таксама «Алабама», Манітор.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988;

Фонер Э. Рабство, гражданская война и реконструкция: новейшая историография // Новая и новейшая история. 1991. № 6;

Арсеньев В. Американская экспедиция русского флота в 1863—1864 гг. // Морской сб. 1995. № 1.

У.​Я.​Калаткоў.

Да арт. Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. Першы дзень бітвы каля Гетысберга (1863). Карціна Дж.​Уокера. Музей ваеннай акадэміі ў Уэст-Пойнце, ЗША.
Да арт. Грамадзянская вайна ў ЗША 1861—65. I. Адзенне воінаў узброеных сіл паўночнікаў: 1 — капрал кавалерыі ў зімовым шынялі; 2 — радавы пяхоты; 3 — капітан кавалерыі ў поўнай параднай форме; 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — стралок лёгкай пяхоты. II. Абмундзіраванне арміі і флоту жыхароў Поўдня: 1 — сяржант кавалерыі (1862); 2 — радавы пяхоты (1861—62); 3 — радавы пяхоты (1863—65); 4 — капітан ВМФ; 5 — матрос; 6 — радавы артылерыі.

т. 5, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)