ЯФРЭ́ЙТАР (ад ням. Gefreiter),

1) вайсковае званне ў арміях шэрагу краін, у т. л. ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь. З’явілася ў 17 ст. ў Германіі. Захавалася ў арміях Расіі (уведзена ў 1716), Германіі, Аўстра-Венгрыі і інш. У артылерыі рас. арміі Я. адпавядаў бамбардзір, у казацкіх войсках — прыказны. У Сав. Арміі з ліст. 1940 — салдацкае вайсковае званне, што ішло за радавым; прысвойвалася камандзірам часці за службовыя адзнакі ў выглядзе заахвочвання. У ВМФ адпавядае вайсковаму званню старшы матрос.

2) У арміях некат. краін Я. — першаснае вайсковае званне малодшых камандзіраў (сяржантаў).

т. 18, кн. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)