род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Уладзімір Барысавіч) (13.2.1912, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 6.8.1977),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Звязда», «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». Літ. дзейнасць пачаў у 1944 як крытык. Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952), «Крылаты ўзлёт» (1966). З 1949 выступаў як празаік. Творы прысвечаны барацьбе бел. партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць ням.-фаш. захопнікаў, жыццю рабочых і інтэлігенцыі: аповесць «Без нейтральнай паласы» (1949), раманы «За годам год» (1955—56), «Вясеннія ліўні» (1959—60), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1969). Аўтар кн. ўспамінаў і апавяданняў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Даследаваў творчасць К.Чорнага, М.Лынькова, К.Крапівы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1983—85.
Літ.:
Успаміны пра Уладзіміра Карпава. Мн., 1991;
Грамовіч І. Адчуваў пульс жыцця // Грамовіч І. У сховах памяці і сэрца. Мн., 1983;
Грахоўскі С. Недапіты бярозавік // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці з інш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.
Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСЬ (Алена Георгіеўна) (н. 22.1.1933, Вільнюс),
бел. графік. Скончыла Дзярж.маст.ін-т Літвы (1955). Творам уласцівы сувязь з бел.нар. традыцыямі, прастата і яскравасць выяўл. мовы. Вядома як мастак дзіцячай кнігі («Вераб’ёвы госці» А.Якімовіча, 1960; «Дударык», 1964, і «Ладачкі-ладкі», 1977, В.Віткі; «Скарб» З.Бядулі, 1965, 1975; «Кую-кую ножку», 1967, «Азбукі», 1997, А.Дзеружынскага; «Калыханкі», 1995; «Грыбок, грыбок, выстаў лабок» У.Ягоўдзіка 1997; бел. казкі «З рога ўсяго многа», 1968, «Залатая яблынька», 1974, «Разумная дачка», 1988; «Канёк-гарбунок» П.Яршова, «Крылаты цэх» В.Лукшы, абедзве 1982; «Слова пра паход Ігаравы», 1986). Сярод станковых твораў серыі «Дзеці Белавежы» (1966), «Песні заходніх славян» (1974), «Партрэты беларускіх пісьменнікаў» (1979), «Пад палескімі дубамі» (1981), на ляўкоўскія вершы Я.Купалы (1982), «Людзі на Прыпяці» (1984—89), «Ружанскія паданні» (1991), «Народныя беларускія калыханкі» (1992—93), цыкл малюнкаў да твораў Я.Коласа «Казкі жыцця» (1998). Некаторыя творы стылістычна пераклікаюцца з нар. лубком. Працуе таксама ў жывапісе.
Тв.:
Дзесяць дзён у Барку. Мн., 1984.
Літ.:
Латун З.І. Алена Лось. Мн., 1977.
А.Лось. Ілюстрацыя да «Слова пра паход Ігаравы». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́КША (Валянцін Антонавіч) (н. 16.11.1937, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦККПСС (1976). З 1956 працаваў у Пензенскай аэрафоталесаўпарадчай экспедыцыі, інструктарам Полацкага гаркома ЛКСМБ, у трэсце «Нафтабуд» (Полацк). З 1961 журналіст, з 1973 на Бел. радыё, у 1980—98 дырэктар выд-ва «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Асн. матывы яго паэзіі — расказ пра моладзь, рамант. героіка прац. будняў, мінулае і сённяшняе роднага краю, карціны побыту краін, дзе пабываў сам (зб-кі «Гарады нараджаюцца сёння», 1964; «Атава», 1969; «Споведзь», 1973; «Агонь і попел», 1989; «Агні далёкіх гарадоў», 1992; паэма-хроніка «Белыя берагі», 1981; гераічная драма-паэма «Падснежнікі для Веры», 1986). Аўтар кніг публіцыстыкі і нарысаў «Наша, полацкая прафесія» (1966), «Рамантыкі шасцідзесятых» (1967), «Дзесяць дарог да чароўнага» (1970), «Полацк» (1973), радыёп’ес «Інтэгралы на цэгле» (1974), «Мая радня» (1975), «Свае крылы» (1976); лібрэта радыёоперы К.Цесакова паводле «Палескай хронікі» І.Мележа «Барвовы золак» (паст. 1979); п’ес «Калі вяртаюцца буслы» (1982), «Пад шыфрам «Зорачка» і «Чароўны камень» (абедзве 1985), «Прывіды з могільніка аўтамабіляў» (1990) і інш. Выдаў кнігі вершаў і казак для дзяцей «Аркестр» (1972), «Зялёная бальніца» (1974), «Лета — круглы год» (1978), «Крылаты цэх» (1982), «Як Ліса вучылася лётаць» (1991) і інш., сатыр. і гумарыстычных вершаў і фельетонаў «Радзімыя плямы» (1982). На вершы Л. напісана шмат песень. Літ. прэмія імя П.Броўкі 1994. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.