КА́РПАЎ (Уладзімір Барысавіч) (13.2.1912, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 6.8.1977),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Звязда», «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». Літ. дзейнасць пачаў у 1944 як крытык. Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952), «Крылаты ўзлёт» (1966). З 1949 выступаў як празаік. Творы прысвечаны барацьбе бел. партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць ням.-фаш. захопнікаў, жыццю рабочых і інтэлігенцыі: аповесць «Без нейтральнай паласы» (1949), раманы «За годам год» (1955—56), «Вясеннія ліўні» (1959—60), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1969). Аўтар кн. ўспамінаў і апавяданняў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Даследаваў творчасць К.Чорнага, М.Лынькова, К.Крапівы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1983—85.
Літ.:
Успаміны пра Уладзіміра Карпава. Мн., 1991;
Грамовіч І. Адчуваў пульс жыцця // Грамовіч І. У сховах памяці і сэрца. Мн., 1983;
Грахоўскі С. Недапіты бярозавік // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986;